Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Шарах: Без незалежнага прафсаюзу рабочы асуджаны на паразу


Сёньня на заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік» у Барысаве адбыўся пажар. Гарэў гальванічны цэх. «Пажар быў патушаны менш чым за паўгадзіны. Ахвяраў няма, пацярпелых няма, нікога не эвакуавалі, удакладняецца прычына пажару», — паведаміў Інтэрфаксу прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сытуацыях

За апошнія дні гэта ўжо ня першае паведамленьне пра пажары на беларускіх прадпрыемствах.

Цягам апошніх трох гадоў на прадпрыемствах Беларусі загінулі больш як 600 чалавек, у тым ліку ўжо сёлета — 165. Галоўнай прычынай гэтых трагедый экспэрты называюць невыкананьне кіраўнікамі і спэцыялістамі абавязкаў па ахове працы.


Пасьля аварыі на заводзе "Пінскдрэў", у якой загінулі людзі, суполка Свабоднага прафсаюзу полацкага прадпрыемства "Шкловалакно" выступіла з ініцыятывай стварыць на сваім прадпрыемстве камісію па ахове працы. Наш сёньняшні госьць Мікола Шарах, намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага працуе памочнікам майстра якраз на "Шкловалакне".

Знаткевіч: Раскажыце, калі ласка, хто будзе ў гэтай камісіі, чым яна будзе займацца, якія ў яе паўнамоцтвы?

Шарах: Па-першае, хацелася б сказаць пра тое, чаму ўзьнікла патрэба ў гэтай камісіі. Гэта ня выдумка нашага прафсаюзу, нашай суполкі, з тым каб стварыць нейкую бюракратычную структуру. Проста ёсьць рэальная патрэба кантраляваць тое, як выконваюцца нормы аховы працы на прадпрыемстве. Гэта ня значыць, што нашае прадпрыемства самае дрэннае ці там шмат парушэньняў і ніхто за гэта не пакараны. Справа ў тым, што праца па адсочваньні парушэньняў – штодзённая, паўсядзённая і павінна выконвацца на ўсіх прадпрыемствах. Рабочыя павінны быць кваліфікавана падрыхтаванымі да гэтага. Таму адна з задачаў гэтай камісіі – якраз распаўсюджваньне інфармацыі пра тыя нормы, якія існуюць, каб рабочыя даведваліся пра свае правы і што яны маюць патрабаваць.

Знаткевіч: А хто будзе ў камісіі?

Шарах: У склад камісіі ўключана шэсьць чалавек. Большая частка зь іх – гэта людзі, якіх ужо падрыхтавалі. Была праца на ўзроўні БКДП, на працягу двух гадоў праводзіліся сэмінары па падрыхтоўцы сяброў камісіі па ахове працы, нам дапамагаў галяндзкая прафсаюзная фэдэрацыя FNV, адкуль прыяжджалі трэнэры і інфармавалі нас на прыкладах таго, як гэта адбываецца ў Галяндыі – як там прафсаюзы працуюць у сфэры аховы працы. З гэтымі напрацоўкамі мы зь сябрамі знаёміліся, і на гэтай аснове стварылася камісія.

Знаткевіч: Наколькі на вашым прадпрыемстве прытрымліваюцца тэхнікі бясьпекі ў вытворчасьці? Ці даводзілася вам змагацца з начальствам у сувязі зь нейкімі парушэньнямі?

Шарах: Ну, гэта практыка штодзённая. Я не кажу, што ў нас паміраюць людзі кожны дзень, але ўмовы працы – гэта тое, на чым наймальнік сьвядома ці несьвядома спрабуе ўвесь час зэканоміць, каб зьнізіць сабекошт прадукцыі. Хоць лепей было б эканоміць, зьніжаючы нейкія адміністрацыйныя выдаткі на ўтрыманьне бюракратычнага апарату. Але тут прасьцей, бо рабочыя менш супраціўляюцца і не заўсёды ведаюць, што наймальнік павінен траціць грошы на іх нармальныя, здаровыя ўмовы працы.

Вось напрыклад сёлета – мы памятаем, якое было сьпякотнае лета, але гэта ня значыць, што рабочыя павінны былі пакутаваць і цярпець, слухаючы расказы наймальніка, што ён нічога ня можа з гэтым зрабіць. Ёсьць пэўныя кампэнсацыйныя меры, якія наймальнік павінен быў выкарыстоўваць для кампэнсацыі таго, што не забясьпечваюцца аптымальныя ўмовы на рабочых месцах – і гэта таксама трэба было патрабаваць, і мы патрабавалі. На нашым прадпрыемстве ўводзіліся на нашыя патрабаваньні зьменшаныя нормы выпрацоўкі, у гарачыя дні людзі дадаткова забясьпечваліся мінэральнай вадой.

А прыйдзе зіма – будзе ўжо іншая сытуацыя, будуць праблемы ў розных месцах, і трэба будзе ўвесь час пра гэта нагадваць і патрабаваць – толькі тады нешта будзе рабіцца. Бо наша заканадаўства мае рэпрэсіўны накірунак, што ня вельмі добра – яно прымушае кіраўніцтва, адміністрацыю прыхоўваць надзвычайныя здарэньні, якія часам адбываюцца. Цяпер мы сталі пра іх больш ведаць, раней ведалі менш, але гэта ня значыць, што іх было менш. Іх прыхоўвалі, бо калі пра гэта станавілася вядома, адміністрацыя цярпела пакараньні. Замест таго, каб гэтыя здарэньні разглядаліся, знаходзіліся прычыны, каб такога больш не паўтаралася, іх хавалі – і гэта вяло да больш цяжкіх наступстваў.

Знаткевіч: Вы маеце кантакт зь іншымі прадпрыемствамі – наколькі з вашага досьведу гэта тыпова для Беларусі, калі тэхніка бясьпекі парушаецца, і ў прыватнасьці, калі начальства прымушае падначаленых да такіх парушэньняў?

Шарах: Тут зноў жа штодзённая практыка, калі, напрыклад, начальнік прымушае рабочага працаваць на няспраўным абсталяваньні, бо ёсьць норма і плян, якія трэба выконваць, а запчастак іншы раз не хапае, дык проста прымушаюць адміністрацыйнымі мэтадамі. Рабочыя не прывыклі супраціўляцца, яны ня ведаюць тое, што паводле заканадаўства можна нават адмовіцца ад выкананьня працы, якая нясе небясьпеку яго жыцьцю і здароўю. У нас такіх прэцэдэнтаў проста няма, я яшчэ нідзе не чытаў, каб недзе рабочыя на гэтай умове адмовіліся выконваць сваю працу. У іншых дзяржавах, напрыклад у Расеі – такое здараецца.

У нас рабочыя не адмаўляюцца, таму іх прымусіць вельмі лёгка. Таму што ў нас кантрактная сыстэма, якая робіць чалавека бяспраўным перад сваім начальнікам. Бо калі ты сёньня не згадзіўся зрабіць тое, што ад цябе патрабавалі, то заўтра з табой не працягнуць кантракт, а працу за цябе зробіць іншы.

Знаткевіч: Што можа зрабіць чалавек супраць такога прымусу начальства, калі, напрыклад, няма незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве?

Шарах: Першае, што трэба – стварыць незалежны прафсаюз. Бо самая цяжкая праца – гэта змагацца работніку аднаму супраць адміністрацыйнай машыны прадпрыемства. Ён у няроўных умовах і ня здольны змагацца, ня здольны перамагчы.

Здольныя нечага дасягнуць толькі рабочыя, аб'яднаныя ў прафсаюз. Прафсаюз як структура абязьлічвае таго, хто змагаецца. Змагаецца ўжо не канкрэтны чалавек, а структура, якая выводзіць з-пад удару людзей, з-пад перасьледу начальства, яна бярэ на сябе функцыю змаганьня, і таму тады лягчэй дасягнуць нейкай мэты. Пакуль людзі гэтага не разумеюць – праўда, ёсьць людзі сьмелыя, якія пачынаюць змагацца самі – яны у рэшце рэшт пацерпяць паразу, бо адміністрацыйная машына мае значна больш рэсурсаў, чым адзін асобны чалавек, і вельмі лёгка яго перамагае.

Знаткевіч: Ці ёсьць сэнс зьвяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, якія павінны сачыць за такімі рэчамі – у Дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы?

Шарах: Сэнс зьвяртацца заўсёды ёсьць, цяпер вельмі добра працуе мэханізм рэагаваньня на лісты працоўных. Яны абавязаны даваць адказы, як бы гэтага ім хацелася ці не хацелася, а адказ – гэта ўжо дакумэнт, на які можна далей спасылацца. Так што першае, што трэба рабіць – трэба скардзіцца. Праўда, цяпер функцыі тых структураў – Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы – былі абмежаваныя ўказам прэзыдэнта, цяпер яны менш могуць праводзіць тых праверак, якія мы ў сваёй практыцы выкарыстоўвалі, і гэта давала добры плён. Але гэта цягне за сабой перасьлед канкрэтнага чалавека, калі за ім няма прафсаюзу. Яму будзе вельмі цяжка потым трымацца.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG