Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: Я поўнасьцю індыфэрэнтная да гэтай сытуацыі


Рада Эўразьвязу працягнула санкцыі адносна высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі да 31 кастрычніка 2011 году. Адначасова на такі ж пэрыяд Рада ЭЗ працягнула і мараторый на прымяненьне гэтых санкцый.

У сьпіс тых, каму забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, увайшла 41 асоба на чале з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Разам з тым адносна 36 асобаў з гэтага сьпісу ўведзены мараторый на прымяненьне візавых санкцый. Пад дзеяньне мараторыя не трапляюць пяць чалавек: былы камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітрый Паўлічэнка, два былыя міністры ўнутраных спраў Юры Сівакоў і Ўладзімер Навумаў, былы генэральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына
Камэнтуючы рашэньне Рады міністраў Эўразьвязу, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая фігуруе ў гэтым сьпісе з 2004 году, адзначыла:

«Гэта звычайная, што называецца, упартасьць, прынятая аднойчы пазыцыя, якую ня хочуць пераглядаць, ды і ўсё. Я ўжо даўно нічога не чакаю. Таму не адчуваю ні зачараваньня, ні расчараваньня. Нічога не адчуваю. Лічыце, поўнасьцю індыфэрэнтная да гэтай сытуацыі».

Андрэй Савіных
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што беларускі бок прыняў да ведама заключэньне Рады міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу:

«Вядома, выклікае шкадаваньне тая акалічнасьць, што Рада ЭЗ не змагла пераадолець інэрцыйную лёгіку санкцыйнага мысьленьня. Мы неаднаразова падкрэсьлівалі, што палітыка абмежаваньня — гэта тупіковы шлях у беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях. Тым ня менш мы вітаем, выкладзены ў заключэньні, намер ЭЗ працягнуць разьвіцьцё ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю, уключна з кантактамі на высокім палітычным узроўні. Беларусь таксама імкнецца да пашырэньня ўзаемапаважлівага, раўнапраўнага і партнэрскага дыялёгу з ЭЗ і яго краінамі-ўдзельніцамі».

Аляксей Янукевіч
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што гэта тое рашэньне, якое раілі прадстаўнікі дэмсілаў Беларусі падчас сустрэчаў з эўрапейцамі:

«Яно вельмі слушнае. З аднаго боку, санкцыі прысутнічаюць, зь іншага боку, яны замарожаныя. І гэта, безумоўна, пакідае пэўны рычаг для ўзьдзеяньня на беларускія ўлады для таго, каб прэзыдэнцкія выбары былі праведзеныя свабодна. Гэта рашэньне даволі чаканае. І канчатковае рашэньне пра санкцыі можна будзе прымаць, безумоўна, па выніках таго, як беларускія ўлады правядуць гэтыя выбары».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG