Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не адмаўляецца ад ідэі наладзіць масавы выпуск легкавых аўтамабіляў на падставе замежных распрацовак. У Міністэрстве прамысловасьці паведамілі, што вядуцца перамовы з кітайскімі кампаніямі, зацікаўленымі ў стварэньні пад Менскам зборачнай вытворчасьці. Нагадаем, што на канвэеры прадпрыемства "Юнісон" у Абчаку Менскага раёну ўжо зьбіраюць з машынакамплектаў іранскія "Саманды". Чаму за ўзор бярэцца аўтапрамысловасьць краінаў, якія не выступаюць заканадаўцамі моды ў гэтай галіне?

Начальнік упраўленьня інвэстыцыйнай дзейнасьці Мінпраму Дзьмітрый Корчык учора сказаў, што адпаведнае рашэньне будзе прынятае бліжэйшым часам. Каб збудаваць аўтазавод, кітайскім кампаніям прапанаваныя дзьве пляцоўкі ў Менскай вобласьці. Пры гэтым ад ранейшай ідэі прапісаць вытворчасьць на МАЗе бакі адмовіліся.

Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч перакананы: дзеля таго, каб дагадзіць новаму багатаму сябру, беларускія ўлады гатовыя пайсьці на татальную кітаізацыю:
Тавары зь Беларусі на гэтым тле ўжо ня могуць канкураваць з тым, што ўцюхвае нам новы "старэйшы брат"...

"Узяць той жа "Гарызонт": раней ён быў напалову "Філіпс", а цяпер амаль увесь кітайскі, што адразу ж адбілася на якасьці прадукцыі. І так ува ўсім. А аўтамабільная галіна — ці не найбольш паказальны прыклад, бо гэта — наўпрост трапіць у няволю, дакладна ўсіх перасадзяць на кітайскае… Няўжо ўлады ня бачаць, што ўжо і так усё наводнена кітайскімі таварамі сумнеўнай якасьці, але па эўрапейскай цане? Тавары зь Беларусі на гэтым тле ўжо ня могуць канкураваць з тым, што ўцюхвае нам новы "старэйшы брат". Але такая экспансія бясьсьледна не міне: далей чакайце закрыцьцё прадпрыемстваў і перападпарадкаваньне іх новым гаспадарам. За гэтым пойдзе беспрацоўе і, як лягічны працяг, — сацыяльны выбух. Гэта хоць і іншая гісторыя, але яна не за гарамі. І мы яе пачуем, калі не прачнемся ад кітайскага гіпнозу".

Пэрспэктыва кітайскай экспансіі па ўсіх напрамках акрэсьлілася пасьля нядаўняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Пэкін. Вынікам перамоваў з кіраўніцтвам Кітаю сталі амбітныя пляны асваеньня 15 мільярдаў даляраў, якія кітайцы гатовы ўкласьці ў сумесныя праекты — ад узьвядзеньня жыльля і інвэстыцыяў у АЭС да будаўніцтва лягістычных тэрміналаў і стварэньня аўтамабільнай вытворчасьці.

Летась беларускі ўрад правёў конкурс на вызначэньне патэнцыйнага інвэстара ў аўтамабільную галіну. Пераможцам назвалі "Chery Automobile" — найбуйнейшага ў Кітаі вытворцу аўто бюджэтнага клясу. Кампанія даўно імкнецца замацавацца на прасторах СНД, але ў зьвязку з эканамічным крызісам заплянаваная экспансія замарудзілася. Ці застаецца леташні выбар на карысьць "Chery" актуальным сёлета — у Міністэрстве прамысловасьці не ўдакладняюць. Значыць, у шэраг прэтэндэнтаў могуць увайсьці эўрапеізаваныя брэнды: "Geely", "Hafei", "Greatwall".



Менскі бізнэсовец Андрэй Клімаў напачатку 1990-х абвясьціў конкурс на стварэньне першага нацыянальнага аўтамабіля. І перакананы: каб палітычная сытуацыя ў дзяржаве не зьмянілася, беларусы ўжо паўтара дзясятка гадоў езьдзілі б на айчынным аўто. Цяперашнія ж пляны надаць беларускаму аўтамабілю кітайскі прыжмур лічыць выключна каньюнктурнымі. Ва ўмовах перавытворчасьці падобныя экспэрымэнты маюць высокія шанцы на правал:
каб набыць новае "Volvo" ў Менску, я стаяў у чарзе амаль паўгода ...

"Калі ў мяне і ў маёй кампаніі нарадзілася ідэя першага беларускага аўтамабіля, то тады попыт на легкавыя машыны рос ва ўсім сьвеце. Так, каб набыць новае "Volvo" ў Менску, я стаяў у чарзе амаль паўгода. А каб не тагачасны мой статус, то мог бы і год адстаяць. Зараз любых машынаў — бяры не хачу. Вось вам і выдаткі новай сытуацыі. Таму пачынаць ва ўмовах перавытворчасьці нейкія экспэрымэнты з выпускам аўтамабіля досыць рызыкоўна. Да таго ж у Беларусі амаль усе аддаюць перавагу ўжываным эўрапейскім машынам, а не кітайскім, хай сабе і новым. Прычым акцэнт робіцца на рээкспарт з Амэрыкі. Яны там і таньнейшыя, і ў добрай якасьці, бо абарот аўтамабільнага рынку там надзвычай вялікі, ва ўласнасьці машын шмат і аўто проста фізычна не пасьпявае моцна знасіцца".

Экспэрты адзначаюць, што сама па сабе Беларусь кітайскіх вытворцаў цікавіць мала. Прыцягвае перадусім вялізны рынак Мытнага саюзу — найперш Расея і Казахстан, дзе даступныя паводле кошту аўтамабілі змогуць канкураваць з прадукцыяй расейскага аўтапраму. Зрэшты, колісь падобныя разьлікі падштурхнулі да экспэрымэнту і канцэрн "Ford". Аднак пасьля некалькіх гадоў працы ў Беларусі амэрыканцы былі вымушаныя заявіць пра нерэнтабэльнасьць вытворчасьці.

У 2006-м на былым фордаўскім канвэеры прапісалася іранская кампанія "Іран Кодра". Аднак выпуск экзатычных для Эўропы "Самандаў" з-за высокага кошту і нізкага попыту так і ня выйшаў на праектныя магутнасьці: летась было выраблена ўсяго 244 аўтамабілі, якія "расьпіхалі" ў Дзяржаўтаінспэкцыі, таксапаркі ды чыноўнікам дробнага зьвяна. Пяць "Самандаў" падчас сёлетніх "Дажынак" былі ўручаныя перадавікам жніва.
XS
SM
MD
LG