Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адменены канцэрт "Мазоўшэ": палітыка ці грошы?


27 кастрычніка Польскі дзяржаўны народны ансамбль сьпеваў і танцаў "Мазоўшэ" меўся выступіць зь вялікім канцэртам у Менску ў Палацы Рэспублікі. За прыезд вядомага народнага гурту з Варшавы былі актывісты двух Саюзаў палякаў — праўладнага, на чале са Станіславам Сямашкам, і незарэгістраванага, кіраўнічыя абавязкі ў якім выконвае Анжаліка Арэхва. Але выступ адмянілі. Чаму?

За дзень да канцэрту на сайце ансамбля зьявілася сьціслае паведамленьне: "Зь незалежных ад "Мазоўшэ" прычынаў плянаваны на 27 кастрычніка канцэрт у Палацы Рэспублікі ў Менску быў адменены. Афіцыйны ліст у гэтай справе паступіў у дырэкцыю ансамбля ад арганізатара "Лірыкатур". Тым часам у менскім прыватным унітарным прадпрыемстве па аказаньні паслугаў "Лірыкатур" спасылаюцца на тое, што яны былі толькі пасярэднікамі, да іх зьвярнуліся таму, што тут ёсьць знаўцы польскай мовы, а сапраўдным арганізатарам была фірма "Пламбір ТВ". Дырэктарка апошняй Марына Калесьнікава гэтак патлумачыла прычыны скасаваньня канцэрту:

"Вельмі нізкая рэалізацыя білетаў, прададзена было толькі дваццаць адсоткаў. Звычайна рэнтабэльнасьць разьлічваецца так, што трэба прадаць восемдзесят адсоткаў залі…"

Адзін з кіраўнікоў апазыцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут перакананы ў палітычнай падаплёцы скасаваньня канцэрту:

Анджэй Пачобут
"Прадстаўнікі ансамбля папросту былі ўцягнутыя ў палітычную гульню. Беларускія ўлады вырашылі падмацаваць імідж пралукашэнкаўскага Саюзу палякаў. Фактычна "Мазоўшэ" была пастаўлена перад фактам. Іх запрасіла прыватная фірма выступіць, яны пагадзіліся, яны хацелі прыехаць у Беларусь. А калі прыйшлі афармляць візы, іх паставілі перад фактам: вы едзеце на запрашэньне Сямашкі (праўладнага СПБ), таму павінны зьмяніць у сваіх анкетах "запрашаючы бок" на СПБ, і тады вы атрымаеце бясплатныя візы".

Андрэй Пачобут удакладняе, што ў інтэрвію польскім СМІ прадстаўнікі "Мазоўшэ" паведамілі, што вырашыць гэтую сытуацыю яны хацелі такім чынам: каб білеты, якія атрымоўвае сам ансамбль для распаўсюду, былі перададзеныя цалкам незалежнаму Саюзу палякаў.

"Але ніхто з арганізатараў на кіраўніцтва нашага СПБ не выходзіў. І пасьля таго як сытуацыю апісала польская прэса, прадстаўнікі "Мазоўшэ" ў інтэрвію для Польскага прэсавага агенцтва назвалі ў якасьці прычыны таго, што яны адмаўляюцца ехаць, тое, што іх уцягваюць у палітычную падтрымку пралукашэнкаўскага Саюзу палякаў".

Андрэй Пачобут кажа: прадстаўнікі праўладнага Саюзу палякаў пацьвярджалі ў СМІ, што мелі дачыненьне да арганізацыі канцэрту "Мазоўшэ". Тым часам намесьнік старшыні гэтага саюзу Мечыслаў Лысы такія зьвесткі абвяргае:

Мечыслаў Лысы
"Па-першае, культура ніколі не была ў палітычным полі, гэта розныя рэчы. Я быў заўсёды за тое, каб яны прыехалі, але не атрымалася. Мы падтрымалі ініцыятыву, але мы не маглі арганізоўваць. Згодна са статутам мы займаемся культурай, адукацыяй. Мы б вельмі жадалі, каб яны прыехалі, але яны таксама жорсткія рамкі паставілі: давайце "пенёнжкі", а інакш не прыедзем. І білеты ня выкупленыя папросту. Мне многа гаварылі, і я толькі адчуваю папрок у свой адрас: а дзе вашыя палякі? Я наколькі разумею: апошняя плацёжка не прайшла, гэта значыцца — ім не паступілі "пенёнжкі", і яны не паехалі. Вось і ўсё".

Мечыслаў Лысы ня бачыць ніякай палітыкі ў тым, што канцэрт "Мазоўшэ" ў Палацы Рэспублікі не адбыўся:

"Абсалютна няма палітыкі, проста тут грашовыя справы. Няма палітыкі, хаця мне падаецца, што хтосьці хацеў бы падаць так, што тут палітычная справа".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG