Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле апошняга рэйтынгу дабрабыту (Legatum Prosperity Index), які вымярае багацьце і дабрабыт у 110 краінах сьвету, многія краіны Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі маюць адносна добрыя праграмы аховы здароўя і адукацыі, але пакутуюць ад кепскага кіраваньня.

Сярод гэтых краінаў – і Беларусь. За год яе месца ў агульным рэйтынгу зьмянілася з 55-га на 54-е, аднак яна, знаходзячыся дакладна ў сярэдзіне сьпісу, саступае ня толькі лідэрам, але і такім сваім суседзям, як Літва, Латвія і Польшча.

Сёлета Legatum Institute зьмяніў мэтодыку складаньня рэйтынгу і таму ў справаздачы за 2010 год перападлічыў вынікі за 2009-ы, каб іх можна было карэктна параўноўваць зь сёлетнімі. Паводле старой мэтодыкі летась Беларусь была на 85-м месцы – гэты вынік зафіксаваны ў шматлікіх матэрыялах у інтэрнэце, пасьля перападліку – на 55-м.

Спадарыня Чой, аналітык брытанскай фундацыі Legatum, робіць зь сёлетняга дасьледаваньня наступныя высновы адносна некаторых краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

“Дрэнная сыстэма кіраваньня, карупцыя, адсутнасьць даверу да судовай сыстэмы альбо да выбараў; гэта тое, што цягне краіну ўніз – а таксама неэфэктыўнасьць і непразрыстасьць ураду.

Рэйтынг дабрабыту ўлічвае стан эканомікі, прадпрымальніцтва, якасьць кіраваньня, адукацыі, аховы здароўя, бясьпекі, асабістай свабоды і сацыяльнага капіталу.

Амаль усе краіны, якія летась займалі месцы ніжэй за 60-е, зьнізілі сёлета свае паказьнікі. Расея ссунулася з 62-га месца на 63-е, Украіна - на 6 месцаў, з 63-га на 69-е. Малдова таксама сьлізганула з 83-га месца да 86-га, а Пакістан скаціўся з 107-га месца на перадапошняе ў сьпісе 109-е.

Іран пасунуўся на адну пазыцыю – з 93-й на 92-ю, але некаторыя з дадзеных Legatum, якія выкарыстаныя адносна гэтай краіны, датычыліся 2008 году. У 2009 іранскі ўрад урад не дазволіў задаваць падчас сацыялягічных апытаньняў некаторыя пытаньні, у прыватнасьці, наконт ацэнкі сумленнасьці і пра наяўнасьць ці адсутнасьць страху перад публічным выказваньнем сваіх палітычных меркаваньняў.

Сярод цэнтральнаазіяцкіх краінаў найбольш значнае падзеньне адбылося ў Узьбекістане – з 65-га на 76-е месца. Гэта адбылося ў выніку эканамічных праблемаў, паводле адпаведнага паказьніка гэтая краіна ссунулася ўніз на 39 месцаў. Ва Ўкраіне зьніжэньне было абумоўлена пагаршэньнем пазыцый у якасьці кіраваньня і ў галіне асабістых свабодаў. Харватыя і Казахстан тым часам падняліся ў рэйтынгу на адну пазыцыю – на 38-е і 50-е месцы адпаведна.

Паводле дасьледчыкаў, сусьветны эканамічны крызіс у пэўнай ступені адбіўся на дадзеных, але ня будзе мець значнага ўплыву на рэйтынгі наступнага году. Экспэрт цэнтру Legatum Эшлі Леніган адзначае, што Ірляндыя і Ісляндыя – дзьве з краінаў, якія найбольш пацярпелі ад глябальнага эканамічнага спаду, апынуліся ў дасьледаваньні на даволі высокіх месцах – на 11-м і 12-м – дзякуючы высокім ацэнкам асабістай свабоды, адукацыі, ахова здароўя і якасьці кіраваньня.

Спадарыня Леніган адзначыла адно з ключавых адкрыцьцяў сёлетняга дасьледаваньня: што дабрабыт у глябальным маштабе шчыльна зьвязаны з узроўнем прадпрымальніцкай актыўнасьці, а таксама з высокім узроўнем асабістай свабоды, даверу і цярпімасьці.

Яна адзначыла, што ў некаторых краінах імклівы эканамічны рост не прывёў да істотнага росту дабрабыту:

“Мы выявілі таксама, што эканамічны рост не дастатковы для такіх краін, як Бразылія, Расея, Індыя і Кітай, каб весьці да росквіту, гэтыя краіны прадэманстравалі добрыя паказьнікі росту ВУП, але іх агульную ацэнку сапсавалі паказьнікі ў такіх сфэрах, як ахова здароўя, адукацыя, асабістая свабода і бясьпека”.
XS
SM
MD
LG