Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залежнасьць ад салодкага: як зь ёй змагацца


Залежнасьць чалавека ад салодкага, мучнога ды іншых прадуктаў, багатых на вугляводы, у нейкай ступені можна нават параўнаць з залежнасьцю ад алькаголю. Як выявілі канадзкія ды амэрыканскія навукоўцы, празьмерная цяга некаторых людзей да слодычаў найчасьцей абумоўлена пэўнай геннай мутацыяй. Прычынамі згаданай цягі таксама могуць быць праблемы гарманальнага абмену, традыцыі сямейнага выхаваньня ды дэпрэсія.

Канадзкія навукоўцы: ва ўсім вінаватыя продкі

"Калі вас цягне на салодкія прысмакі, вінаватыя ня вы і не прысмакі, а вашы продкі. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з унівэрсытэту Таронта, у дасьледаваньнях якіх узяла ўдзел некалькі сотняў валанцёраў. Дасьледчыкі выявілі, што “салодкагалізм” найчасьцей ёсьць спадчыннай праблемай, бо як найменей 25% з дасьледаваных маюць вугляводную залежнасьць у сувязі з пэўнай геннай мутацыяй. У выніку зьменаў на генэтычным узроўні чалавечы мозг губляе здольнасьць адэкватна вызначаць колькасьць цукру, які паступае ў арганізм. Ня ведаючы меры ў салодкім, людзі робяцца ахвярамі празьмернага спажываньня цукерак, пірожных, шакаляду, салодкіх напояў і іншых прысмакаў.

Вугляводы, што ў іх утрымліваюцца, у момант усмоктваюцца ў кроў і спрыяюць рэзкаму выкіду такога гармону як інсулін. У сваю чаргу інсулін пачынае пастаўляць глюкозу па ўсіх клетках арганізму. Гэта выклікае пачуцьцё радасьці і энэргетычны ўздым.

Лішак глюкозы ў арганізьме спрыяе праблемам з падстраўнікавай залозай, залішняй вазе, дыябэту, сардэчна-сасудзістым захворваньням ды інш.

Прычына цягі да вугляводаў — дэпрэсія

У адным са сваіх артыкулаў, прысьвечаных пытаньню вугляводаў, іх узьдзеяньню на настрой і, у прыватнасьці, на дэпрэсію, амэрыканскія дасьледчыкі дактары Джудзіт і Рычард Вуртманы, прыводзяць распаўсюджаны сярод іх пацыентаў, прыклад. Пасьля цяжкага дня на працы ці разладу ў сям’і многія імкнуцца, так бы мовіць, "заесьці" праблему чымсьці смачным. Найчасьцей, гэта печыва, цукеркі ці марозіва. Празь некаторы час чалавек пачынае адчуваць сябе менш засмучаным, стомленым ды прыгнечаным.

"Цяга да вугляводаў — гэта частка нашага паўсядзённага жыцьця", - лічаць Вуртманы. Навукоўцы перакананыя, што ўстойлівая патрэба ў вугляводах зьвязаная з узроўнем гармону сэратанін, які адказвае за добрае самаадчуваньне. Яго недахоп у арганізьме апроч іншага адзначаецца кепскім настроем і зьніжэньнем канцэнтрацыі.

Яшчэ колькі гадоў таму Вуртманы выявілі, што "шмат людзей адчуваюць цягу да вугляводаў штодня прыкладна паміж 15:30 і 17 гадзінамі". Навукоўцы перакананыя, што ангельская традыцыя піць у гэты час гарбату з чымсьці смачненькім нарадзілася акурат з гэтых прычын.

“Салодкагалізм” як вынік выхаваньня ці ладу жыцьця

Тым часам, як вынікае з кнігі "Эмацыйнае харчаваньне", аўтарам якой –амэрыканскі псыхоляг і ганаровы прафэсар Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, Эдвард Абрамсан, цяга да вугляводаў можа быць зьвязаная і з засвоенай у раньнім дзяцінстве звычкай. Высьветлілася, што бацькі многіх яго пацыентаў "адкуплялі" сваю віну перад дзецьмі шматлікімі пачастункамі, з малых гадоў навучыўшы іх "суцішаць гнеў" ласункамі, кшталту печыва ці цукерак.

У сваю чаргу, каліфарнійскі дыетоляг Эвэлін Трайбоўл, аўтарка кнігі "Гатуем здаровую ежу ў хатніх умовах", мяркуе, што цяга да вугляводаў можа быць наступствам дыет з высокім утрыманьнем бялкоў і нізкім утрыманьнем вугляводаў. У выніку такіх дыет людзі "падсядаюць" на вугляводы.

Доктар Трайбоўл лічыць, што голад на вугляводы можа выклікаць у чалавека сапраўдную агрэсію, а гэта – сыгнал таго, што арганізм ніяк ня можа абысьціся бяз гэтых арганічных злучэньняў. Па-сутнасьці, у гэтым няма нічога ненармальнага.

Іншая справа, што аматары вугляводаў, якія штодня могуць ужываць на 800 калёрый больш за іншых, адрозьніваюцца паўнатой ці нават атлусьценьнем, маюць іншыя праблемы з здароўем. Але гэтую праблему можна разьвязаць, мяркуюць амэрыканскія адмыслоўцы.

Зьмірыцца ці змагацца?

Нават калі вы надзвычай схільныя да вугляводаў, навучыцца пры гэтым жыць зь мінімальнымі нэгатыўнымі наступствамі для здароўя ўсё ж можна, лічаць навукоўцы.

Разьлічвайце час рэгулярных прыёмаў ежы так, каб яны прыпадалі на моманты, калі вам найбольш хочацца салодзенькага ці мучнога. Найперш зрабіце грунтоўнымі і здаровымі, багатымі на бялкі, вашы сьняданкі і абеды. Бліжэй да вечару, пасьля 16-й, калі пачынае заходзіць сонца, і настрой псуецца, дазвольце сабе вугляводную закуску, напрыклад, папкорн або шакаляд, нятлустыя крэкеры, карацей, тое, дзе ёсьць вугляводы, аднак няма залішніх тлушчаў. Ешце ўсё гэта павольна.

Адна з улюбёных страваў доктара Эвэлін Трайбоўл — гэта гарачы шакаляд. "Тут вам і вугляводы ў малацэ, і салодкае, але ж вы п’яце гэты гарачы напой, смакуючы па глыточку, а зусім ня прагна паглынаеце яго".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG