Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня кіраўнікі яшчэ трох ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі заявілі, што пераадолелі бар’ер у 100 тысяч подпісаў. Да «пяцёркі» тых, хто раней абвесьціў пра гэта, дадаліся Алесь Міхалевіч, Мікола Статкевіч і Рыгор Кастусёў. Такім чынам, вызначыліся ўжо 8 прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду.

Паводле Алеся Міхалевіча, хоць яго група пераадолела неабходны для рэгістрацыі статысячны рубеж, прымаць віншаваньні пакуль рана. Ён нагадвае, што яшчэ трэба здаць лісты ў камісіі, дачакацца вынікаў праверак і рэгістрацыі Цэнтравыбаркамам у якасьці афіцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты:

«Гэта мне нагадвае кампутарныя гульні з выхадам на наступны ўзровень. Калі на гэтым цябе не забілі, то могуць забіць на наступным. Калі не забілі на наступным, то могуць забіць праз адзін. І гарантавана, што на нейкім узроўні дакладна заб’юць».

Гэта мне нагадвае кампутарныя гульні з выхадам на наступны ўзровень.
Разам з тым спадар Міхалевіч прызнаецца, што адчуваньне задаволенасьці ў яго сёньня ёсьць:

«Таму што шмат хто ня верыў. Было мноства размоваў, што я гэткую колькасьць подпісаў не зьбяру. Каманда, канечне, верыла. Інакш бы мы 100 тысяч не сабралі. І тое, што мы здолелі выйсьці на 100 тысяч, гэта насамрэч дасягненьне».

Мікола Статкевіч таксама заяўляе пра тое, што 100 тысяч подпісаў ягоная група ўжо мае. Але на гэтым ня спыніцца:

«У нас плян — пад 120 тысяч. Мы закладаем страты. Бо камісіі будуць „красьці“. Будуць спэцслужбы ўключаныя, каб не данесьлі да камісій усе подпісы. І хаця мы меры перасьцярогі прымаем, але ўсё можа быць. І таму будзем працягваць збор подпісаў да апошняга дня. Мы „б’ем“ на 120 тысяч, каб у нас засталося 110–115 тысяч».

Сёньня, у другой палове дня, стала вядома — пра тое, што сабарана неабходная колькасьць подпісаў, заявіў і Рыгор Кастусёў. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Аляксей Янукевіч кажа, што працэс будзе працягвацца — трэба мець пэўны запас:

«Таму будзем зьбіраць да самага апошняга дня — да вечара 29-га. З заўтрашняга дня пачнём ужо здаваць подпісы ў раённыя камісіі. І на гэта накіруем частку сілаў. У нас вельмі вялікая геаграфія, і таму арганізаваць своечасовую і належную здачу ў раённыя камісіі — гэта таксама кавалак працы».

Зь іншых прэтэндэнтаў да неабходнага рубяжу найбліжэй падышоў Віталь Рымашэўскі. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Павал Севярынец адзначае:

«Паводле стану на ўчорашні вечар, у нас было 89 300 подпісаў. Мы напружылі ўсе нашы структуры. Нам патрэбны рывок. І таму ля цэркваў у нядзелю стаялі зь пікетамі. У адным Менску было толькі 20 пікетаў. Разам з Рымашэўскім мы абзвоньвалі ня толькі брыгадзіраў, але і звычайных зборшчыкаў. Таму што разумеем — трэба мець больш за 100 тысяч, бо будуць праверкі, прыдзіркі...»

Раней паведамлялася, што больш за 100 тысяч подпісаў было сабрана таксама за Аляксандра Лукашэнку, Уладзімера Някляева, Яраслава Раманчука, Андрэя Саньнікава і Віктара Цярэшчанку.

Збор подпісаў пачаўся 30 верасьня і будзе доўжыцца да 29 кастрычніка ўключна. Ініцыятыўным групам для рэгістрацыі свайго кандыдата ў прэзыдэнты неабходна сабраць ня менш як 100 тысяч подпісаў.
XS
SM
MD
LG