Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выбух у Пінску перашкаджае пераможным рэляцыям улады”


Слухачы абмяркоўваюць трагічны выпадак на прадпрыемстве «Пінскдрэў» і рэакцыю на яго беларускіх уладаў. Большасьць званкоў тычыцца прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і мэтазгоднасьці ўдзелу ў ёй кандыдатаў ад апазыцыі.

Наш слухач Андрэй зь Пінску выказаўся наконт трагедыі на мэблевай фабрыцы.

«У нас усе абмяркоўваюць надзвычайнае здарэньне на фанэрнай фабрыцы „Пінскдрэў“. Кажуць, што выбухнула бочка з аміякам, вялікай ёмістасьці, якой не павінна было быць у цэху. Рэальна больш загінулых, чым дае афіцыйная статыстыка. Наогул, ніхто ня верыць у тое, што будзе праведзена аб’ектыўнае дасьледаваньне, бо сам генэральны дырэктар мае сувязі на месцах і нават сябруе з Лукашэнкам, ён пастаўляў у Нацыянальную бібліятэку мэблю. І ён робіць усё, каб рэальныя факты былі схаваны, бо ніхто ня хоча адказваць. У нас гэтае прадпрыемства карыстаецца нядобрай славаю, бо там звышцякучасьць працоўных кадраў, працоўныя мяняюцца так часта, што, напэўна, палова Пінску і Пінскага раёну там працавала ўжо. Людзям плацяць невялікія заробкі на небясьпечных участках.

Падобныя надзвычайныя здарэньні бывалі і раней, але без ахвяраў. Усё гэта адбывалася ціха, ніхто ні за што не адказваў».


Слухачы абураюцца асьвятленьнем трагедыі ў Пінску дзяржаўнымі СМІ. Апроч таго, іх абурае стрыманая пазыцыя ўладаў у адносінах да чалавечага гора.

«Цэлы дзень не адыходзім ад радыёкропкі, хочацца пачуць навіны зь Пінску, ці ёсьць новыя загінулыя, ці абвясьцілі жалобу. Але амаль нічога па гэтай тэме не чуваць, 15 гадзін — нічога, 16 гадзін — пачулі сэнсацыйную навіну: аказваецца, у Нямеччыне памёр васьміног Паўль. І вось узьнікла думка: такі шанец страчаны для Беларусі! Быў бы аракул, які б прадказаў сапраўдныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Паставілі б ежу з партрэтамі кандыдатаў, і хай бы Паўль вызначыў пераможца. Хоць нейкая сэнсацыйная навіна для Беларусі».

Гэтыя званкі камэнтуе сустаршыня БХД Аляксей Шэін:

Аляксей Шэін
«Сёньняшняя перадвыбарчая сытуацыя вымагае ад беларускай улады і адпаведна ад тых сродкаў масавай інфармацыі, якія яе абслугоўваюць, няспынных пераможных рэляцыяў.

Выбух у Пінску ў гэтыя рэляцыі ня ўпісваецца. Вядома, патрэбнай увагі з боку залежных сродкаў масавай інфармацыі няма, бо трэба паказваць, што ўсё ў нас квітнее. На жаль, вельмі цынічна ўсё адбываецца».

Прэзыдэнцкія выбары застаюцца ў цэнтры ўвагі нашых слухачоў.

«Я пэнсіянэр, і мяне зьдзіўляе, чаму вы не даведзяце да кандыдатаў, каб яны неадкладна здымаліся і ня ганьбілі сябе. Лукашэнка сканцэнтраваў усю палітычную, эканамічную ўладу. Хіба нашы кандыдаты змогуць? Яму ж трэба рэкляма, што вось бачыце, мяне абралі ўсе чыста. Навошта? Нават у Сталіна не было такога культу асобы.

Перадайце ім. Што, яны Казулінымі хочуць быць? Я думаю, што гэта ён іх папрасіў, каб яны павыстаўляліся. Хай здымаюцца. Адзін дык адзін, усе будуць ведаць, як на Кубе, у Расеі. Куды яны лезуць? Ну, 7%, 2%. Уся ўлада і СМІ ў Лукашэнкі. Ці ў іх мазгоў няма?»


Палітык Вінцук Вячорка адказвае пэнсіянэру:

Вінцук Вячорка
«Тактыка ўладаў стала значна больш хітрая, тэхналягічная. Яны паводле прынцыпу ўсходніх адзінаборстваў, калі выкарыстоўваюцца прыёмы праціўніка, скарысталі шматгаловасьць апазыцыйных кандыдатаў, падсыпаўшы яшчэ некалькі галоваў са свайго кошыка.

У выніку, дзякуючы гэтай шматгаловасьці, сытуацыя калі-нікалі выглядае камічнай.

На маю думку, больш мужным і адказным крокам было б публічнае прызнаньне хаця б некаторымі кандыдатамі, ну, можа, таго, што подпісы не ўдалося ў неабходнай колькасьці сабраць, і таго, што ў гэтых умовах далейшая гонка з прызнаньнем правілаў пачынае перашкаджаць інтарэсам свабоды і незалежнасьці Беларусі.

Дамагчыся ўсеагульнага зьняцьця немагчыма з тае прычыны, што сярод прэтэндэнтаў ёсьць запушчаныя ў гонку менавіта з мэтай: што б там ні было — не здымацца».

Наш слухач выказаў сваё абурэньне:

«Як казаў клясык, „я не люблю халоднага цынізму“. Дык вось і я не люблю цынізму ні гарачага, ні халоднага. Чамусьці ўспомніў кніжку ў „Народнай волі“ „Нябышына. Вайна“ Ільлі Копыла. Колькі было пікетаў каля „Народнай волі“, колькі па тэлевізіі паказвалі…

Сёньня трапіў у мясцовую краму, набыў піва „Партызанскае“ мацункам 6,7% Полацкага піўзаводу, філіялу „Крыніцы“. Дык, можа, вэтэраны, зьбярыцеся, пастаўце пікет да ТАА „Крыніца“, ды хай здымаюць. Ну як гэта зьвязаць? Што, партызаны піва пілі ў лясах? Сьмех і грэх».


Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG