Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі спрасьцілі парадак пераплянаваньня кватэраў


Гэта прадугледжана пастановай Савету Міністраў № 1526, паведаміла галоўны інжынэр управы жыльлёвай гаспадаркі Мінжылкамгасу Віялета Андрыянава.

Пастановай унесены зьмены ў Палажэньне аб парадку перабудовы і пераплянаваньня жылых памяшканьняў у шматкватэрных жылых дамах і Палажэньне аб парадку рэканструкцыі аднакватэрных, блякаваных жылых дамоў і нежылых пабудоў на прыдамовай тэрыторыі.

Першым дакумэнтам прадугледжаны вычарпальны мінімальны пералік работ, якія патрабуюць дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органу, а таксама абавязковай распрацоўкі праектнай дакумэнтацыі. У гэты пералік уключаны толькі тыя працы, якія закранаюць апорныя канструкцыі, інжынэрныя сыстэмы і ад якіх залежыць захаванасьць асобных памяшканьняў і жылога дому ў цэлым.

У той жа час зьмены пашыраюць пералік рамонтна-будаўнічых работ, якія не патрабуюць дазволу выканкаму і распрацоўкі праекту. У яго дадаткова ўвайшлі работы па дэмантажы ваннай і ўстанаўленьні душавой кабіны, пераносе існуючай і (або) ўстанаўленьні дадатковай водаразборнай арматуры, замене ўнутрыкватэрных трубаправодаў водазабесьпячэньня і каналізацыі, а таксама пакрыцьця падлогі.

Новыя рэдакцыі палажэньняў набудуць моц празь месяц пасьля афіцыйнага апублікаваньня пастановы, якая была прынятая 20 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG