Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў выбарчай кампаніі па абраньні прэзыдэнта Беларусі заканчваецца збор подпісаў выбарцаў на карысьць патэнцыйных кандыдатаў. І сёньня ж тыя кандыдаты ў прэзыдэнты, чые ініцыятыўныя групы пераадолелі мяжу ў 100 тысяч подпісаў, мусяць здаць іх на праверку ў раённыя камісіі.

Прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду ў Беларусі, як жартуюць, футбольная каманда. І сапраўды, іх ужо 11. Аляксандар Лукашэнка нібыта мае больш за мільён подпісаў, Уладзімер Някляеў — больш за 200 тысяч, астатнія — больш за 100 тысяч.

Патэнцыйныя прэтэндэнты хвалююцца, ці ўсе аркушы трапяць у камісіі. Факт прыёму падпісных аркушаў фіксуецца ў спэцыяльным журнале. Але гэтага недастаткова, лічыць кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч.
Алесь Міхалевіч

Ён нават паслаў у Цэнтравыбаркам дзьве прапановы: раённыя камісіі, акрамя запісу ў журнале, даюць расьпіскі, і ў іх пазначаюць дакладную колькасьць подпісаў. Спадар Міхалевіч тлумачыць неабходнасьць дадатковай працэдуры так:

"Для таго, каб у штабе кандыдата мець дакладную інфармацыю пра здадзеныя подпісы, недастаткова словаў мясцовых кіраўнікоў. Яны кажуць, што мы здалі там столькі, там столькі... Але калі справа дойдзе да суду, то фактам пацьверджаньня здачы былі б расьпіскі з раённых камісій. Яны прыкладаліся б і сьведчылі пра тое, што подпісаў сапраўды пададзена больш за 100 тысяч".

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік гаворыць, што ён разумее занепакоенасьць патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты:

"Магчыма, прапановы і слушныя. Таму што кожнаму патэнцыйнаму кандыдату хочацца мець нейкі дакумэнт, дзе было б пазначана, колькі подпісаў сябры яго ініцыятыўнай групы аднесьлі ў тэрытарыяльныя камісіі. Але ў гэтых камісіях ёсьць спэцыяльныя журналы. Там запісваецца, колькі аркушаў прынята. І ставяць подпісы сябры камісіі і сябры ініцыятыўнай групы. І не прыходзіцца ставіць пад сумнеў, што гэтыя аркушы дзесьці зьнікнуць.

Мікалай Лазавік
А лічыць колькасьць подпісаў у аркушах тэрытарыяльныя камісіі ня будуць. Таму што, калі прынясуць некалькі сотняў падпісных аркушаў, ды яшчэ падлічваць іх колькасьць?! Гэта будзе пазьней, калі камісіі будуць правяраць подпісы".

Мікалай Лазавік сказаў "Свабодзе", што да яго зьвярталіся сябры некаторых ініцыятыўных групаў з просьбаю атрымаць расьпіскі:

"Я рэкамэндаваў тэрытарыяльным камісіям паступаць такім чынам. Калі сябры ініцыятыўнай групы напісалі такую даведку, то я раіў сябрам тэрытарыяльнай камісіі падпісваць яе. Тут нічога супрацьзаконнага няма. Але ж камісіі і не абавязаныя гэтага рабіць".

Алесь Міхалевіч кажа, што яго ініцыятыўная група ўжо аднесла на праверку 60 тысяч подпісаў. Цікаўлюся, ці многа расьпісак атрымана? У адказ чую:

"Наколькі я ведаю, яшчэ ні разу нікому не давалі расьпіску ў атрыманых подпісах".

Раённым камісіям на праверку подпісаў даецца 10 дзён. Спачатку правяраецца ня менш за 20% подпісаў, якія здалі ў камісію. Калі выбракоўка перавышае 15% ад правераных, то правяраюць дадаткова яшчэ 15% ад здадзеных подпісаў. І калі сумарная колькасьць несапраўдных подпісаў складзе больш за 15% ад агульнай колькасьці правераных, то ня ўлічваюцца ўсе подпісы, якія паступілі ў камісію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG