Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё загінулых на “Пінскдрэве” ацанілі па 10 мільёнаў рублёў


Сёньня ў Пінску пахавалі трох загінулых у выніку выбуху і пажару на "Пінскдрэве". Арганізацыю і аплату жалобных мерапрыемстваў узяў на сябе прафсаюзны камітэт прадпрыемства.

Адміністрацыя заводу дапаможа пацярпелым ад пажару на "Пінскдрэве" грашовымі кампэнсацыямі. Сем'і загінулых атрымаюць па 10 мільёнаў рублёў, пацярпелыя — па тры мільёны рублёў. Згодна зь якімі прававымі актамі вызначаецца памер кампэнсацыі, тлумачыць першы намесьнік Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Мінпрацы Аляксандар Семіч:

"Указ прэзыдэнта, які вызначае парадак абавязковага страхаваньня ад няшчасных выпадкаў на вытворчасьці і прафэсійных захворваньняў. Гэта абавязковы від страхаваньня, так што ён аўтаматычна ёсьць".

Так, усе пацярпелыя былі застрахаваны ў Белдзяржстраху, пацьвердзіла начальнік аддзелу Пінскага аддзяленьня Алена Пацоўская. Што да сумы выплат і тэрміну, яна патлумачыла:

"Прызначаецца ў выпадку сьмерці цягам двух дзён пасьля падачы ўсіх неабходных дакумэнтаў. Выплаты робяцца цягам 10 дзён. Назваць нават прыкладную суму сёньня няма магчымасьці. Гэта ўсё залежыць ад сярэдняга заробку цягам 12 месяцаў да няшчаснага выпадку. Таму, ня бачачы дакумэнтаў, даведак, сказаць пра суму нельга. Але цяпер ужо вядзецца збор дакумэнтаў, і днямі будзе ўсё вядома".

Такім чынам, на сёньняшні дзень сем'і загінулых атрымалі па 10 мільёнаў — крыху больш за 3 тысячы даляраў. Для параўнаньня: у суседняй Расеі ўсім сем'ям шахцёраў і горнавыратавальнікаў, што загінулі на шахце "Распадзкай" у Кемераўскай вобласьці, выплачаны кампэнсацыі па 1 мільёну рублёў ад уласьнікаў шахты, па 1 мільёну ад ураду Расеі і яшчэ матэрыяльная дапамога з абласнога бюджэту. Кампэнсацыі сем'ям загінулых на ніжнетагільскай шахце "Ясьцюнінская" склалі таксама прыкладна 2 мільёны. То бок, у Расеі чалавечыя жыцьці былі ацэненыя ў 70 тысяч даляраў. Ва Ўкраіне сем'і загінулых у выніку аварыі аўтобуса ў Днепрапятроўскай вобласьці атрымалі па 100 тысяч грыўняў (12,5 тысяч даляраў).

Экс-міністар працы Аляксандар Сасноў выказаў такое меркаваньне, што да сумы кампэнсацыі загінулым на вытворчасьці:

"На цывілізаваным узроўні гэта павінна быць страхоўка. Павінны страхавацца людзі на пэўныя салідныя сумы, якія публічна мусіць вызначаць, напрыклад, парлямэнт. Ну, а паколькі ў нас гэта прызначае толькі адна вядомая асоба, таму незразумела, адкуль яны бяруць гэтыя лічбы, і што зацьвярджаюць".

Цяпер на месцы здарэньня працуе камісія па надзвычайных сытуацыях Пінскага гарвыканкаму, МНС і сьледчая група пракуратуры Берасьцейскай вобласьці. Заведзена крымінальная справа паводле ч.2 ст.302 УК РБ (парушэньне правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечным прадпрыемстве). Што да больш дакладнай прычыны трагедыі, прэсавы сакратар Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях Віталь Навіцкі распавёў:

"Там, на месцы, пліты перакрыцьцяў знаходзяцца ў аварыйным стане. Іх неабходна спачатку разабраць. І толькі пасьля гэтага будуць працаваць экспэрты, пацьвярджаць гэтую вэрсію, разглядаць іншыя, і рабіць высновы. Колькі часу на гэта спатрэбіцца, пакуль не магу вам сказаць".

Дарэчы, ні кіраўнік дзяржавы, ні чальцы ўраду дагэтуль не наведалі месца трагедыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG