Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтаваная “дарожная мапа” ЭЗ для Беларусі


Як стала вядома, Эўракамісія распрацавала "прамежкавы плян" паляпшэньня стасункаў з Беларусьсю. У чым сутнасьць гэтага пляну? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэрта Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніса Мельянцова.

Мельянцоў:
Гэты плян уяўляе сабой пакрокавую "дарожную мапу" ў самых розных накірунках – ад палітычнай рэформы да эканомікі і набліжэньня праўнай сыстэмы да эўрапейскага заканадаўства. Справа ў тым, што на сёньня ў ЭЗ з Беларусьсю няма легальнай базы супрацоўніцтва, не ратыфікаваная дамова аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Таму патрэбны нейкі такі прамежкавы дакумэнт, які будзе часова замяняць гэтую дамову і які будзе кіраваць усім працэсам збліжэньня Беларусі з ЭЗ, мэты якога сфармуляваныя ва Ўсходнім партнэрстве. Гэта дакумэнт у 20 старонак, у якім будуць расьпісаныя мэты супрацоўніцтва для бакоў – для ЭЗ і для Беларусі, задачы супрацоўніцтва.

Там будзе частка пра палітычную рэформу, эканамічная частка, разьдзелы наконт навакольнага асяродзьдзя, гандлю, рэформы падаткаабкладаньня і г.д.

Гэта даволі амбіцыйны дакумэнт, які мусіць зьвесьці мэты і задачы эўрапейскія і беларускія. Яшчэ напачатку году Эўракамісія падрыхтавала рэкамэндацыі для Рады ЭЗ, зараз праект пляну перададзены Радзе, якая займаецца дапрацоўкай гэтага дакумэнта. Прэзэнтацыя дакумэнта павінна адбыцца ў лістападзе. І пасьля выбараў у Беларусі, калі гэта ўсё сьціхне, пачнуцца перамовы з беларускім бокам. Бо дакумэнт траціць увесь сэнс, калі Беларусь не пагодзіцца яго выконваць.

Тое, што будзе прапанавана ў лістападзе – гэта будзе праект, чарнавы варыянт гэтага дакумэнту Натуральна, што падчас перамоваў з беларускім бокам у яго будуць уносіцца зьмены, ён будзе карэктавацца, бо зразумела, што ня ўсё тое, што будзе прапаноўвацца Зьвязам, будзе да спадобы беларускаму боку. Таму тым фактам, што рыхтуецца такі дакумэнт, што ён будзе прэзэнтаваны, пакуль што адкладаецца магчымасьць падпісаньня для Беларусі новай дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве з ЭЗ.

Дракахруст: Дзяніс, а што ў межах гэтага пляну прапаноўвае Эўразьвяз? З таго, што вы сказалі, больш зразумела, што павінна зрабіць Беларусь. А за што?

Мельянцоў: Прадметна казаць пакуль цяжка, бо дакумэнт пакуль не адкрыты. З эўрапейскага боку прапануецца спрыяньне ў гэтых рэформах – фінансавае, тэхналягічнае і палітычнае. ЭЗ адчувае, што Беларусь "наскокам" палітычна нельга зьмяніць, таму трэба нейкім чынам ўцягваць яе праз эканоміку, празь інфраструктурныя праекты. І значная частка гэтага дакумэнту як раз і будзе прысьвечаная эканоміцы, гандлю і інфраструктурным рэформам, якія будуць спансавацца ЭЗ.

Па маіх зьвестках, гэта даволі збалянсаваны дакумэнт, які можа быць цікавы і Беларусі, і Эўрапейскаму Зьвязу. Там назіраецца адыход ад палітыкі абумоўленасьці, там ня а такога, што вы вызваляеце палітвязьняў, а мы вам узамен даем нешта іншае. Дакумэнт пабудаваны паводле прынцыпу Ўсходняга партнэрства, калі супраца адбываецца там, дзе яна найбольш карысная для двух бакоў, і ня ставяцца папярэднія ўмовы, пры выкананьні якіх можа быць пераход да наступнай фазы.

Дракахруст: Дзяніс, вы ўжо прыгадалі “Ўсходняе партнэрства”. Але здаецца, што ўсе рэчы, якія вы пералічылі, ёсьць у дакумэнтах гэтай праграмы. У чым навізна, прарыўны характар гэтага новага прамежкавага пляну? Ці палажэньні “Ўсходняга партнэрства” проста неяк перакамбінаваныя?

Мельянцоў: Важнасьць гэтага дакумэнту ў тым, што ён прапісвае канкрэтныя накірункі працы, ў межах якіх будуць абмяркоўвацца і канкрэтныя праекты. Гэта тое, чаго дамагаецца беларускі бок ва “Ўсходнім партнэрстве”. Рамка ёсьць, задачы пастаўленыя, але праекты ніхто не фінансуе. У 2006 годзе зьявіўся дакумэнт, што ЭЗ можа даць Беларусі, але гэта быў пераважна набор палітычных лёзунгаў. Нарэшце мы атрымліваем дакумэнт, які грунтоўна апісвае ня толькі мэты і задачы Беларусі і ЭЗ, але і паказвае, ў якіх сфэрах, на якіх прынцыпах будуць рабіцца рэформы. З гэтага дакумэнта будзе бачна, чаго ЭЗ хоча ад Беларусі канкрэтна, а не на ўзроўні палітычных лёзунгаў. Паколькі ён будзе прыняты пасьля перамоваў з Менскам, то ёсьць вялікая верагоднасьць, што ён дасьць вялікі імпульс для супрацоўніцтва Беларусі з ЭЗ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG