Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя вылучыць 700 прадстаўнікоў у 6390 участковых камісіяў


Пачалася кампанія вылучэньня кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў, якія будуць весьці падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня. Апазыцыя зьбіраецца накіраваць сваіх прадстаўнікоў толькі ў дзясятую частку камісіяў. Такое прадстаўніцтва не дае магчымасьці пракантраляваць падлік галасоў па ўсёй краіне, але дазваляе зрабіць высновы наконт дэмакратычнасьці выбарчага працэсу.

Паводле выбарчага графіку вылучэньне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі завершыцца 31 кастрычніка. Да 4 лістапада мясцовыя саветы і выканкамы на супольных пасяджэньнях павінны сфармаваць 6390 участковых камісіяў.

Ад апазыцыі каардынацыяй вылучэньня ў камісіі займаецца кампанія "За свабодныя выбары", у якую ўвайшлі 14 палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, у тым ліку партыя левых "Справядлівы сьвет", БНФ, АГП.

Паводле сустаршыні гэтай кампаніі Сяргея Калякіна, заплянавана вылучыць ва ўчастковыя камісіі сама меней 500 чалавек. Толькі Беларуская партыя левых "Справядлівы сьвет" накіруе ў склад камісіяў 270 чалавек. Рэальна ж ад кампаніі "За свабодныя выбары" будзе вылучана каля 700 чалавек, паведаміў Сяргей Калякін. Некаторыя штабы апазыцыйных кандыдатаў — напрыклад, штаб Андрэя Саньнікава, — таксама вылучаюць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі — шляхам збору подпісаў. Але ў любым выпадку на ўсе камісіі прадстаўнікоў апазыцыі ня хопіць, у тым ліку і таму, што значная частка дэмакратаў занятая ў ініцыятыўных групах апазыцыйных кандыдатаў.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін прызнаецца, што апазыцыя і ня ставіць задачу ахапіць усе камісіі:

"Нават калі б мы вылучылі 7000 чалавек ва ўсе 7000 камісіяў, гэта не зьяўляецца гарантыяй таго, што выбары ня будуць фальсыфікаваныя. Таму што ў большасьці мэханізмаў фальсыфікацыі, якія прымяняюцца сёньня, удзельнічаюць адзін-два чалавекі з камісіі. У асноўным гэта кіраўнікі камісій, іх намесьнікі і сакратары".

Паводле спадара Калякіна, дастаткова пракантраляваць працу 250 выбарчых участкаў, каб зрабіць выснову, ці былі выбары справядлівыя ў цэлым па краіне.

З другога боку, няма ніякіх гарантыяў, што ў камісіі ўключаць усіх апазыцыянэраў, якія будуць туды вылучаныя. Звычайна празь сіта вэртыкалі праходзіць толькі каля 15 працэнтаў вылучаных апазыцыянэраў. Такім чынам, у цяперашніх умовах апазыцыя можа разьлічваць на 100—120 сваіх прадстаўнікоў у камісіях, мяркуе спадар Калякін:

"Гэтыя людзі павінны быць добра падрыхтаваныя псыхалягічна, яны павінны быць навучаныя, мець высокую матывацыю, каб напоўніцу выкарыстоўваць свае правы. На мінулых мясцовых выбарах у нас было 160 сябраў усіх камісіяў. Зь іх толькі 9 чалавек не падпісалі пратаколы альбо напісалі асаблівую думку. Усе астатнія фактычна асьвяцілі гэтыя выбары".

Уладзімер Кацора
Каардынацыя вылучэньня кандыдатаў ад апазыцыі ва ўчастковыя камісіі адбываецца на абласным узроўні. У Гомельскай вобласьці гэтым займаецца Ўладзімер Кацора. Паводле ягоных слоў, на 90% вылучэньне ў камісіі ідзе ад партыйных структур, астатнія 10% — шляхам збору подпісаў грамадзян. Але асаблівага энтузіязму ў актывістаў няма, кажа спадар Кацора:

"Чаканьне адно: што ня ўключаць, такі прагноз... Але калі ня ўключаць, то і гэта будзе вынік, галоўнае сьведчаньне, што ўлада і надалей ня мае намеру праводзіць сумленныя выбары і справядлівы падлік галасоў".

Актывісты кампаніі "За свабодныя выбары" накіравалі ў ЦВК зварот з просьбай ухваліць падрыхтаваныя імі праекты пастаноў, у тым ліку і наконт таго, што пры фармаваньні ўчастковых камісіяў вылучэнцы палітычных партый павінны мець прыярытэт.

Мікалай Лазавік
Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, "пакуль гэты зварот знаходзіцца на разглядзе". Пазыцыя ЦВК у гэтым пытаньні наступная:

"Канечне, выконваецца гэты прынцып, каб адна траціна была прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, ня меней за адну траціну. Але ў першую чаргу трэба глядзець, хто гэтыя прадстаўнікі, наколькі гэта аўтарытэтныя і паважаныя выбарцамі людзі".

Мікалай Лазавік таксама зазначыў, што галоўны крытэр пры фармаваньні выбарчых камісіяў — не прыналежнасьць да палітычных партыяў, а "дзелавыя якасьці самога чалавека, вылучанага ў камісію, ягоны аўтарытэт, тое, наколькі ён умее працаваць з законам, паважае гэты закон і ўмее працаваць зь людзьмі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG