Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў падаў скаргу ў ЦВК на ініцыятыўную групу Лукашэнкі


Уладзімер Някляеў падаў у Цэнтрвыбаркам скаргу на парушэньні ініцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі выбарчага заканадаўства.

Паводле Ў.Някляева, у скарзе пералічаны факты збору подпісаў людзьмі, якія не ўваходзяць у ініцыятыўную групу А.Лукашэнкі, а таксама збору подпісаў у месцах, дзе гэта забаронена заканадаўствам, перадае БелаПАН.

Усе гэтыя факты задакумэнтаваныя, а некаторыя зь іх зьнятыя на відэа. Дыскі з відэа Ў.Някляеў таксама прадставіў разам са скаргай.

Таксама ініцыятыўная група Ўладзімера Някляева зьвярнулася да ўладаў Літвы, Украіны і Польшчы з просьбай прадставіць празрыстыя скрыні для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Пра гэта паведаміў кандыдат у прэзыдэнты, лідэр кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімер Някляеў на пікеце каля ГУМа ў Менску, перадае БелаПАН.

Адмысловы зварот накіраваны уладам Літвы, Украіны і Польшчы. Каля ГУМа сёньня была выстаўлена празрыстая скрыня, у якую ўсе жадаючыя маглі кінуць "бюлетэні" за Ў.Някляева.

Паводле Ў.Някляева, наяўнасьць на выбарчых участках празрыстых скрыняў "ня вырашыць праблему магчымай фальсыфікацыі выбараў". "Аднак фальсыфікацыя выбараў прынясе нам (я маю на ўвазе Беларусь і беларускі народ) вельмі вялікія праблемы. І гэта нясе ў сабе пагрозу, паколькі ў выніку фальсыфікацыі выбараў мы атрымаем ўладу, якую не прызнаюць ні ў Амэрыцы, ні ў Эўропе, ні ў Расеі. Таму мы і праводзім гэтую акцыю з тым, каб паказаць, што выбары павінны прайсьці чыста і празрыста", - заявіў У.Някляеў.

Паводле прысутнага на акцыі аднаго з каардынатараў кампаніі "За справядлівыя выбары 2010", лідэра партыі "Справядлівы сьвет" Сяргея Калякіна, празрыстыя скрыні на выбарчых участках даюць шанец назіральнікам і грамадзкасьці ведаць аб тым, якая колькасьць людзей прагаласавала на выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG