Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні са зьдзіўленьнем заўважылі, што сьцяг, які быў прыняты дзяржаўнымі ўладамі М'янмы (колішняя Бірма), амаль ідэнтычны дзяржаўнаму сьцягу Літвы. Абодва сьцягі маюць гарызантальныя палосы жоўтага, зялёнага і чырвонага колераў.

Толькі на м'янмаўскім сьцягу ў цэнтры прысутнічае белая пяціканцовая зорка.

"Жартам можна сказаць, што зьяўленьне гэтага сьцяга рэалізуе думкі некаторых дзеячаў Літвы міжваеннага пэрыяду мець калёнію на Мадагаскары — цяпер у нас будзе "брацкая дзяржава" ня так далёка, бліжэй, чым Аўстралія", — пажартаваў з гэтай нагоды ў інтэрвію выданьню "Литовский курьер" загадчык катэдры параўнальнага права Ўніверсітэту імя Мікаласа Ромэрыса Юстынас Жылінскас.

Як піша газэта, сьцягі з жоўтымі, зялёнымі і чырвонымі палосамі — ня рэдкасьць, асабліва шмат іх у Афрыцы. Акрамя таго, колеры літоўскага сьцяга нашмат больш насычаныя, чым на сьцягу М'янмы.

"Выбар сьцяга — унутраная справа дзяржавы. Міжнароднае права гэтага пытаньня не рэгулюе. Сумняюся, што пры стварэньні сьцяга ў М'янме думалі пра Літву", — ацаніў сытуацыю юрыст Юстынас Жылінскас.

Рэжым у М'янме зьмяніў сьцяг у мінулы чацьвер, усяго за некалькі тыдняў да першых за дваццаць гадоў выбараў. У краіне зьменены таксама нацыянальны гімн і поўная назва дзяржавы, якая цяпер называецца Рэспубліка Саюз М'янма.

З 1962 году ў гэтай краіне кіруе вайсковы рэжым, краіна цярпіць ад карупцыі, беднасьці і парушэньняў правоў чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG