Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: “Гэта цалкам незаконнае рашэньне”


Павал Севярынец на зьезьдзе БХД

Павал Севярынец на зьезьдзе БХД

Міністэрства юстыцыі трэці раз адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і пералічыла падставы для такога рашэньня на сваім сайце.

Міністэрства лічыць нелегітымным зьезд Партыі БХД, які адбыўся 12 верасьня 2010 году.

Паводле міністэрства, парушаны парадак стварэньня Партыі БХД, і такое парушэньне мае неадольны характар. Партыяй пададзены дакумэнты і зьвесткі, якія не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства, у тым ліку падробленыя і несапраўдныя дакумэнты.

А ўмовы сяброўства ў партыі не адпавядаюць яе ўстаноўчым дакумэнтам.

Да прыкладу, паводле Мін'юсту, устаноўленая квота прадстаўніцтва дэлегатаў на зьезд не была выкананая, бо замест 147 дэлегатаў на зьезд было абрана толькі 135. Маўляў, некаторыя грамадзяне, названыя ў сьпісе дэлегатаў устаноўчага зьезду, наогул ня значацца ў сьпісах заснавальнікаў партыі. З 90 апытаных 28 не зьяўляюцца заснавальнікамі і ня бралі ўдзелу ў мерапрыемствах па стварэньні партыі. Яны нават ня ведаюць пра існаваньне такой партыі, пра што яны пацьвердзілі пісьмова.

Чыноўнікі Мін'юсту сьцьвярджаюць, што сходы заснавальнікаў Партыі БХД у большасьці рэгіёнаў не праводзіліся. Пры зборы подпісаў прадстаўнікі ініцыятыўнай групы па стварэньні Партыі БХД уводзілі людзей у зман адносна мэтаў дзейнасьці партыі альбо прапаноўвалі паставіць свае подпісы на іншых падставах, напрыклад, за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Шэраг грамадзянаў ставілі свае подпісы ў сьпісах заснавальнікаў партыі, аднак такімі сябе ня лічаць і не зьбіраюцца браць удзелу ў яе дзейнасьці.

Паводле Мін'юсту, ёсьць мноства недакладнасьцяў у анкетных дадзеных асобаў, пазначаных у сьпісах заснавальнікаў партыі.

У выніку выбарачнай праверкі асобаў зь сьпісу заснавальнікаў Партыі БХД, устаноўлена, што 45 зь іх неаднаразова прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці і ў асноўным за карысьлівыя злачынствы.

Ёсьць выпадкі, калі асобы, названыя сярод заснавальнікаў партыі, прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці некалькі разоў. Мін'юст прыводзіць прозьвішчы Салдаценкі і Сургана.

Адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец пракамэнтаваў рашэньне Мін'юсту:

«Мін'юст апытваў людзей з дапамогай КДБ, мясцовых адміністрацый, начальнікаў, дэканаў. І людзей палохалі: калі вы ня выйдзеце з гэтай арганізацыі, якая супраць дзяржавы, якая незарэгістраваная, нелегальная, з гэтай сэкты, — у вас будуць вялікія праблемы.
Людзей палохалі: калі вы ня выйдзеце з гэтай арганізацыі, якая супраць дзяржавы, якая незарэгістраваная, нелегальная, з гэтай сэкты, — у вас будуць вялікія праблемы.
Дзясяткі людзей зазнавалі такі ціск, і некалькі чалавек ня вытрымалі і напісалі адмовы. Ужо трэці раз Мін'юст робіць такую "праверку", якая больш падобная на нейкую спэцапэрацыю ці бамбаваньне. Мы разумеем, што трэба змагацца, што трэба дзейнічаць, нягледзячы ні на якія рашэньні Мін'юсту. І мы выдатна разумеем, што прыйдзе час, і тыя людзі, якія займаліся запалохваньнямі, і тыя людзі, якія рыхтавалі вось гэтыя злачынныя паперы, панясуць адказнасьць».

Камэнтуючы прэтэнзіі Мін'юсту адносна квотаў, Севярынец адзначыў, што «ў рэальнасьці Мін'юст гуляе па правілах, прыдуманых на хаду». Ён адзначыў, што ўсё было зроблена ў адпаведнасьці з заканадаўствам:

«Гэта цалкам незаконнае рашэньне, якому хочуць надаць хаця б нейкі выгляд юрыдычнага. Нічога юрыдычнага тут няма. Гэта ўсё ціск, беззаконьне і рашэньне, сфармуляванае ў адміністрацыі Лукашэнкі».

Паводле Севярынца, Мін'юсту была пастаўленая задача назваць белае чорным і аб’явіць БХД зборышчам крымінальнікаў:

«Гісторыя Сургана, які нібыта ўкусіў за пальчык міліцыянта, гэта проста клясыка. Ён адсядзеў шэсьць месяцаў за тое, што яго міліцыянты білі галавой аб падлогу. А насамрэч ён адсядзеў за бел-чырвона-белы сьцяг, узьняты на аўтобусным прыпынку. Што да Салдаценкі, які мае пэўнае крымінальнае мінулае, то любы чалавек з крымінальным мінулым мае права на пакаяньне, каб стаць нармальным грамадзянінам».

Паводле Севярынца, партыя будзе існаваць далей, будзе больш моцнай і дзейснай:

«На гэтыя выклікі мы адказваем больш моцнай і грунтоўнай працай. У пачатку лістапада ў нас будзе Нацыянальная рада, і мы сфармулюем стратэгію далейшых паводзінаў. БХД будзе дзейнічаць легальна, паўлегальна, падпольна. БХД будзе жыць, змагацца і перамагаць».

Партыя БХД трэці раз падавала дакумэнты на рэгістрацыю. Ці будзе яна праводзіць новы ўстаноўчы зьезд, вырашыць Нацыянальная рада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG