Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
"У Беларусі зараз ёсьць шанец пазбавіцца ад дыктатуры ў сувязі з кампаніяй, якая называецца прэзыдэнцкімі выбарамі", — заявіў апазыцыйны ўдзельнік выбарчай гонкі Андрэй Саньнікаў.

Андрэй Саньнікаў у Бэрліне гаварыў пра эўрапейскія пэрспэктывы Беларусі, патрэбу мадэрнізацыі эканомікі, пра расьсьледаваньне гібелі журналіста Алега Бябеніна.

На круглым стале з удзелам нямецкіх экспэртаў Андрэй Саньнікаў выказаў прагноз разьвіцьця Беларусі пасьля прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі:

"Наконт гэтага было шмат пытаньняў, якія будуць крокі рабіцца пасьля адыходу Лукашэнкі ад улады. Я казаў, што трэба будзе адразу ж аднаўляць падзел уладаў. Для гэтага, магчыма, давядзецца зьбіраць Канстытуцыйны сход, каб правесьці нармальныя выбары ў парлямэнт, гарантаваць незалежнасьць судоў. Адразу ж трэба будзе заняцца эканомікай і фінансавай сыстэмай, таму што краіне будзе вельмі цяжка вяртаць тыя запазычанасьці, якія робіць Лукашэнка, а мы будзем вымушаныя адказваць за тыя дзеяньні, якія тут рабіліся пры дыктатуры".

А. Саньнікаў сустракаўся таксама з палітыкамі, прадстаўнікамі нямецкіх дзяржаўных устаноў, журналістамі.

"Ёсьць вялікая цікавасьць, ёсьць спадзяваньне, што пачне нешта рухацца ў Беларусі. Ёсьць і засьцярогі наконт тых мэтадаў, якія можа ўжываць дыктатура", — гэтак ён ахарактарызаваў "Свабодзе" атмасфэру сваіх сустрэч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG