Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: міліцыя не знайшла таго, хто зьбіў зьбіральніка подпісаў


Андрэй Лядоўскі зьбірае подпісы за вылучэньне Някляева.

Андрэй Лядоўскі зьбірае подпісы за вылучэньне Някляева.

Пра гэта пацярпелы Андрэй Лядоўскі, сябра ініцыятыўных груп Яраслава Раманчука, Уладзімера Някляева і Мікалая Статкевіча, даведаўся ад участковага міліцыянта Першамайскага РАУС.

Паводле спадара Лядоўскага, супрацоўнік міліцыі распавёў, што па заяве пацярпелага была праведзена праверка. Але вінаватага не знайшлі, бо гаспадар кватэры, дзе зьбіральніка подпісаў зьбілі 17 кастрычніка, заявіў, што ня ведае мужчыну, які быў і яго ў гасьцях і накінуўся на Андрэя Лядоўскага.

Віцебскі актывіст кажа, што незадаволены працай міліцыянтаў і мае намер напісаць пра гэта скаргу ў пракуратуру. Цялесныя пашкоджаньні, нанесеныя яму хуліганам, зафіксавалі мэдыкі, і, хаця з тае пары прайшло 9 дзён, пацярпелы скардзіцца на галаўны боль, а сінякі ў яго на твары відаць дагэтуль.

Лядоўскі падкрэсьлівае, што сьвядома не ўступаў у бойку са сваім крыўдзіцелем, бо адчуваў сябе адказным за тую справу, якую робіць. Ён імкнуўся захаваць падпісныя аркушы, бо нецьвярозы нападнік хацеў іх забраць і пагражаў забіць зьбіральніка подпісаў, некалькі разоў ударыўшы яго галавой аб сьцяну.

Гэта не адзіны выпадак у Віцебску, калі агрэсіўныя і нецьвярозыя грамадзяне нападаюць на зьбіральнікаў подпісаў. 28 кастрычніка адбудзецца суд над хуліганам, якога затрымалі ўдзельнікі пікетаў на вуліцы Леніна — ён абражаў жанчын і брыдкасловіў.
XS
SM
MD
LG