Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелых ад выбуху на "Пінскдрэве" пераводзяць у Менск


Трох пацярпелых у выніку выбуху на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" вечарам 27-га кастрычніка перавялі зь Берасьцейскай вобласьці ў Менск.

Зь Берасьцейскага абласнога шпіталя ў Менск дастаўлены мужчына 1977 году нараджэньня, якога раней у гэты ж дзень перавялі ў абласны шпіталь з траўматалёгіі Пінскага цэнтральнага шпіталя.

Зь Пінску ў Менск перавезьлі мужчыну 1981 году нараджэньня і жанчыну 1967 году нараджэньня. Яны знаходзіліся ў аддзяленьні траўматалёгіі.

На раніцу 28 кастрычніка ў рэанімацыі абласнога шпіталя ў Берасьці знаходзілася пяць пацярпелых (мужчыны 1987, 1959, 1981, 1976, 1977 г.н.), іх стан па-ранейшаму цяжкі.

У рэанімацыі ў Пінску ляжаць двое пацярпелых ад выбуху мужчын 1978 і 1985 г.н. Іх стан таксама цяжкі.

У гэтай жа лякарні ў нэўрахірургічным аддзяленьні знаходзіцца работніца прадпрыемства 1955 г.н.. Яе стан мэдыкі на раніцу 28 кастрычніка ацэньвалі як здавальняючы, перадае БелаПАН.

Выбух у адным з цэхаў "Пінскдрэву" адбыўся 25 кастрычніка.

27-га ў Пінску пахавалі трох ахвяраў здарэньня. У той жа дзень у Берасьці памёр яшчэ адзін пацярпелы.

На месцы здарэньня працуе камісія па надзвычайных сытуацыях Пінскага гарвыканкаму, МНС і сьледчая група пракуратуры Берасьцейскай вобласьці. Заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 302 КК РБ (парушэньне правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечным прадпрыемстве).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG