Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад чаго залежыць працягласьць нашага жыцьця?


Пра гэта дыскутуюць антраполягі, генэтыкі, мэдыкі-герантолягі.

Адну з апошніх тэорыяў прапанавала група дасьледчыкаў з Унівэрсытэцкага каледжа Лёндану. У некалькіх словах яна фармулюецца наступным чынам: чым багацейшы чалавек, тым даўжэй ён жыве.

Згодна з брытанскімі навукоўцамі, гармон DHEAS, які рэгулюе рэакцыю арганізму на вонкавы стрэс, уплывае праз гэта і на працягласьць жыцьця. Больш DHEAS выпрацоўваецца ў тых, хто вядзе здаровы і актыўны лад жыцьця, правільна харчуецца і рэгулярна займаецца спортам. Вытворчасьці гэтага гармону спрыяюць добры настрой, кантакты зь сябрамі і разнастайныя захапленьні. Усё гэта найперш тычыцца багатых людзей, якія маюць больш вольнага часу і сродкаў, перакананыя брытанскія навукоўцы.

З такімі высновамі, аднак, ня згодныя галяндзкія навукоўцы зь Лейдэнскага ўнівэрсытэту. Яны вывучылі дадзеныя пра тры з паловай тысячы доўгажыхароў Нідэрляндаў і прыйшлі да высновы, што пражыць доўгае жыцьцё дазваляе пэўная камбінацыя генаў, якая сустракаецца не часьцей як у аднаго зь дзесяці тысяч чалавек. Паводле дасьледчыкаў, доўгажыхары адрозьніваюцца ад астатніх людзей паводле шэрагу парамэтраў. У прыватнасьці, яны маюць асаблівы мэханізм засвойваньня тлушчу і глюкозы, а скура ў іх старэе значна павольней. Акрамя таго, яны значна менш схільныя да сардэчна-сасудзістых захворваньняў і дыябэту.

Тым часам група амэрыканскіх антраполягаў з Бостанскага ўнівэрсытэту мяркуе, што генэтыка і заможнасьць — гэта, магчыма, далёка ня ўсе фактары доўгажыхарства. Як прадэманстравалі дасьледаваньні, праведзеныя сярод стогадовых, генэтыка адыгрывае ролю толькі ў 20—30% выпадкаў. Тое ж самае можна сказаць і пра фактар багацьця. Хаця ўзровень заможнасьці і мае вялікае значэньне, аднак дзеля таго каб пражыць шмат, чалавек павінен быць аптымістам, шмат працаваць, менш есьці, сядзець і нэрвавацца.

Доўгажыхарства па-амэрыканску

Паводле апошніх дадзеных Бюро перапісу насельніцтва ЗША, у 2009 годзе ў краіне жыло звыш 96,5 тысячы людзей, якія перавалілі стогадовы рубеж. У 1990-м годзе такіх людзей налічвалася каля 38,3 тысячы.

Адной з гэтых доўгажыхарак, 100-гадовай Эстэр Татл, прысьвяціла свой артыкул газэта New York Times. Бацькі жанчыны памерлі, не дажыўшы і да 50 гадоў, і пакінулі сіротамі 11-гадовую дзяўчынку і трох яе братоў. Дарэчы, толькі адзін зь іх таксама стаў доўгажыхаром: ён дажыў да 96.

Напачатку на долю асірацелых дзяцей выпала шмат выпрабаваньняў. Як сьведчыць сама Эстэр Татл, менавіта цяжкасьці, перажытыя ў маладым і сталейшым веку, навучылі яе змагацца са стрэсамі. Увогуле, каб дажыць да 100 гадоў, як лічыць доўгажыхарка, трэба весьці актыўную прафэсійную ды грамадзкую дзейнасьць, быць вясёлым і па-філязофску глядзець на жыцьцё. Яшчэ трэба мець цесныя сувязі зь сям’ёй. У Эстэр трое дзяцей, 11 унукаў, 21 праўнук, 3 прапраўнукі. Таксама, лічыць жанчына, ня трэба ігнараваць і парады дактароў.

Спадарыня Татл называе сябе "да поясу біянічнай жанчынай". У яе штучныя грудзі, бо ў выніку анкалягічнага захворваньня ёй зрабілі рэзэкцыю малочнай залозы. 100-гадовая Эстэр Татл ужо 10 гадоў жыве з кардыястымулятарам, у яе зубныя пратэзы, яна перанесла апэрацыі на суставах, карыстаецца слыхавым апаратам і кантактнымі лінзамі.

Апошнім часам у жанчыны дыягнаставалі астэапароз, і таму яна цяпер рэгулярна прымае таблеткі кальцыю і вітамінаў С і D.

У сваёй кнізе, выдадзенай некалькі гадоў таму, Эстэр Татл, у прыватнасьці, піша пра свой распарадак дня.

Устае яна досыць рана. Перад сьняданкам кожную раніцу прыкладна гадзіну займаецца ёгай. Яе сьняданак — апэльсінавы сок, аўсяныя шматкі, бананы і чорная кава. Пасьля сьняданку — праца ў кабінэце.

На абед можа быць суп ці рэшткі мяса зь вельмі тонкай лустачкай жытняга тоста, гарбата, на дэсэрт — жэле або садавіна. Потым гадзіна сну, далей — паход па крамах.

А палове 7-й вечара Эстэр гатуе сабе і свайму сябру, 84-гадоваму мастаку Алэну Хатчу, апошнюю на дзень страву. Муж спадарыні Татл, Бэн, памёр у 1988 годзе.

Перад сном Эстэр чытае або глядзіць добры фільм па тэлебачаньні.

"У 100 гадоў мае сэнс жыць цікава", лічыць Эстэр Татл.

Доўгажыхарства па-беларуску

Паводле афіцыйных зьвестак, на 1 студзеня 2010 году ў Беларусі пражывала 577 чалавек, старэйшых за 100 гадоў (для параўнаньня: на пачатку 2009-га — 663, 2008-га — 643, 2006-га — 767, 2004-га — 879). Бальшыня стогадовых жыве ў вясковай мясцовасьці, у прыватных хатах без выгодаў, разам са сваімі маладзейшымі нашчадкамі. Найболей доўгажыхароў (147) — на Гарадзеншчыне. Доўгажыхары — пераважна жанчыны. Сярод 577 доўгажыхароў мужчын толькі 88.

Тэндэнцыю зьмяншэньня колькасьці 100-гадовых у Беларусі экспэрты тлумачаць пагаршэньнем экалёгіі. А само доўгажыхарства — генэтыкай і ладам жыцьця.

Да 12 верасьня самой старой беларускай была 121-гадовая Ганна Рагель. Яна нарадзілася ў вёсцы Белыя пад Маладэчнам, апошнія ж гады правяла ў самім Маладэчне, дзе жыла ў прыватным доме разам з дачкой-пэнсіянэркай. Пасьля сьмерці Ганны Рагель найстарэйшай жыхаркай краіны лічыцца Марыя Шыкуць. Усе свае 116 гадоў яна пражыла ў вёсцы Цеснавая пад Стоўбцамі. Цяпер Марыя Шыкуць жыве разам зь нявесткай Каралінай і ўнукам Францам, якія даглядаюць яе. Цераз дарогу ад іхняга дома жыве 70-гадовая дачка Марыі — Магдалена. Сярод пяці дзяцей бабулі цяпер жывыя трое. У яе 14 унукаў, старэйшаму зь якіх — 52 гады, 21 праўнук, 2 прапраўнукі.

Нарадзіўшыся ў 1894 годзе, Марыя Шыкуць перажыла некалькі войнаў, рэвалюцыю, калектывізацыю, акупацыю, зьмены ўладаў. Бабуля нярэдка ўзгадвае пра сваю вясковую маладосьць:

"Мама з бацькам нас у строгай каталіцкай веры выхоўвалі, а таксама ў павазе да людзей і ў працы з малых гадоў выхоўвалі. Вялікім грахом лічылася падмануць кагосьці, паквапіцца на чужое".

Лічыцца, што няма ў вёсцы працы, якой бы ня ведалі рукі гэтай жанчыны. Бабуля і цяпер не ляжыць, а імкнецца рабіць сёе-тое па хаце. Толькі нядаўна яна пачала карыстацца кійком. Да таго ж у яе сапсаваўся зрок. Дагэтуль яна чытала шмат кніг. Акулярамі жанчына не карыстаецца, як і слыхавым апаратам, хоць і мае ў гэтым патрэбу.

Каб пражыць шмат, чалавек павінен быць аптымістам, шмат працаваць, менш есьці, сядзець і нэрвавацца
Бабуля — строгая верніца, трымае пасты, але па сьвятах можа прыняць чарачку. Яна не прызнае таблетак, ня ходзіць да лекараў, ні на што ня скардзіцца і любіць папарыцца ў лазьні. Галоўны дэвіз яе жыцьця: "Нiчога ня трэба". Як дзіця, старая радуецца кожнаму новаму дню — восеньскаму, зімоваму, веснавому, летняму.

На паўтара месяца маладзейшая за Марыю Шыкуць Клаўдзія Якімовіч, якой 116 споўнілася сёлета пры канцы жніўня. Клаўдзія жыве ў Менску, у гарадзкой кватэры разам з дачкой і зяцем. Як і Марыя, яна таксама вымушаная перасоўвацца з кійком і таксама мае праблемы са зрокам і слыхам. Лічыцца, што глухата, сьлепата і захворваньні апорна-рухальнага апарату (найчасьцей зьвязаныя з астэапарозам) — галоўныя праблемы старых людзей у Беларусі. Па мэдычную дапамогу беларускія доўгажыхары звычайна зьвяртаюцца толькі ў вострых выпадках.

У Беларусі ўсяго толькі шэсьць жанчын, якія пражылі больш за 110 гадоў, і аніводнага мужчыны.
XS
SM
MD
LG