Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах зьбіраюць мэталалом, каб купіць паперу


Зьміцер Кухлей

Зьміцер Кухлей

Актывіст руху “За свабоду” Зьміцер Кухлей, дзеці якога навучаюцца ў Мастоўскай школе, спрабуе даведацца, колькі грошай зь бюджэту раёну выдзяляецца на школу, паколькі ўжо ў гэтым месяцы аб’явілі, што на рамонт бацькам трэба здаць 30 тысяч рублёў.

Зьмітра Кухлея зацікавіў факт са здачай грошай, паколькі нядаўна пачаўся навучальны год, а напрыканцы мінулага бацькі ўжо здавалі па 10 тысяч. Потым ён, нават зьяўляючыся дэпутатам райсавету, нідзе ня мог даведацца, колькі ж грошай зь бюджэту выдзяляецца на функцыянаваньне школы.

“Мяне ня столькі абурае сума таго, што зьбіраюць, а справа ў непразрыстасьці бюджэту. – распавядае Зьміцер Кухлей. – Летась я цэлы год высьвятляў па адным артыкуле, куды пайшлі грошы, але так і ня мог гэтага дамагчыся”.

Дырэктар школы №2, Аляксандар Старавойтаў, падкрэсьлівае, што ахвяраваньні на школу – справа выключна добраахвотная, і ніхто з адміністрацыі школы грошы не зьбірае, а толькі прадстаўнікі бацькоўскага камітэту. Сёлета, маўляў, так рана пачалі збор, бо да лета хочуць закупіць усе неабходныя матэрыялы.
Дырэктар: "Калі мне бацькі не дапамогуць, то мне ня будзе за што пафарбаваць школу, кабінэты"

Высьвятляецца, што ў школе плянуюць мяняць дах, і на гэта ёсьць сродкі зь бюджэту. А вось каб потым зрабіць бягучы рамонт у клясах і калідорах, на гэта ніхто грошай не дае.

“Калі мне бацькі не дапамогуць, то мне ня будзе за што пафарбаваць школу, кабінэты. Я не кажу пра большае, але 1 верасьня дзеці тады могуць прыйсьці ў непафарбаваныя клясы”, – кажа дырэктар Стававойтаў.

Ён са шкадаваньнем дадае, што цяпер стала цяжка зьбіраць мэталалом. За яго здачу школа атрымоўвала на свой рахунак добрыя сродкі. Аказваецца, на функцыянальныя патрэбы грошы на школу зь бюджэту таксама не выдаюцца:

“Так, на школу грошай ніякіх не выдзяляецца. Таго, што мы атрымліваем за здадзены мэталалом, не хапае нават на паперу для справаводзтва. Нам на гэта грошы не выдзяляюцца”.

Я паспрабаваў высьветліць у раённым аддзеле адукацыі, колькі грошай і на якія мэты выдзяляецца для школы зь бюджэту. Вось што мне адказала намесьніца загадчыка РАНА Тацяна Жвірбля:
Прадстаўнік РАНА: "Мы загадаў на збор грошай не даем"

“На капітальныя рамонты грошы выдзяляюцца, і калі патрэбна нешта тэрміновае — таксама”.

Карэспандэнт: “А навошта тады бацькі іх зьбіраюць?”

Жвірбля: “Ня ведаю, мы такіх загадаў не даем”.

Загадчык РАНА, Валянцін Ціхановіч кажа, што ў іх ёсьць цэлая праграма, і за бюджэтныя грошы ў школе №2 адрамантавалі харчблёк, будуюць спартовую залю, замянілі асьвятленьне і г.д. А вось на пытаньне, навошта тады з бацькоў зьбіраюць грошы, адказвае:

“Я не разумею вас, і першы раз чую, што там нехта па 30 тысяч здае”.

Зьміцер Кухлей напісаў ліст дырэктару школы, які зьяўляецца дэпутатам раённага савету, у якім просіць патлумачыць бацькам, колькі сродкаў на год выдзяляецца на школу, дзе вучацца ягоныя дзеці і дзеці іншых жыхароў Мастоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG