Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці звалі Каліноўскага Кастусём?


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Апошнім часам зьявілася шмат публікацыяў, дзе сьцьвярджаецца, што нашага нацыянальнага героя Каліноўскага ў сапраўднасьці звалі не Канстанцінам і, пагатоў, не Кастусём, а — Вікенціем. Дзе тут праўда?

Андрэй Белы



Будучы кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Літве-Беларусі зявіўся на сьвет 2 лютага 1838 году ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету, якая цяпер знаходзіцца на абшары Польшчы. Праз чатыры дні ў хрысьцільнай кнізе Ялаўскага касьцёлу быў зроблены запіс пра Вікенція Каліноўскага, а 4 красавіка нованароджанага зарэгістравалі ўжо пад двума імёнамі — Вікенці Канстанцін.

Шляхецкія сем’і мелі даўнюю традыцыю часта даваць дзецям некалькі імёнаў. Да прыкладу, старэйшы брат Каліноўскага быў ахрышчаны як Віктар Отан.

Іншага нашага знакамітага суайчыньніка і паўстанцкага правадыра Касьцюшку афіцыйна звалі Андрэй Тадэвуш Банавэнтура. Мала хто ведае, што клясык новай беларускай літаратуры (дарэчы, у маладосьці — таксама інсургент) Францішак Багушэвіч меў яшчэ адно імя — Бенядыкт. Дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы ад Менскай губэрні, а затым кіраўнік створанага ў 1917 годзе Беларускага нацыянальнага камітэту Раман Скірмунт у афіцыйных паперах менаваўся Раманам Мар’янам. Аднак і Касьцюшка, і Багушэвіч, і Скірмунт для заўсёднага карыстаньня абралі, па сутнасьці, адно імя — пэўна ж тое, якое найбольш упадабалі. Пад гэтымі імёнамі мы іх сёньня і ведаем.

Аналягічны выбар зрабіў для сябе і Каліноўскі. Гэтаму ёсьць мноства сьведчаньняў. Пераканацца ў тым, як называў сябе сам наш герой, вы можаце, узяўшы ў рукі том дакумэнтаў і матэрыялаў «Восстаніе в Літве і Белоруссіі 1863-1864 гг.» (М., 1965) і разгарнуўшы яго на старонках 82, 84-88, 159, 160, 167, 271, 272 і г.д.

У Гістарычным архіве Літвы захоўваецца сьпіс навучэнцаў Сьвіслацкай гімназіі, дзе фігуруе «Каліноўскі Канстанцін». Шмат разоў згадвае яго пад гэтым імем і ўдзельнік, а пазьней гісторык паўстаньня Аскар Авэйдэ, добра знаёмы з камандзірам беларускіх інсургентаў ад студэнцкіх гадоў. Ува ўспамінах Авэйдэ ня раз піша: «Мой таварыш па ўнівэрсытэце Канстанцін Каліноўскі…»

Што да імя Кастусь, то мяркую, што бацькі, сваякі і бліжэйшыя сябры маглі называць Каліноўскага менавіта так. Ну, хіба што зь нейкімі мадыфікацыямі. Ці, можа, нехта думае, што «Марыська чарнаброва», нарачоная паўстанцкага важака Марыя Ямант клікала яго Вікенціем Канстанцінам?

Вядома, пад казённымі паперамі чалавек абавязаны быў падпісвацца тым імем, якое зафіксаванае ў мэтрыках. Таму ў шэрагу дакумэнтаў сапраўды сустракаецца імя Вікенці. «Дваранінам Вікенціем Каліноўскім» назвалі нашага героя царскія каты падчас абвяшчэньня яму сьмяротнага прысуду на віленскім Лукіскім пляцы. Дык што, будзем браць зь іх прыклад і мяняць імя, якое даўно замацаванае і ў энцыкляпэдыях, і ў народнай памяці?
Далібог, часам здаецца, што мы маем справу зь нейкім нацыянальным садамазахізмам.


Я магу зразумець, калі гэтым спрабуюць займацца беларусафобы, але што змушае падпяваць ім двух-трох аўтараў, якіх у згаданай фобіі не западозрыш. Далібог, часам здаецца, што мы маем справу зь нейкім нацыянальным садамазахізмам. Тут міжволі згадваецца іншы яго прыклад. Адзін калега-літаратар з паталягічнай зацятасьцю паўтарае ў сваіх інтэрвію, што беларускія пісьменьнікі, маўляў, з жонкамі і каханкамі размаўляюць у ложку по-расейску. Як быццам сам хаваўся ў шафе, альбо стаяў пры ложку зь ліхтаром.

Але вернемся да Кастуся Каліноўскага.

Карыстаючыся момантам, хачу нагадаць пра ня толькі прыкрую, але, я б сказаў, зьневажальную для нашай нацыянальнай годнасьці памылку. Ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў мэмарыяльная пліта на тым месцы ў Вільні, дзе камандзір інсургентаў зрабіў апошні зямны крок, паведамляе, што Каліноўскі нарадзіўся ў 1836 годзе, робячы яго старэйшым на цэлыя два гады. Такія «дробязі» беларускую амбасаду, відавочна, не хвалююць. Трэба нарэшце сказаць сваё слова Таварыству беларускай культуры ў Літве.

Разумею, што гэта значна больш складана, але набліжэньне 150-годзьдзя нашага вызвольнага паўстаньня вымагае і мэмарыялізацыі месца пахаваньня Каліноўскага на віленскай Замкавай гары.

Ну а на помніку нацыянальнаму герою Беларусі, які некалі абавязкова зьявіцца ў Менску, будзе напісана: «Кастусь Каліноўскі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG