Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкія лябірынты


Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".



Спадар Уладзімер, ці верыце Вы ў рэальнасьць падземных полацкіх лябірынтаў? Калі яны насамрэч існуюць, ці ёсьць надзея, што іх нарэшце ўдасца знайсьці?

Сяргей Салодкі


Лябірынт можна лічыць знакавым словам беларускай культуры. Продкі ратавалі ў недаступных чужынцам сховах і матэрыяльныя, і духоўныя скарбы — ня толькі нацыянальныя рэліквіі, але і мову, звычаі, памяць. Сёньняшняя ўлада таксама заганяе нашую культуру ў сутарэньні, асуджаючы лепшыя яе праявы на напалову легальнае існаваньне.

Сваю фантастычную аповесьць, дзе паказаная беларуская цывілізацыя часоў антычнасьці, схаваная ад захопнікаў у полацкіх лёхах, Вацлаў Ластоўскі невыпадкова назваў — "Лябірынты".

Я, палачанін, і сёньня не магу спакойна чытаць гэтыя радкі: "Кажуць, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсьць склады з багацьцямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсьць мураваны праход, крокаў шэсьцьдзесят даўжыні, і празь яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі... Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, у сярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсьць ход у скарбец..."

Фантастыка фантастыкай, але наяўнасьць пад сярэднявечным Полацкам шматлікіх лёхаў — гістарычны факт.

У 1864 годзе іх дасьледаваў расейскі падарожнік, мастак і археоляг Дзьмітры Струкаў. Складзены ім плян полацкіх падземных хадоў захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту.

У наступным годзе выдаваны ў Вільні гістарычна-літаратурны часопіс "Вестник Западной России" зьмясьціў нататкі беларускага гісторыка і археоляга Ксэнафонта Гаворскага, прысьвечаныя апісаньню старажытнага полацкага Барысаглебаўскага манастыра. "Паводле пашыранага ў горадзе паданьня, — піша Гаворскі, — пад паўночнай сьцяной царквы сьв. Параскевы знаходзіліся дзьверы ў падземны ход, пракладзены пад Дзьвіной да Верхняга замку і царквы сьв. Спаса..." Далей апавядаецца, што манахі знайшлі гэты ход, але ня здолелі далёка прайсьці па ім, бо задыхаліся ад благога паветра.

У 1920-м, калі полацкае Задзьвіньне было акупаванае польскімі войскамі, падземнымі лябірынтамі зацікавіўся раскватараваны ў горадзе асобы аддзел 15-й бальшавіцкай арміі. Яго займала пытаньне, якім чынам палякі так хутка атрымлівалі церазь Дзьвіну зьвесткі ад сваіх агентаў. З асабістаў і прадстаўнікоў гарадзкой камісіі аховы помнікаў старасьветчыны і мастацтва была створаная пошукавая група, да якой прыкамандыравалі ўзвод сапёраў. Высновы дзейнасьці групы неадназначныя. З дакумэнтаў можна, у прыватнасьці, даведацца пра разгалінаваную сыстэму сутарэньняў пад будынкамі кадэцкага корпусу, якія раней належалі ордэну езуітаў. А таксама пра загад дырэктара корпусу Вауліна: замураваць уваходы ў лёхі, каб спыніць бясконцыя падземныя экспэдыцыі кадэтаў, што і было зроблена на пачатку ХХ стагодзьдзя.

Аднак у 1927 годзе ў таямнічыя лябірынты трапляе разам зь сябрам полацкі падлетак, а ў будучыні — мастак і літаратар Міхаіл Андрэеў. Вось фрагмэнт зь ягоных успамінаў:

"Мы доўга блукалі, шукаючы ўваходу ў падзямельле... У адным месцы сустрэлі надпіс аб тым, што тут былі кадэты: прозьвішчы і дата — 1910. І тут!.. Гэта быў калідор з прыкметным нахілам у бок Дзьвіны. Сьцены і столь выкладзеныя чырвонаю цэглай. Падлога земляная, шчыльна ўтрамбаваная. Шырыня лёху — прыблізна 130—140 см, вышыня такая, што да столі можна дастаць рукой. На столі было мноства кажаноў. Мы прайшлі па лёху мэтраў 300—400. Нарэшце дасягнулі таго месца, дзе столь была абрынутай і знаходзілася ў вадзе..."

Праз чвэрць стагодзьдзя мы зь некалькімі сябрамі, узброіўшыся на выпадак блуканьняў ліхтарыкам і клубком нітак, прайшлі пад зямлёю блізу 200 крокаў. Далей была вада, у якую плюхнулася некалькі спалоханых жабаў. Яшчэ болей зьлякаліся дзьве нашыя бясстрашныя паплечніцы, якім прымроілася, што наперадзе нас чакае кампанія шкілетаў. Пад іхні дружны віскат — не шкілетаў, а дзяўчатак — мы з годнасьцю адступілі.

Застаецца дадаць, што і нашая небясьпечная вандроўка, і росшукі М.Андрэева пачаліся з сутарэньняў сабору сьвятога Стэфана (перахрышчанага праваслаўнымі ў Мікалаеўскі), які ў 1964-м савецкія бязбожнікі злачынна зруйнавалі.

Археолягі сур’ёзна намерыліся зноў распачаць пошукі полацкіх лябірынтаў напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Я зьвёў іх з расейскім прадпрымальнікам беларускага паходжаньня Анатолем Сілівончыкам, дарэчы, адным з фундатараў стварэньня вобраза Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Анатоль абяцаў прафінансаваць пракат і прывезьці ў Полацак адмысловую японскую тэхніку для вызначэньня падземных пустотаў. Але ў хуткім часе пакручасты жыцьцёвы шлях прывёў гэтую няўрымсьлівую бурапенную асобу на лаву падсудных. Адседка была нядоўгай, ды канкурэнтам і ворагам хапіла часу падкасіць Анатолеў бізнэс...

Хто сёньня адважыцца фундаваць пошукі нашых лябірынтаў? Узнагародаю могуць стаць сэнсацыйныя адкрыцьці. Ці ня ў полацкіх падзямельлях, як лічыў Вацлаў Ластоўскі, зьнікла ў гады Інфлянцкай вайны бібліятэка Сафійскага сабору? А можа, менавіта там знойдзецца Полацкі летапіс? Існуе й вэрсія, згодна зь якой у 1941 годзе на ўсход была вывезеная толькі копія нашае сьвятыні — крыжа, зробленага Лазарам Богшам, арыгінал жа трэба шукаць у тых самых сутарэньнях.

Спадзяюся, што полацкія лябірынты зноў і зноў сьняцца ня толькі мне...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG