Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зюганаў прыехаў, каб прадухіліць непрызнаньне Крамлём беларускіх выбараў?


Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Сёньня ў Менску Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь лідэрам КПРФ Генадзем Зюганавым. «Я вам удзячны за тое, што хоць адзін чалавек у Расеі адгукнуўся на ўсё тое, што адбываецца, і прапанаваў, як вы сказалі, тэрмінова абмеркаваць праблемы, каб пераканацца ў тым, што ж на самой справе адбываецца», — заявіў Лукашэнка. Ці патрапіць кіраўнік Беларусі паўплываць на пазыцыю расейскага кіраўніцтва празь Зюганава? Якая галоўная мэта візыту лідэра расейскай кампартыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.


Цыганкоў: У 90-я гады Лукашэнка даволі часта імкнуўся ўплываць на Крэмль, сустракаючыся з кіраўнікамі расейскай апазыцыі, а таксама губэрнатарамі, якія мелі напружаныя адносіны з Масквой. Ці можна сказаць, што сёньняшняя сустрэча зь Зюганавым можа неяк паўплываць на пазыцыю Крамля, што Лукашэнка мае ў Расеі нейкае сваё лобі?

Коктыш: Не, вядома, гэта наўрад ці паўплывае на пазыцыю Крамля. Але такой праблемы і няма. Галоўным пытаньнем для Лукашэнкі ёсьць легітымізацыя сваёй перамогі на выбарах. Зюганаў тут патрэбны як больш-менш легітымны прадстаўнік істэблішмэнту Расеі, які можа пацьвердзіць, што Расея прызнае гэтыя выбары як выбары. Патрэба ў Зюганаве — унутрыбеларуская, і яна ня мае ніякага дачыненьня да беларускага ўплыву на расейскім палітычным полі.
Патрэба ў Зюганаве — унутрыбеларуская.

Цыганкоў: Зюганаў у Менску заявіў, што ня мае сумневу ў перамозе Лукашэнкі на выбарах прэзыдэнта ў першым туры. Ці можна сказаць, што сваёй паездкай Зюганаў хоча прадухіліць магчымае непрызнаньне Крамлём вынікаў выбараў у Беларусі?

Коктыш: Так, як мне здаецца, гэта і ёсьць галоўная прагматыка візыту Зюганава ў Беларусь. Камуністы так ці інакш зьяўляюцца прадстаўнікамі расейскай палітычнай супольнасьці, і намінальна маюць нейкае права рабіць заявы ад імя гэтай супольнасьці. Таму гэта зьяўляецца нейкай гульнёй Зюганава, каб такім чынам зарабіць ачкі на палітычным полі Расеі.

Цыганкоў: Наколькі сёньня чуваць голас расейскіх камуністаў у расейскім грамадзтве? Ці знаходзяць водгук іхнія погляды ў тым выпадку, калі яны супярэчаць поглядам кіраўнікоў Расеі?

Коктыш: Камуністы мелі нейкія свае шанцы ў 90-я гады, але даўно ўжо іх згубілі. Цяпер гэта безнадзейна маргінальны бок, які ня мае ніякіх шанцаў на перамогу. Яны ня маюць шанцаў захапіць уладу над думкамі расейцаў. І не таму, што камунізм не актуальны — левыя ідэя акурат могуць быць вельмі моцна запатрабаваныя расейскім насельніцтвам. Але канкрэтна гэтыя камуністы — вельмі благое ўвасабленьне левай ідэі, на думку расейскага выбаршчыка. Сёньняшняя КПРФ пакуль ня мае ніякіх шанцаў перайсьці з пэрыфэрыі ў мэйнстрым палітычнага жыцьця.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG