Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чаму міліцыя не ганяе за бел-чырвона-белыя сьцягі?"


Слухачы абмяркоўваюць выбарчую кампанію, падвышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня і выказваюць свае прапановы.


Наш слухач Аляксандар Лапіцкі з Барысава лічыць, што патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта павінны тэрмінова адрэагаваць на выказваньні кіраўніка краіны, які таксама ўдзельнічае ў выбарах.

"Шчырае прызнаньне, нічога дзіўнага. Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка ня меў рацыі заявіць, што будуць зарэгістраваныя ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты краіны, якія зьбяруць неабходную колькасьць галасоў выбаршчыкаў. Такую заяву мае права зрабіць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

А калі такую заяву робіць кандыдат у прэзыдэнты краіны, то гэта сьведчыць пра тое, што ён кіруе цэнтральнай выбарчай камісіяй, і як яе кіраўнік ён сябе не пакрыўдзіць пры падліку галасоў выбаршчыкаў. Вось нам і вядомыя вынікі гэтых выбараў ад кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Рыгоравіча".

Наша сталая слухачка Тацяна Барэль з Асіповічаў выказала сваё меркаваньне наконт прэзыдэнцкай кампаніі:

"Вось здаецца мне вельмі цікавым, чаму ня зьняты з выбарчай гонкі спадар Някляеў за парушэньне выбарчага заканадаўства? Чаму такая лёгкая зараз магчымасьць для збору подпісаў? Чаму пакуль не ганяюць за бел-чырвона-белыя сьцягі?Можа, вельмі хочуць, каб людзі прыйшлі на выбары? У сваю чаргу, чаму кандыдаты не здымаюцца пасьля чарговага сьведчаньня міліцыянта Казлова пра фальсыфікацыю на выбарах? Чаму ня могуць прадставіць адзінага кандыдата? Можа, таму што слабыя? З высокімі асабістымі амбіцыямі? А ня з думкамі і дзеяньнямі на карысьць Беларусі?"

Палітык Вінцук Вячорка камэнтуе званкі слухачоў:

"Сіла дэмакратычнай грамадзкасьці пры такіх рэжымах — у яе адзінстве. Менавіта таму было зроблена ўсё, каб разваліць, пачынаючы з 2007—2008 гадоў, адзіную на той час рэальную баяздольную кааліцыю — Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы.

Ніякіх новых кааліцыяў замест яе ці поруч зь ёй так і не паўстала. Няздольнасьць прэтэндэнтаў аб'яднацца як мага раней сьведчыць проста пра іхную невялікую адказнасьць за лёс краіны.

Калі гаварыць пра выказваньне Лукашэнкі, што ён аддаў загад усіх рэгістраваць, то гэта лішні раз пацьвярджае, што ўся папярэдняя кампанія, збор подпісаў і адносная вольніца падчас збору подпісаў нічога супольнага ня будуць мець ані з рэгістрацыяй кандыдатаў, ані тым больш з падлікам галасоў.

Усё кантралюецца выканаўчай уладай, пра што недвухсэнсоўна сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Аднак спадзявацца на супольнае рашэньне прэтэндэнтаў у кандыдаты выставіць жорсткія патрабаваньні не выпадае. Сярод іх цяпер будзе не адзін, а некалькі Гайдукевічаў, і мы ніколі не даведаемся, хто рэальна сабраў 100 000 подпісаў, а хто не сабраў сярод гэтых наваяўленых Гайдукевічаў".

Цэны ў беларускіх крамах пастаянна падвышаюцца, і слухачы выказваюцца наконт гэтага. Наша слухачка, пасьля таго, як паслухала размовы ў краме, патэлефанавала на "Свабоду":

"Была сьведкай, як у даволі багатай дзяржаўнай прадуктовай краме жанчына выказвалася. Пакупніца, відаць. Побач былі іншыя пакупнікі, прадавачкі. Казала так: "Цэны ў нас так падвышаюцца, каб у Расею не вывозілі нашы прадукты, бо ў Расеі ўсё дорага". Ці сапраўды яна так перакананая, ці не, але так спакойна выказвалася, што падумалася, ці не правакацыя гэта публікі перадвыбарчай.

Цікава, у Эўропе адкрытыя межы паміж краінамі, толькі там не крычаць, што прадукты вывозяць злыдні. Можа, я нешта ня так разумею, я не эканаміст, толькі ці не занадта мы дорага плацім за вялікае шчасьце быць адзіным народам? У Расеі таксама папрокі наконт цэнаў да Беларусі — уключыце Белдзяржрадыё, доўга не давядзецца чакаць. На якую б тэму яны ні гаварылі, усё адно пераходзіць на бясконцыя размовы пра саюзную дзяржаву. Проста то радасныя малітвы, то тужлівы енк".

Званок камэнтуе палітык Віктар Івашкевіч:

"Сёньня ўсе краіны радуюцца, калі нехта набывае іх тавары і вывозіць. Эўразьвяз нават на мяжы афармляе вяртаньне падаткаў пакупнікам, каб людзі больш вывозілі.

Таму, калі б вывозілі ў Расею нашы тавары, гэта было б супэр. Гэта дало б магчымасьць нашай прамысловасьці зарабляць. А цэны растуць не таму, што рускія вывозяць, а таму, што запушчаны друкарскі станок. Друкуюцца пустыя паперы, не забясьпечаныя ні таварамі, ні валютай. Таму й цэны растуць. Чым больш зараз перад выбарамі будуць падвышаць пэнсіі і заробкі нічым не абгрунтаваныя, тым больш будуць расьці цэны".

І яшчэ адно тэлефанаваньне нашага слухача:

"На беларускіх тэлеканалах ідуць рэпартажы пра барацьбу за каралеву беларускіх палёў — бульбу. Дарэчы, "картофель" — гэта нямецкае слова. А вось "бульба" — дакладны назоў для нашых беларускіх палёў. А на рэклямным роліку да дзіцячай Эўравізіі, якая адбудзецца ў Менску, хлопчыкі бегаюць з налепкамі, налепліваюць іх усюды, і нарэшце кульмінацыя — апошняя налепка на помнік Максіму Горкаму ў аднайменным парку. А чаму б не на помнік нашаму земляку паэту Максіму Багдановічу, які нарадзіўся тут, а Горкі дзесь у расейскім Паволжы? Адным словам, незалежнасьць ад усяго роднага".

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG