Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».




Ці можна верыць размовам пра тое, што ў юнацтве Вы былі трансвэстытам і нават — страшна сказаць! — марылі стаць дзяўчынай?

Славамір


Гэта сапраўды страшная праўда.

Толькі гаворка ідзе пра вельмі раньняе юнацтва.

Мне было тры зь нечым гады, калі мой пільны мужчынскі позірк спыніўся на дачцэ нашых суседзяў, старэйшай за мяне на некалькі месяцаў Людачцы. Не наважуся назваць мае пачуцьці першым каханьнем, а вось слова «закаханасьць» выкарыстаць рызыкну.

Хоць я, магчыма, і быў хлопчыкам не па гадах раньнім, але што рабіць зь дзяўчынкамі, якія табе падабаюцца, яшчэ ня ведаў. У выніку закаханасьць сублімавалася ў імкненьне пераўвасобіцца ў сам яе аб’ект.

Я браў у мамы хустачку, павязваў ёю сваю зьлёгку кучаравую галоўку, падыходзіў да люстэрка і шчасьліва, быццам на нейкай урачыстасьці, абвяшчаў: «Людачка!» Цікава, што бачыць сапраўдную Людачку цяпер ужо было абсалютна неабавязкова.

Але далей справа не пайшла — не было ні сукеначак, ні спаднічак, ні банцікаў. Выключна хустачка. Зь мяне атрымаўся трансвэстыт-мінімаліст.

Бацькі згадвалі, што гэты пэрыяд майго жыцьця доўжыўся цэлае лета.

Увосень я пасталеў, пасуравеў і разьвітаўся зь першай закаханасьцю. Прыйшоў час выбіраць справу жыцьця.

Неўзабаве я быў ужо апантаны мараю зрабіцца ня Людачкай, а вадалазам. Я круціўся вакол мужных людзей, што апускаліся ў дзьвінскія глыбіні, і ўяўляў, як вырасту і таксама буду ад раніцы шукаць на дне тапельцаў, а потым расьсьцілаць на беразе мясцовую газэціну «Сьцяг камунізму» (я ўжо ведаў літары), ставіць на яе пляшку, жаваць сала зь зялёным хвастом цыбулі, а пасьля заводзіць улюбёную песьню вадалазаў з пакуль што загадкавымі словамі: «Пара-па-бабам, пара-па-бабам…»

Наступная мара была зьвязаная зь людзьмі іншай гераічнай прафэсіі. Я нават навучыўся вымаўляць яе назву без памылак — патолягаанатам. Ім быў мой надзейны старэйшы сябра, наш сусед дзядзька Жэня, найлепшы партнэр па гульні ў жаўнерыкаў і хованкі. Моцны пах розных адэкалёнаў, што заўсёды струменіў ад дзядзькі Жэні, наводзіў на думку, што якраз там, дзе ён працуе, гэтыя духмяныя рэчы і вырабляюць. Праз шмат гадоў, калі я ўжо буду збольшага ведаць, што гэта за спэцыяльнасьць, адзін зь яе прадстаўнікоў ці то жартам, ці то цалкам паважна распавядзе мне, як цяпер перад пахаваньнем, не давяраючы патолягаанатамам, сваякі нярэдка кладуць нябожчыку ў кішэню мабільнік (альбо, як вучыць нас паэт Леанід Дранько-Майсюк, «далькажык») зь перадаплатай, каб у выпадку чаго можна было пазваніць ці паслаць эсэмэску.

У тагачасным жыцьці, як пераконвалі радыё і першыя чорна-белыя тэлевізары, заўсёды знаходзілася месца подзьвігу. Мне хацелася зьдзейсьніць яго ў якасьці шпіёна. Тады яшчэ савецкага. Зрэшты пра гэта лепей прачытаць у маім апавяданьні, якое так і называецца «Я марыў стаць шпіёнам».

Перапрашаю, што я, нібыта апраўдваючыся, далёка адхіліўся ад тэмы.

Пазьней за маленства рэцыдываў трансвэстызму за мною, здаецца, не заўважалася.

Даруйце, хлушу: у піянэрскім летніку мы, хлопчыкі, аднойчы скралі ў дзяўчынак купальнікі. Уявіце сабе, як раптам дваццаць бэйбусаў зьяўляюцца на беразе возера ў дзявочых пляжных апранашках.

Далёкім водгульлем тых дзіцячых недаразьвітых схільнасьцяў і мрояў трэба, напэўна, лічыць мой намер у наступным жыцьці пабыць жанчынаю. Усё ж цікава, што яны адчуваюць…

XS
SM
MD
LG