Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты-крыміналісты АБСЭ знаёмяцца са справай Бябеніна


Алег Бябенін

Алег Бябенін

Экспэрты-крыміналісты АБСЭ пачалі знаёміцца з матэрыяламі расьсьледаваньня сьмерці журналіста Алега Бябеніна.

"Гэта двое экспэртаў, якіх вызначыў цэнтральны офіс АБСЭ ў Вене. Яны ўжо сустрэліся з генэральным пракурорам Беларусі Рыгорам Васілевічам і пачалі знаёміцца з матэрыяламі, падрыхтаванымі для іх", — паведаміў кіраўнік менскага офісу АБСЭ Бэнэдыкт Галер.

Галер удакладніў, што экспэрты "не праводзяць уласнага расьсьледаваньня (...) яны праглядаюць матэрыялы і фармуюць сваю думку адносна гэтай справы".

Кіраўнік офісу АБСЭ сказаў, што экспэрты працуюць у аўтаномным рэжыме. "Пакуль я нават не магу сказаць пра праграму іхнага візыту, якую яны вызначылі для сябе падчас сустрэчы ў Генпракуратуры", — заявіў ён.

У Беларусь прыехалі судовы мэдык і крыміналіст з Нарвэгіі і Швэцыі.

Асноўная частка матэрыялаў справы перакладзеная на ангельскую мову.

Тэрмін правядзеньня праверкі падоўжаны пракурорам Менскай вобласьці да 3 лістапада.

Комплексная экспэртыза цела яшчэ не завершаная.

Цела заснавальніка сайту "Хартыя-97" Алега Бябеніна было знойдзена на ягоным лецішчы 3 верасьня.

Паплечнікі Бябеніна ня вераць у вэрсію пра самагубства.

Органы пракуратуры правяраюць вэрсію забойства і інсцэніроўкі самагубства Бябеніна, нагадвае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG