Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі дагэтуль няма поўнай Бібліі, перакладзенай з арыгіналу


З ініцыятывы Цэнтру біблійных студый і багаслоўя і Цэнтру «Экумэна» ў мінулыя выходныя ў грэка-каталіцкім цэнтры сьвятога Язэпа прайшоў багаслоўска-духоўны сэмінар і круглы стол перакладчыкаў біблейскіх і літургічных тэкстаў на беларускую мову.

Упершыню ў Беларусі сабраліся адмыслоўцы, зацікаўленыя ў справе перакладу на беларускую мову тэкстаў з багаслоўскай рэлігійнай тэрміналёгіяй. Сустрэліся багасловы розных канфэсій і накірункаў і філёлягі розных школ, гісторыкі мовы, літаратуразнаўцы: ад айца Надсана зь Лёндану да дырэктара акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства, уключна з дасьледчыкамі, перакладчыкамі багаслоўскай літаратуры.

А абмяркоўваць было што. Вось самае простае, што на слыху і навідоку. З тэрміналягічнага пункту гледжаньня адна і тая ж зьява можа называцца па-рознаму, кажа доктар сакральнай тэалёгіі і доктар філязофіі Ірына Дубянецкая:

«Благавешчаньне, Дабравешчаньне, Зьвеставаньне… Госпад, Гасподзь, Пан, а яшчэ ёсьць Гаспадар, Спадар — гэта колькі, гэта адна мова ці тры мовы? Ці мы сапраўды гэтае пытаньне пакідаем на канфэсійны разгляд, але што тады мы робім з тэкстамі? Беларуская мова ўсё ж такі адна, яна цэльная, і яна тое, што яднае беларускі народ. Гэта вельмі-вельмі шырокі спэктар пытаньняў. А вось мы паспрабавалі не разьвязаць, нічога не пастанавіць, а проста сабрацца і паглядзець, хто мы ёсьць, чым мы займаемся, якія мэтадалёгіі спавядаем».

Філёляг Алесь Жлутка выступіў на сэмінары з дакладам «Традыцыя і пэрспэктывы перакладу Сьвятога Пісьма на беларускую мову». Ён кажа:

«Цікава тое, што хіба ўпершыню спаткаліся прадстаўнікі ўсіх канфэсіяў і паставілі гэту праблему. Гэта адно ўжо надае аптымізму — хоць першы крок зрабіць у напрамку прымальнага для ўсіх канфэсіяў тэксту Сьвятога пісьма».
Мы ёсьць адзіная пісьмовая мова ў сучасным цывілізаваным сьвеце, на якой дагэтуль, да ХХІ стагодзьдзя, няма поўнай Бібліі, перакладзенай з арыгіналу на сучасную мову.


А што да тэрміналёгіі, якая, да прыкладу, у праваслаўных і каталікоў розьніцца, то, на думку Алекся Жлуткі, гэта не зьбядняе, а ўзбагачае мову. Гаворка можа весьціся пра стварэньне агульнага тэксту, а потым ужо пра стварэньне асобнай рэдакцыі для кожнай канфэсіі. Пераклад Сьвятога пісьма мусіць адбывацца пад патранатам гіерархаў — праваслаўнага і каталіцкага.

Самае гарачае абмеркаваньне выклікала пытаньне аб вострай неабходнасьці перакладу Бібліі з арыгінальных моваў на беларускую з улікам сучасных ведаў. Расейцы пераклалі Біблію яшчэ ў 19 стагодзьдзі далёка ня зь лепшых крыніцаў і цяпер маюць праблему — як выбрацца з палону гэтага сынадальнага перакладу. У Беларусі быццам бы ёсьць дзьве Бібліі. Біблія Васіля Сёмухі. І ёсьць зробленая з арыгіналаў Біблія Янкі Станкевіча, якая мае свае хібы: мова, якую ён ужываў, уласьцівая самому Янку Станкевічу, але ніяк не беларусам, распавяла Ірына Дубянецкая:

«Наша адрозьненьне ад іншых народаў — нам трэба ня новы рабіць пераклад, а фактычна першы пераклад. Мы ёсьць адзіная пісьмовая мова ў сучасным цывілізаваным сьвеце, на якой дагэтуль, да ХХІ стагодзьдзя, няма поўнай Бібліі, перакладзенай з арыгіналу на сучасную мову».

Усе даклады, матэрыялы сэмінару і круглага стала будуць апублікаваныя, а ў наступным годзе мяркуецца сабраць Усебеларускую канфэрэнцыю на тэму перакладу біблійных і літургічных тэкстаў на беларускую мову.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG