Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа чалавек накрасьціся і спыніцца?


Мапа індэксу ўспрыманьня карупцыі ў 2010 годзе
Мапа індэксу ўспрыманьня карупцыі ў 2010 годзе
Міжнародная арганізацыя Transparency International сёньня абнародавала свой даклад пра стан карупцыі ў сьвеце. Паводле Індэксу ўспрыняцьця карупцыі, Беларусь застаецца ў групе высокакарумпаваных краінаў, але сытуацыя тут крыху паляпшаецца.

У сьпіс Transparency International уключана 178 краінаў. Тры чвэрці зь іх атрымалі індэкс ад нуля да пяці і аднесеныя да зоны з высокім узроўнем карупцыі. Разам з Эквадорам, Лібанам, Нікарагуа, Сырыяй, Усходнім Тыморам і Ўгандай Беларусь дзеліць 124-130 месца.

Яраслаў Раманчук: "Красьці -- гэта амаральна і супярэчыць маім базавым вартасьцям".
У бальнай сыстэме індэкс усіх гэтых краінаў аднолькавы — 2,5 з 10. Летась Беларусь мела індэкс 2,4. Такім чынам, паляпшэньне індэксу складае адну дзясятую працэнта. Камэнтуючы гэтыя лічбы, кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук адзначыў:

"Беларусь застаецца карумпаванай, бо ў Беларусі застаецца дзяржаўная эканоміка. У краіне няма палітычнай канкурэнцыі і парлямэнцкага кантролю, свабоды СМІ. Бяз гэтага дзяржаўныя ўлады і намэнклятура ператвараюцца ў карумпаваныя кляны. Безумоўна, тут ніякага кантролю няма. Папярэдняе дасьледаваньне Ўсясьветнага банку паказвала, што ў нас узровень ценявой эканомікі складае 53% ВУП. Менавіта як карумпаваную краіну ўспрымаюць нас інвэстары. Безумоўна, без глыбокай палітычнай рэформы, без незалежных СМІ гэтую праблему ня вырашыш".

Паводле прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду ад БНФ Рыгора Кастусёва, насамрэч гэтыя лічбы не зусім дакладныя, бо многія справы аб карупцыі чыноўнікаў рознага рангу хаваюцца пад сукно:

"У Эўропе больш карумпаванай дзяржавы, чым Беларусь, няма. Калі я сустракаюся з чыноўнікамі, у мяне складаецца ўражаньне, што яны жывуць, як у апошні дзень. Што атрымаў сёньня, украў, а заўтра — хоць трава не расьці. Злавілі — сядзі, а не злавілі — значыць, пашанцавала".

Кіраўнік кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў адзначае, што "дыктатура ня можа існаваць без сваёй плятформы — карупцыі".

Уладзімер Някляеў: "Спыніцца -- няма такіх прыкладаў у гісторыі ўладнага крадзяжу".
"Наадварот, чым больш рэжым будзе казаць пра вайну, змаганьне з карупцыяй, тым больш яна разьвіваецца і квітнее. Так што вынішчыць гэтае зло можна, толькі пазбавіўшыся ад дыктатуры".

Спадар Кастусёў называе журналістаў "санітарамі грамадзтва":

"Толькі дзякуючы таму, што такія факты можна выкладаць у СМІ, праз гэта ў пэўнай ступені карупцыю можна перамагчы. І, вядома, праз карныя ворганы, праз сьледзтва і суды".

Яраслаў Раманчук мяркуе, што для барацьбы з карупцыяй павінны быць празрыстымі ўсе дзяржаўныя патокі, балянсы дзяржпрадпрыемстваў, павінны зьявіцца прыватныя газэты і тэлебачаньне, якім чыноўнікі ня будуць перашкаджаць працаваць.

Абыватальскія апасеньні, што калі да ўлады прыйдзе новая каманда, то яна пачне перадусім набіваць сабе кішэні, спадар Раманчук камэнтуе так:

"Я ня буду красьці, бо гэта амаральна і супярэчыць маім базавым вартасьцям. Я нават на сваім сайце год таму пачаў кампанію "Не ўкрадзі", каб паказаць, што гэты прынцып ёсьць фундамэнтам эфэктыўнай эканамічнай палітыкі кожнай цывілізаванай краіны".

Рыгор Кастусёў апавёў, што ўлады актыўна і зь вялікай зацікаўленасьцю спрабавалі знайсьці на яго кампрамат у 2001 годзе, але не знайшлі:

Рыгор Кастусёў: "Вось такі ў мяне характар -- не краду".
"Вось такі ў мяне характар — не краду. Удаецца мне жыць без крадзяжу. І я задаволены, што я так жыву, і ў мяне такая пазыцыя. І мне ня сорамна ні перад людзьмі, ні перад сябрамі, ні перад маёй сям'ёй. Я жыву на тыя грошы, якія зарабляю".

Уладзімер Някляеў кажа, што ня будзе красьці, бо ня ўмее гэта рабіць. А як ён ставіцца да такіх меркаваньняў, што, маўляў, гэтая ўлада ўжо накралася, дык навошта яе мяняць – прыйдуць іншыя, зноў будуць красьці. Спадар Някляеў ня лічыць такія думкі мудрымі:

"Што значыць, яны накраліся і спыняцца ў працэсе? Я такіх прыкладаў ня ведаю ў гісторыі карупцыі, уладнага крадзяжу. Я ня ведаю, каб нехта сказаў: ведаеце, я ўжо накраўся, я больш ня буду, няхай цяпер пакрадуць іншыя. Такога не было і быць ня можа. Гэта няспынная рэч: чым больш магчымасьцяў, тым больш разгараюцца жарсьці, разгараюцца вочы, і спыніць гэта нельга".

Паводле Рыгора Кастусёва, неабходна такая сытуацыя ў краіне, каб любому карупцыянэру "на самым пачатку можна было даць па лапах":

"Калі ж гэты чалавек увязаўся па-буйному, то ў такіх маштабах злачынцу прыпыніць нашмат цяжэй. У яго ёсьць мэханізмы, рычагі, фінансы, каб закрыць справы з карысьцю для яго. А вось на самым пачатку трэба даваць па руках. І менавіта СМІ гэта могуць зрабіць".

Яраслаў Раманчук лічыць, што вельмі важна ведаць, з чым чалавек ідзе на выбары, якая ў яго праграма. І менавіта з дапамогай рэформаў можна зрабіць мінімальнымі шанцы для злодзеяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG