Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ў школе будуць вывучаць "Архіпэляг ГУЛАГ"


Аляксандар Салжаніцын

Аляксандар Салжаніцын

У Расеі выйшла школьная вэрсія "Архіпэлягу ГУЛАГ" Аляксандра Салжаніцына, якую вучні расейскіх школаў будуць вывучаць пад канец 11-й клясы.

Школьная вэрсія, якая аб’ёмам чатыры разы меншая за шматтомны арыгінальны твор, была скарочаная пад наглядам удавы пісьменьніка, Натальлі Салжаніцынай. Салжаніцына сказала Інтэрфаксу, што структура арыгінальнага твору была поўнасьцю захаваная ў скарочанай вэрсіі, якая ўяўляе сабою пасьлядоўны і бесьперапынны аповед.

Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін, які летась распарадзіўся апублікаваць школьнае выданьне "Архіпэлягу ГУЛАГ", сказаў учора падчас сустрэчы з удавой пісьменьніка, што выхад гэтага выданьня зьяўляецца знакавай падзеяй для Расеі.

– Бязь веданьня таго, што выкладзена ў кнізе, у нас ня будзе поўнага ўяўленьня пра нашу краіну і нам цяжка будзе думаць пра будучыню, – цытуюць расейскія СМІ словы Ўладзіміра Пуціна падчас сустрэчы з Натальляй Салжаніцынай.

Аляксандар Салжаніцын напісаў "Архіпэляг ГУЛАГ" у 1958-1968 гг. Раман паказвае ў дзеяньні пэнітэнцыярную сыстэму СССР і Галоўную ўправу лягераў (ГУЛАГ). У СССР распаўсюджваньне твору было строга забаронена.

У 1970 годзе Салжаніцын атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. У 1974 годзе ён быў выдвараны з СССР і вярнуўся ў Расею ў 1994 годзе. Пісьменьнік памёр у 2008 годзе.
XS
SM
MD
LG