Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як не было за каго галасаваць, так і нямa"


Чым гэтая выбарчая кампанія адрозьніваецца ад папярэдніх? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадарыня: "Канечне, гэта кампанія адрозьніваецца: занадта рана прызначылі выбары. Трэба было іх правесьці ў наступным годзе, вясною, каб іншыя прэтэндэнты мелі магчымасьць да іх падрыхтавацца, каб людзі пра іх даведаліся".

Ейны муж: "Сапраўды, ведаем толькі, што 19 сьнежня выбары, і на гэтым усё…".

Спадар: "Нічым яна ня розьніцца, тое самае, што і было…".

Спадарыня: "Адрозьніваецца. Я гэтых прэтэндэнтаў яшчэ і ў твар ня бачыла, праўда. Ніколі такога не было, каб санітарка ў прэзыдэнты ішла. Ды наагул столькі шмат кандыдатур ніколі не было".

Спадар: "Адрозьніваецца: больш кандыдатаў, і яны свабодна зьбіраюць подпісы, нават да мяне ў кватэру заходзілі, спакойна распавялі пра ўсё, і ніхто нічога не баіцца. Раней так па кватэрах не хадзілі".

Спадар: "Нічым не адрозьніваецца. Ізноў ніякай рэклямы, ніякай інфармацыі ў СМІ. А як вырашыць гэтую праблему? Галоўнае ж, каб былі празрыстыя выбары. Вось Някляеў прапаноўвае паставіць празрыстыя урны, каб усе бачылі. А народ жа, больш за 60%, нікога, акрамя Лукашэнкі, ня ведае".

Спадарыня: "Мне здаецца, інфармацыі як не было, так і няма, нічога не памянялася. Вось прыходзілі за астатніх подпісы зьбіраць — таксама мала інфармацыі. Нідзе нічога ня пішуць і не паказваюць — усё па-ранейшаму".

Спадар: "У прынцыпе, гэтая кампанія нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх з той простай прычыны, што годных кандыдатаў на месца прэзыдэнта нашай роднай Беларусі няма, як заўсёды. Каго выбіраць, каго? Іх да прэзыдэнцкай кампаніі не было ні відаць і ні чуваць, от, нешта там пісала незалежная прэса. Але што яны добрага зрабілі для Беларусі? Вось такая мая думка".

Спадар: "Я ўсё роўна за Лукашэнку, бо ён мой зямляк. І добра, што ў яго хапіла розуму не развальваць калгасы".

Спадарыня: "Напэўна, сёлета болей прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG