Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух у Пінску: сьведчаньні відавочцаў


У Пінску здарыўся выбух у адным з цэхаў фанэрнай фабрыкі ЗАТ «Пінскдрэў», падчас якога ў будынку знаходзіліся 29 работнікаў. Паводле папярэдняй інфармацыі на дзень 25 кастрычніка, 18 чалавек дастаўленыя ў бальніцу. Сярод пацярпелых 13 чалавек маюць апёкі 60% цела і моцныя траўмы. Паведамляецца пра двух загінулых.

У Пінску створаны штаб па аказаньні дапамогі пацярпелым. Жыхары Пінску кажуць, што на фабрыцы час ад часу здараліся пажары, але такога моцнага выбуху не было.

Сьцяпан, жыхар гораду Пінску: «Быў вельмі моцны пажар, значная частка гораду аказалася задымленай. Раней таксама былі здарэньні на гэтай фабрыцы, але такога выбуху, што нават у другім раёне гораду, у кватэры, вокны якой выходзяць на другі бок ад фабрыкі, было чуваць, яшчэ не было».

Толькі праз тры гадзіны пажар патрапілі патушыць.

Прэсавы сакратар Пінскага ГРМНС Аляксандар Германовіч: «Пажар патушаны, цяпер супрацоўнікі МНС праводзяць агляд памяшканьняў, прамываюць вадой тэрыторыі цэху».

Паводле супрацоўніка МНС, пацярпелыя дастаўленыя ў шпіталь. Цяпер праводзіцца расчыстка завалаў:

«Мы спадзяемся, што ўсе пакінулі цэх, і пад заваламі нікога ня будзе. Хаця ніхто не дае ніякіх гарантыяў, але спадзяемся на лепшае».

Рабочыя фабрыкі кажуць, што ахвяр нашмат больш, чым паведамляецца афіцыйна.

Жыхар Пінску, работнік фабрыкі Міхал: «У курылцы я чуў, што загінула вельмі шмат людзей. На самой справе было вельмі далёка відаць пажар, які ўспыхнуў у выніку выбуху. Не кажу ўжо і пра сам выбух. Яго моц была велізарнай!»

Чыноўнікі адзначаюць, што сёньня напрыканцы дня будзе агучаная інфармацыя пра страты і ахвяры.










Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG