Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У Цэнтральную выбарчую камісію паступаюць скаргі на факты парушэньняў выбарчага заканадаўства пры зборы подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку. А сёньня генэральнаму пракурору Беларусі накіраваная скарга і на саму камісію.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сёньня ў размове са "Свабодай" сказаў, што скаргаў у ЦВК паступае няшмат. Аднак ён пацьвердзіў факт атрыманьня скаргі на ініцыятыўную групу дзейнага кіраўніка дзяржавы. Яе даслаў іншы прэтэндэнт на найвышэйшую дзяржаўную пасаду — Уладзімер Някляеў. У відэазвароце ў Цэнтравыбаркам сьцьвярджаецца, што подпісы за Аляксандра Лукашэнку зьбіраюць людзі, якія не ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы. Таксама зафіксаваны збор подпісаў у месцах, дзе гэта забаронена заканадаўствам.

Сакратар ЦВК кажа, што ён асабіста цікавіўся зваротам Уладзімера Някляева:

"Цяпер мы вывучаем матэрыялы, якія прадставіў спадар Някляеў. Я ўважліва прагледзеў тыя відэаматэрыялы, якія прыкладзеныя да скаргі. Адзін з фактаў — пра тое, што каля ГУМа знаходзіліся зьбіральнікі подпісаў без пасьведчаньняў — ужо разглядаўся ў гарадзкой выбарчай камісіі. А тры іншыя відэаматэрыялы паказваюць, што там ніякіх парушэньняў няма".

Хаця сакратар ЦВК заяўляе, што скаргаў паступае няшмат, у кіраўніцтве Беларускай партыі аб'яднаных левых "Справядлівы сьвет" кажуць, што ў Цэнтравыбаркам ужо напісана некалькі зваротаў. Напрыклад, на незаконную рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, на неўключэньне ў склад сталічнай выбарчай камісіі намесьніка кіраўніка партыі Валерыя Ўхналёва, на парушэньні заканадаўства пры зборы подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы. Пра гэта "Свабодзе" паведаміла сакратар ЦК партыі Алена Скрыган.

Яна кажа, што па справе Валерыя Ўхналёва кіраўніцтва партыі зьвярталася ў ЦВК двойчы, бо высьвятляліся новыя факты:

"На гэта нам Цэнтральная камісія адказала, што мы з вамі перапіску па гэтым пытаньні спыняем. І мы сёньня накіравалі ў Генэральную пракуратуру скаргу на гэты ліст ЦВК. Яна ня мела права нам так адказаць, бо мы выклалі новыя факты ў гэтай справе".



Тым часам ініцыятыўныя групы дзесяці кандыдатаў у прэзыдэнты, якія пераадолелі неабходны для рэгістрацыі 100-тысячны рубеж, працягваюць здаваць падпісныя лісты на праверку ў раённыя выбарчыя камісіі.


Яраслаў Раманчук, кандыдат ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сёньня асабіста заносіў паперы ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну сталіцы. Ён кажа, што стаўленьне сёньня, як і ўчора ў Нясьвіжы, дзе таксама прэтэндэнт здаваў подпісы на праверку, было "падкрэсьлена ветлівым":

"Спаткалі, запыталі, што і як. Казалі, што разам робім гісторыю. Падкрэсьлена ветліва ставіліся да таго, што мы робім. Можа, таму, што фота- ды тэлекамэры былі? Але і ў іншых раёнах да людзей, якія здавалі подпісы, стаўленьне было добрае".

Як паведамілі "Свабодзе" ў ЦВК, раённыя выбарчыя камісіі мусяць правесьці праверку якасьці сабраных подпісаў цягам дзесяці дзён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG