Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Да каго – з пугай, а да каго – і зь пернікам"


Прыкмета хуткіх выбараў: улада шукае сродкі на павелічэньне заробкаў і пэнсій. У рэгіёнах многія людзі заўважылі, што апошнім часам чыноўнікі прыкметна зьмянілі стаўленьне да просьбаў і скаргаў, імкнуцца паказаць, што вырашаюць застарэлыя і новыя праблемы. Пра такія выпадкі інфармуюць сёньня ўласныя карэспандэнты "Свабоды".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Выбарцы на продаж

На Гарадзеншчыне перад выбарамі пэнсіянэрам даюць аднаразовую дапамогу; тым, хто жыве ў інтэрнаце, абяцаюць палепшыць жыльлёвыя ўмовы.

На шклозаводзе ў Бярозаўцы, адкуль апошнім часам з-за нізкіх заробкаў пачалі звальняцца высокакваліфікаваныя рабочыя, вывесілі аб’яву, што бліжэйшым часам усе атрымаюць прэмію ў 140 тысяч рублёў. Кажа рабочы заводу:

Спадар: "Людзі ўсе ўжо даўно разумеюць, што гэта робіцца напярэдадні выбараў, і ніхто тут асабліва не купляецца на гэтыя танныя цацкі. Але вось далі і далі, што — адмаўляцца? Людзі разумеюць, што да чаго".

У памежным зь Літвой Астравецкім раёне ўлады хваляцца, што дзякуючы Лукашэнку ўсе ахвотныя хутка будуць безь перашкодаў наведваць Вільню.

Кажа астравецкі актывіст Іван Крук:

Іван Крук
"У нас ужо пра гэта гавораць на поўны голас, кажуць людзям: глядзіце, як кіраўнік краіны дбае пра нас, каб мы ўжо вольна езьдзілі ў Вільню. Вось, маўляў, 20 эўра заплацім — і пяць гадоў можна будзе езьдзіць. Гэтае дасягненьне вельмі мусіруецца вэртыкальлю ў нашым раёне".

Са слоў Івана Крука, шмат хто ўспрымае гэта як вялікае дабро. Праўда, часта даводзіцца чуць ад людзей і адваротнае: чаму мы 16 гадоў ужо нікуды ня можам выехаць?

У Слоніме тым, хто падтрымае на выбарах дзейнага прэзыдэнта, ідэолягі абяцаюць адчувальныя выгоды ў будучыні. Вось што распавядае жыхар Слоніма.

Спадар: "У інтэрнатах камвольнай фабрыкі абяцалі людзям блёкі, калі падпішуцца і прагаласуюць за Лукашэнку. Да прыкладу, жывуць людзі ў адным пакоі, а ім дадуць цэлы блёк. У гандлі і садках, наадварот, застрашвалі — калі не падпішуцца, пазбавяць кантрактаў".

Мастоўскія ідэолягі пачалі працаваць, як толькі абвясьцілі выбары. Мясцовы спадар распавядае, што галоўны ідэоляг раёну асабіста хадзіла па шматкватэрных дамах і цікавілася ў людзей — якія ёсьць скаргі. Пасьля гэтага рабілі дарогі, шклілі вокны.

А зараз пачалі пэнсіянэрам выплочваць аднаразовую дапамогу на прадпрыемствах, дзе яны раней працавалі. Праўда, не на ўсіх.

Спадар: "Людзі па-рознаму да гэтага ставяцца. Як кажуць: любоў зла, пакахаеш і… Некаторыя задаволеныя такімі падачкамі ўладаў, а некаторыя адкрыта кажуць, што гэта ўсё толькі да выбараў, а потым усё стане на свае месцы".


ВІЦЕБШЧЫНА

"Мясцовыя ўлады імкнуцца дэманстраваць "клопат пра людзей"

У апошніх нумарах віцебскіх дзяржаўных газэт пачалі багата пісаць пра добраўпарадкаваньне гораду. То распавядаюць, што на Пушкінскім мосьце паставілі скульптурныя выявы ільвоў, якія павінны дадаць гэтаму месцу маляўнічасьці, то паведамляюць пра датэрміновае будаўніцтва новага культурна-дзелавога цэнтру насупраць Летняга амфітэатру, то пра высілкі камунальных службаў, якія падтрымліваюць у горадзе чысьціню.

Нават адкрыцьцё новага аўтобуснага прыпынку сталася падзеяй для перадавіцы ў газэце "Віцьбічы": маўляў, гарвыканкам выканаў просьбу жыхароў мікрараёну "Поўдзень-7".

Раіса Зарачанская, якая балятавалася ў тым мікрараёне на мясцовых выбарах, а цяпер зьбірае подпісы за вылучэньне Алеся Міхалевіча, лічыць, што дзяржаўныя СМІ спрабуюць падкупіць выбарцаў — стварыць ілюзію таго, як дзейная ўлада клапоціцца пра народ:
Папярэджваюць на працы, каб ні за кога, апрача Лукашэнкі, не давалі подпісы. І пэнсіянэраў гэтых запалохалі ...

"Адзін мне так і сказаў: "Во! У нас жа ў Віцебску так чысьценька! А яшчэ і пэнсію плацяць!" Некаторыя пэнсіянэры кажуць: "Ну вось жа дабавілі яшчэ!" Пытаюся: "І што вы купіце на тое, што дабавілі? Ці шмат?" — "Не, — кажуць, — але ўсё адно. І вайны ў нас няма!" "Божачкі! — кажу. — Калі ж тая вайна была? Каму мы трэба?" Шмат людзей напалоханых. Некаторыя кажуць, што "мы за Лукашэнку ўжо прагаласавалі", што нікому больш подпісаў не дадуць. Папярэджваюць на працы, каб ні за кога, апрача Лукашэнкі, не давалі подпісы. І пэнсіянэраў гэтых запалохалі. Шмат людзей проста напалоханых!"

Раіса Зарачанская кажа, што спрабуе патлумачыць людзям: усё, што вы чытаеце ў газэтах, — гэта прапаганда, вашыя галасы спрабуюць купіць за справаздачы пра тое, што і бяз выбараў павінна рабіцца. У выніку з 6 600 жыхароў сваёй былой выбарчай акругі за Алеся Міхалевіча ў Раісы Зарачанскай падпісаліся больш за тысячу чалавек.

Другая зьбіральніца подпісаў, Ніна Кавалёва, таксама адзначае, што на людзей сталага веку дужа паўплывала анансаваная прыбаўка да пэнсіі з 1-га лістапада:
Цяпер во, маўляў, Лукашэнка ўсіх вывеў на сьветлую дарогу, а "новы Шушкевіч" ім ня трэба" ...

"Па тэлевізары ж казалі, што падлагодзілі пэнсіямі! І во я размаўляла з жанчынай, і тая кажа: "Баімся, каб не было горш! Бо новы чалавек — гэта заўжды невядомасьць". Вось так — нехта баіцца працу страціць, калі пад выбары нешта ня так зробіць, крэдытаў людзі панабралі. Яны радыя таму, што маюць зараз, ім здаецца, што раней такога не было, параўноўваюць сытуацыю з 1990-мі. Тады паўсюль было цяжка, бо разваліўся Савецкі Саюз, а ім здаецца, што вінаваты Шушкевіч. Цяпер во, маўляў, Лукашэнка ўсіх вывеў на сьветлую дарогу, а "новы Шушкевіч" ім ня трэба".

Канстатацыя ў СМІ нават нязначных дасягненьняў, на думку спадарыні Кавалёвай, стварае ў людзей уражаньне дабрабыту і спакою, якія можна страціць.

