Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураджэнец Пакістану плянаваў выбухі ў вашынгтонскім мэтро


У ЗША арыштаваны чалавек, які, паводле інфармацыі спэцслужбаў, плянаваў сэрыю выбухаў у вашынгтонскім мэтро. Афіцыйныя прадстаўнікі заявілі, што Фарук Ахмэд знаходзіўся пад наглядам спэцслужбаў з пачатку сваёй дзейнасьці, і ўвесь той час, што за ім сачылі, пасажыры мэтро і мінакі знаходзіліся ў поўнай бясьпецы.

Як падае ВВС, 34-гадовы жыхар Вірджыніі пакістанскага паходжаньня Фарук Ахмэд быў у змове зь людзьмі, якія, паводле яго ўласных словаў, зьвязаныя з "Аль-Каідай". Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве юстыцыі ЗША. Ахмэд быў арыштаваны ў сераду раніцай. Калі абвінавачаньні на яго адрас будуць даказаныя, яго могуць асудзіць на 50 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Паведамляецца, што падазраваны неаднаразова быў заўважаны на адных і тых жа станцыях мэтро. Там ён вёў назіраньне за працай служачых падземкі і за пасажырамі. Фарук Ахмэд не падаваў ніякіх скаргаў або прашэньняў адносна свайго затрыманьня. Неўзабаве пасьля арышту ён паўстаў перад судом у штаце Вірджынія і заявіў судзьдзі, што з фінансавых меркаваньняў ня можа дазволіць сабе адваката.

У матэрыялах справы гаворыцца, што 18 красавіка сёлета Фарук Ахмэд прыехаў на машыне ў адзін з гатэляў, дзе ў яго адбылася сустрэча з чалавекам, які прадставіўся як "пасыльны тэрарыстаў" і паведаміў Ахмэду каардынаты месцаў будучых сустрэч. 15 траўня на сустрэчы ў іншым гатэлі Ахмэд даў згоду весьці назіраньне за станцыямі мэтро і адным з гатэляў Вашынгтону. У верасьні Ахмэд перадаў чалавеку, які, як ён думаў, быў прадстаўніком "Аль-Каіды", карту памяці зь відэакадрамі і фатаграфіямі месцаў, за якімі назіраў на працягу некалькіх месяцаў.

"Апошняе затрыманьне паказвае, што пагроза тэрарызму ў штаце Вірджынія вялікая, але яно таксама кажа аб нашай здольнасьці знаходзіць і абясшкоджваць тых, хто хоча нанесьці шкоду грамадзянам ЗША", – заявіў пракурор Ніл Макбрайд.

Летась спэцслужбы ЗША правялі шэраг арыштаў па падазрэньні ў спробах арганізацыі тэрактаў у Тэхасе, Каларада ды Ілінойсе. У кастрычніку сёлета да пажыцьцёвага зьняволеньня быў асуджаны Фэйсал Шахзад, які 1 траўня 2010 году прыпаркаваў аўтамабіль з выбухоўкай на Таймс-cквэр ў Нью-Ёрку. Тая прылада не спрацавала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG