Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ахвяраў выбуху на "Пінскдрэве" павялічылася да трох

абноўлена

Колькасьць ахвяраў выбуху на Пінскай дрэваапрацоўчай фабрыцы павялічылася. Уначы памёр яшчэ адзін рабочы. Стан іншых дастаўленых у бальніцу таксама ацэньваецца як вельмі цяжкі.

Такім чынам, агульная колькасьць ахвяраў дасягнула трох чалавек.

17.00. Кіраўніцтва заводку “Пінскдрэў” абмяжоўвае доступ на тэрыторыю заводу. Толькі дзяржаўнае тэлебачаньне атрымала дазвол, гэтым і абмежаваліся.

Недахоп інфармацыі вакол выбуху ў цэху заводу “Пінскдрэў” правакуе зьяўленьне розных меркаваньняў, напрыклад, датычных колькасьці загінулых. Як кажа адна з супрацоўніц заводу, у сапраўднасьці загінула нашмат больш людзей, чым агучваецца афіцыйна. Жыхары Пінску называюць розныя лічбы. Так, даводзілася чуць, што адразу ж загінула нават некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя кажуць пра 5-8 ахвяраў, якіх бачылі на ўласныя вочы. Такія высновы падмацоўваюцца найперш магутнасьцю выбуху. Жыхар Пінску, дом якога знаходзіцца акурат насупраць цэху, кажа, што добра былі чуваць два выбухі. Прычым у яго суседкі выбуховай хваляй выбіла вокны. На гаўбцах дзевяціпавярховага дому, які знаходзіцца далей, пападалі кветкі.

Паводле гараджанаў, ‎хуткая дапамога прыехала даволі позна. Магчыма, заўтра будуць хаваць загінулых.

Яшчэ адным наступствам выбуху сталася тое, што ў цэху, дзе робяць ДВП, стаялі катлы з клеем, небясьпечныя рэчывы зь якога трапілі ў паветра. Некаторыя настаўнікі раілі дзецям не выходзіць на двор: маўляў, фармальдэгід разносіцца ветрам навокал.

Паводле людзей, у момант выбуху ў цэху знаходзілася ўся зьмена, якая працуе да 15 гадзіны. А на зьмене ня 29 чалавек, як падаецца афіцыйна, а каля 40 чалавек.

Шмат хто з гараджанаў баіцца нешта камэнтаваць і агучваць. “Пінскдрэў” – горадаўтваральнае прадпрыемства. Многія там працуюць.


14.20. Распачалі расчышчэньне завалаў у цэху, цяпер для бясьпекі дэмантуюць дах.

Як паведаміў прэсавы сакратар Берасьцейскага абласнога ўпраўленьня МНС Сяргей Машноў, у цэху працуюць камісіі МНС, пракуратуры, МУС.

Імавернасьць таго, што ў цэху пад заваламі засталіся людзі, выключаецца.

Паводле папярэдніх ацэнак, моцна пашкоджаны ня толькі будынак цэху, але і абсталяваньне. Дакладная сума стратаў будзе падлічаная пасьля заканчэньня бягучага агляду, калі камісіі складуць свае справаздачы.

13.45.
Галоўны доктар УП "Пінскі цэнтральны шпіталь" Віктар Асачук паведаміў радыё "Свабода", што 7 найбольш пацярпелых пры выбуху на ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" накіраваныя ў апёкавыя цэнтры ў Берасьце (5 чалавек) і ў Менск (7). Яшчэ 6 чалавек знаходзяцца ў Пінскім цэнтральным шпіталі.

Згодна з дадзенымі Віктара Асачука, агульная колькасьць пацярпелых паводле стану на раніцу сёньняшняга дня — 21 чалавек. Зь іх два загінулі на месцы здарэньня, адзін памёр у стацыянары.

Службы Пінскага гарвыканкаму і ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" дапамагаюць сем'ям пацярпелых матэрыяльна. Паводле слоў аднаго з удзельнікаў сустрэчы зь сем'ямі пацярпелых у гарвыканкаме, сума першай дапамогі, якую аказвае мясцовая ўлада, — 10 мільёнаў рублёў.

12.06
. Рэанімацыйныя брыгады даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар, разьмешчаны ў Менску, 7 чалавек, якія пацярпелі пры выбуху на фанернай фабрыцы ў Пінску. Аб гэтым паведамляе "Интерфакс-Запад" са спасылкай на намесьніка галоўнага лекара Пінскай цэнтральнай лякарні Тацяну Пазьняк.

"7 пацярпелых пры выбуху ў Пінску дастаўленыя ў Менск, у апёкавы цэнтар, 5 – у Берасьцейскую абласную лякарню. Многія зь іх знаходзяцца на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх", – паведаміла Т. Пазьняк.

Паводле яе слоў, у Берасьце і Менск "пацярпелыя былі эвакуаваныя рэанімацыйным брыгадамі". У цяперашні час у Пінскай лякарні знаходзяцца 6 пацярпелых: адна жанчына – у нэўрахірургіі, тры мужчыны – у траўматалягічным аддзяленьні, і яшчэ два мужчыны знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленьні, у іх "вельмі вялікая плошча апёкаў, яны на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх", паведаміла суразмоўца агенцтва.

Як раней паведамлялася са спасылкай на МНС, у выніку выбуху на фабрыцы памерлі 3 чалавекі – аднаго ратавальнікі знайшлі практычна адразу пасьля выбуху, другога знайшлі празь некалькі гадзін пад заваламі, і сёньня раніцаю ў бальніцы памёр яшчэ адзін пацярпелы. У мінулы панядзелак у Пінскую цэнтральную бальніцу былі дастаўленыя 18 пацярпелых, празь некалькі гадзін яшчэ адна пацярпелая зьвярнулася па мэдычную дапамогу ў лякарню.

Пракуратура Пінску па факце выбуху завяло крымінальную справу.

11.10 Пацярпелых ад выбуху на пінскай фабрыцы перавезьлі зь Пінску ў рэанімацыі Берасьця і Менску. Лекары ацэньваюць стан пацярпелых як цяжкі.

Тым часам гараджане адгукнуліся на заклік здаць кроў. У пінскай рэанімацыі адзначаюць, што салідарнасьць жыхароў Пінску сталася прыемнай неспадзяванкаю.


Мяркуецца, што прычынай выбуху на фабрыцы ў Пінску магла стаць высокая канцэнтрацыя драўнянага пылу, а таксама парушэньне рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня для вытворчасьці драўняна-паліўных гранул.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG