Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: першы візыт у выпадку перамогі — на ўсход


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў прадставіў сваю дактрыну замежнай палітыкі, якая носіць назву "Адказнае суседзтва".

Палітык у выпадку сваёй перамогі на выбарах 19 сьнежня лічыць неабходным пакінуць расейскі вэктар у якасьці прыярытэтнага для Беларусі. Гэта жыцьцёва важна для краіны, — уважае ён:

"Мы не зьбіраемся ў выпадку прыходу да ўлады прадпрымаць нейкія рэзкія рухі, якія прывялі б да абвалу існуючых з Расеяй дамоўленасьцяў. Гэта датычыць як эканамічнага, сацыяльнага, гуманітарнага, гэтак і вайсковага блёкаў".

Пры гэтым спадар Някляеў ня выключыў, што пасьля ягонага прыходу да ўлады адбудзецца рэвізія ўсіх дамоўленасьцяў з Расеяй. Аднак, да прыкладу, дамова аб арэндзе Расеяй у Беларусі двух вайсковых аб'ектаў ня будзе датэрмінова спыненая.

Палітык таксама заклікаў не дэманізаваць расейскі капітал і ня выключыў ягонага ўдзелу ў прыватызацыі беларускіх трубаправодаў і НПЗ.

Гаворачы пра адносіны Беларусі з Эўразьвязам, Някляеў зазначыў, што тут давядзецца пачынаць з нуля, бо няма нават дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Менскам і Брусэлем. Беларусі таксама трэба далучацца да Рады Эўропы.

Беларусь пры прэзыдэнту Някляеву будзе імкнуцца ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, застаючыся ў рамках Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. З НАТО Беларусь будзе супрацоўнічаць у рамках праграмы "Партнэрства дзеля міру". Сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе пакуль нерэальнае, мяркуе палітык, — гэта магчыма разам зь сяброўствам у гэтай арганізацыі Ўкраіны і Расеі.

Адказваючы на пытаньне, куды ў выпадку перамогі на выбарах У. Някляеў арганізуе свой першы візыт: у Маскву, Брусэль ці Вашынгтон, палітык зазначыў: "На ўсход".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG