Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вайсковых частках вітаюць зборшчыкаў подпісаў, але не падпісваюцца


На Гарадзеншчыне некаторыя зборшчыкі подпісаў за кандыдата ад незарэгістраванай Партыі БХД Віталя Рымашэўскага скарысталіся правам падчас выбарчай кампаніі наведаць вайсковыя часткі. Сваімі ўражаньнямі яны падзяліліся з карэспандэнтам Свабоды.

Мікола Баўсюк і яго паплечнікі зьвярнуліся да камандзіра часткі першай Беларускай брыгады, якая месьціцца ў Горадні ў мікрараёне Фолюш. Той, у сваю чаргу, запрасіў іх на канкрэтны час.

Зборшчыкі подпісаў былі ўражаныя, калі пабачылі на тэрыторыі чаські аб’явы, што ў пэўны дзень і час у вайсковым клюбе будуць зьбірацца подпісы за прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага:

“Нас сустрэлі ветліва, правялі аж у клюб, распавядалі, як справы ў частцы, як жаўнеры жывуць, як ім там падабаецца, пачаставалі нас гарбатай, кавай, печывам, размаўлялі з намі. Потым я гляджу — хвілінаў 40 мінула, а нікога няма. Я глянуў у вакно — а на вуліцы ніводнага жаўнера”.

Са слоў Міколы Баўсюка, намесьнік камандзіра па ідэалягічнай працы пачаў некуды тэлефанаваць, і ў клюб прыйшлі трое жаўнераў і некалькі афіцэраў, паглядзелі наглядную агітацыю і, нічога ня кажучы, зноў пайшлі.

На гэтым, яка кажа Баўсюк, збор подпісаў і скончыўся. Праўда, пазьней жаўнеры з брыгады падказалі зборшчыкам подпісаў, чаму яны не прыйшлі ў клюб.

“Аказалася, жаўнерам загадалі з 12 да 13 не выходзіць нікуды з казармы. Выпускалі толькі тых, да каго прыходзілі родныя на КПП”, -- расказвае Мікола Баўсюк.

У той самы дзень і ў той самы час, толькі ўжо ў Слонімскай вайсковай частцы, Іван Бедка спрабаваў зьбіраць подпісы за Віталя Рымашэўскага. Ён быў таксама ўражаны гасьціннасьцю вайскоўцаў:

“І аб’явы павесілі на ўваходзе ў частку, на клюбе. І каву я піў з камандзірам і з зампалітам — вельмі добры прыём, але подпісу ніводнага”.

Іван Бедка распавядае, што ў клюб прыходзіла каля 10 жаўнераў, яны чыталі інфармацыю пра Віталя Рымашэўскага, адзін зь іх нават абгрунтаваў, чаму ня будзе ставіць свой подпіс — маўляў, той скончыў духоўную акадэмію, а ён атэіст. Праўда, былі і такія, хто паставіўся да гэтага інакш.

“Але я ім сказаў: “Калі на вас будуць ціснуць, то лепш ня трэба, бо вашы подпісы і так нічога ня вырашаць”. А яны мне казалі: каб, маўляў, быў хоць чый подпіс, то і мы паставілі б. Але я іх адгаварыў, бо калі такая справа, то гэта нічога ня дасьць”, -- падсумоўвае Іван Бедка.
XS
SM
MD
LG