Літаральна сёньня на афіцыйным сайце аблвыканкаму зьявілася паведамленьне пра тое, што ў Гарадоцкім раёне зьбіраюцца ліквідаваць склад пратэрмінаваных мінэральных угнаеньняў. Хаця праблеме гэтай не адзін дзесятак год, кажа мясцовы актывіст Леанід Гаравы:

"Гадамі ў нас пэстыцыды забруджвалі навакольнае асяродзьдзе, але менавіта зараз, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, інфармацыйнае агенцтва паведамляе, што праблема будзе вырашана. Апрача прамога подкупу выбарцаў — падвышэньня пэнсій, якое праводзілася двойчы, падвышэньня акладаў бюджэтнікам, — мясцовыя ўлады імкнуцца прадэманстраваць "клопат пра людзей": пачынаюць вырашаць праблемы, якія не вырашаліся гадамі!"

МАГІЛЁЎШЧЫНА

Улады саступаюць недзяржаўнаму прафсаюзу

На Магілёўшчыне адміністрацыя бабруйскага акцыянэрнага таварыства "Белшына" ня супраць далучэньня заводзкай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу да калектыўнай дамовы. Стаць яе ўдзельнікам суполка дамагаецца амаль год. Прафсаюзьнікі лічаць, што на пазыцыю адміністрацыі паўплывала набліжэньне выбараў.

Суполка ўжо выступае ўдзельніцай тарыфнага пагадненьня, якое бароніць інтарэсы шарагоўцаў. Бяз згоды суполкі адміністрацыя цяпер ня можа прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці чальцоў незалежнага прафсаюзу. Так тарыфнае пагадненьне двойчы выбавіла ад пакараньня старшыню суполкі Міхаіла Ўсьціновіча.

Каб стаць удзельнікам калектыўнай дамовы, Усьціновіч ужо даслаў адміністрацыі неабходны пакет дакумэнтаў.

"У сваім першым адказе яны пісалі, што пасьля прадстаўленьня дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць юрыдычны статус вашай арганізацыі, мы гатовыя з вамі весьці дыялёг. Гэта, зразумела, зьвязана з выбарамі. "І тое, што тарыфнае пагадненьне запрацавала, — гэта, натуральна, зьвязана з выбарамі. Трэба паказацца, якія мы добрыя й закону трымаемся, і тарыфнае пагадненьне выконваецца, і загады скасаваныя. Канечне, гэта зьвязана з выбарамі".

У адміністрацыі "Белшыны" пацьвердзілі, што гатовыя разглядаць магчымасьць удзелу суполкі незалежнага прафсаюзу ў калектыўнай дамове. Галоўны ідэоляг прадпрыемства Аляксандар Казлоў не пагаджаецца, аднак, з тым, што менавіта выбары зьмянілі стаўленьне кіраўніцтва прадпрыемства да незалежнага прафсаюзу.

"Яны даслалі дакумэнты, і мы іх будзем разглядаць і запрашаць. Ім ніхто не забараняе далучыцца да нашай калектыўнай дамовы. У нас адна з самых поўных і ёмістых з калектыўных дамоў, якая практычна з усіх бакоў бароніць працоўных прадпрыемства".

Міхаіл Усьціновіч сумняваецца, што незалежны прафсаюз стане паўнавартасным удзельнікам сацыяльнага партнэрства з адміністрацыяй, бо выбары хутка скончацца, а праблемы неабароненасьці працоўных застануцца. Адна зь іх — пазбаўленьне працоўных надбавак за прафэсійнае майстэрства:

"Тут дзевяноста працэнтаў караюць працоўных паводле гэтага пункту. А яны ж не разумеюць. Той прафсаюз узгадняе гэтае пакараньне, а гэта прыстойная сума грошай. Як толькі мы з калектыўнай дамовай вызначымся, то возьмемся за гэтае палажэньне".

Суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу "Белшыны" летась зарэгістравалі ў гатэлі — па-за тэрыторыяй прадпрыемства, дзе працуюць усе тры дзясяткі яе сяброў. На самім прадпрыемстве для прафсаюзу памяшканьня не знайшлося.
XS
SM
MD
LG