Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Севярынец: На апазыцыянэраў кідаюцца тыя, хто шмат глядзіць БТ


Тацяна Севярынец і Вадзім Кузьмін

Тацяна Севярынец і Вадзім Кузьмін

Кастрычніцкі райсуд Віцебску аштрафаваў на 700 тысяч рублёў Аляксандра Гайдукова, які 18 кастрычніка публічна зьневажаў удзельнікаў пікету па зборы подпісаў за вылучэньне апазыцыянэраў на кандыдатаў у прэзыдэнты і пагражаў ім фізычнай расправай. Пра сябе ён казаў, што мае сувязі ў КДБ і міліцыі, што ўваходзіць у «групу Лукашэнкі» і таму не баіцца ніякіх пакараньняў.

На судовае пасяджэньне Аляксандар Гайдукоў зьявіўся зь сінякамі на твары, увесь час жаваў жуйку і паводзіў сябе агрэсіўна ў дачыненьні да тых, хто ініцыяваў супраць яго судовую справу:

«Я ня ведаю, што тут наплятуць гэтыя грамадзяне. Ці ёсьць у іх доказы, відэаздымкі, нешта яшчэ? Бо ўсё гэта — інсынуацыі!»

Падсудны пачаў з таго, што ўвогуле ня быў 18 кастрычніка каля плошчы Свабоды, дзе стаяць пікеты па зборы подпісаў. Потым заявіў, што пікетоўцы самі навязьліва да яго зьвярталіся, каб ён падпісаўся за патэнцыйных кандыдатаў, а ён, маўляў, прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі і падпісвацца ня будзе.

Зь пісьмовых тлумачэньняў, якія Аляксандар Гайдукоў даваў у міліцыі пасьля затрыманьня, судзьдзя Алеся Жарыкава ўсё ж зразумела, што затрымалі яго менавіта каля пікетоўцаў. І міліцыянт Мікалай Яршоў, які затрымліваў хулігана, таксама пацьвердзіў, што той брыдкасловіў і паводзіў сябе нахабна.

Паводле паказаньняў Вадзіма Кузьміна, сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука, невядомы хуліган тэрарызаваў пікетоўцаў некалькі дзён запар:

Падыходзіць і мацюкаецца, кажа: «Вы ворагі народу, сволачы, я вас пазабіваю!»
«Падыходзіць і мацюкаецца, кажа: «Вы ворагі народу, сволачы, я вас пазабіваю!» І нас ужо на тэлефон фатаграфуе, маўляў, да дому ня дойдзеце, мы вас зарэжам, у нас тут цэлая група. І зноў мацюкі, прычым адборныя. Я такіх нават у войску ня чуў.

Вадзім Кузьмін — былы вайсковец. Напачатку ён спрабаваў выклікаць міліцыю, каб хулігана ўтаймавалі. Аднак за тыя паўгадзіны, пакуль міліцыянты ехалі, той штораз уцякаў. Урэшце спадару Кузьміну давялося прымяніць сілу: ён скруціў Гайдукову рукі і трымаў аж да таго часу, пакуль не прыехала службовая машына.

Удзельнікі пікетаў кажуць, што адпусьцілі хулігана дужа хутка — ён падыходзіў яшчэ колькі разоў, але ўжо не брыдкасловіў, а проста рабіў непрыстойныя жэсты.

Маці Аляксандра Гайдукова, якая сёньня прыйшла на суд, спрабавала абвінаваціць актывістаў у тым, што яны зрабілі ўсе ня так — выклікалі міліцыю, а трэба было «хуткую дапамогу» — маўляў, яе сын псыхічна хворы. Сам Гайдукоў гэта катэгарычна абвяргаў.

Ніякіх мэдычных дакумэнтаў у судовай справе не было. Да таго ж, высьветлілася, што Аляксандар Гайдукоў ужо неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці — адпаведна, па стане здароўя ён можа адказваць за свае ўчынкі.

Судзьдзя Алеся Жарыкава не задаволіла хадайніцтва Вадзіма Кузьміна, які запатрабаваў матэрыяльнай кампэнсацыі ўласных маральных стратаў, якія ён ацаніў у 1 мільён рублёў. Таксама судзьдзя не дазволіла журналістам фатаграфаваць у залі суду, а перад пачаткам пасяджэньня супраць гэтага пратэставаў і сам падсудны, пагражаючы разьбіць фотаапараты.

На думку Тацяны Севярынец, якая выступала ў судзе ў якасьці сьведкі, падобныя інцыдэнты правакуе прапаганда ў дзяржаўных СМІ, дзе пэрыядычна гучаць абразы на адрас апазыцыянэраў:

«Гэта толькі адзінкавы выпадак, які разглядаўся ў судзе. Але вось і мне жанчына казала: „О! Стаяць ворагі народа!“ Такая ўсёдазволенасьць, калі абражаюць людзей, якія зьбіраюць подпісы не за Лукашэнку, ідзе з-за сродкаў масавай інфармацыі. Калі кіраўнік дзяржавы ўвесь час гаворыць „Ворагі народу!“ „Адмарозкі!“, то гэта паўтараюць маласьвядомыя людзі, якія толькі й глядзяць тэлевізар і вераць там кожнаму слову!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG