Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Сівакоў: “Да мяне санкцыі – ужо пажыцьцёва”


Юры Сівакоў
Юры Сівакоў
25 кастрычніка міністры замежных спраў краін Эўразьвязу зноў падоўжаць санкцыі ў дачыненьні да шэрагу беларускіх службоўцаў, у тым ліку і да кіраўніка дзяржавы, Аляксандра Лукашэнкі. Як паведамляе інфармацыйны рэсурс EU Observer, эўрапейскія дыпляматы яшчэ 21 кастрычніка ў Брусэлі ўзгаднілі пытаньне пра падаўжэньне санкцыяў і тэкст адпаведнай заявы. Але гэтым разам у сьпісе няма былога камандзіра палка спэцыяльнага прызначэньня Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Адначасова з падаўжэньнем санкцыяў, якія забараняюць беларускім чыноўнікам уезд на тэрыторыю аб’яднанай Эўропы, працягнуць і мараторый на гэтыя санкцыі ў дачыненьні да шэрагу асобаў. Аднак пад дзеяньне мараторыя не падпадаюць былы камандзір менскага спэцназу Юры Падабед, два былых міністра ўнутраных спраў Юры Сівакоў і Ўладзімер Навумаў, былы генэральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

У Беларусі адсутнічае прагрэс у такіх сфэрах, як вяршэнства закону, правы чалавека, свабода слова, сходаў і асацыяцый. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую прымуць 25 кастрычніка. У той самы час Эўразьвяз павінен захаваць палітычны дыялёг зь Беларусьсю на вышэйшым узроўні, бо гэта спосаб паразумецца і стварыць магчымасьці для вырашэньня праблем, якія выклікаюць занепакоенасьць.

Алесь Лагвінец
Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае:

"Гэта рашэньне адлюстроўвае сёньняшні стан рэчаў, сёньняшнюю сытуацыю і магчымасьці Эўразьвязу. Эўразьвяз мае ня так шмат мэханізмаў, каб узьдзейнічаць на сытуацыю ў Беларусі. У адрозьненьне ад той жа Малдовы, дзе ўрад нашмат больш ахвотны да супрацоўніцтва і робіць сустрэчныя крокі.

У беларускім выпадку гэтага няма. Як няма пазытыўных крокаў і з боку Эўразьвязу. Такіх крокаў, як спрашчэньне візавага рэжыму альбо зьмяншэньне аплаты за візы. Зноў жа, на кантрасьце — вядома, што днямі Эўразьвяз вырашыў распачаць перамовы аб бязьвізавым рэжыме з Малдовай. На гэтым тле Беларусь сапраўды выглядае горш. Асноўная прычына — нежаданьне беларускіх уладаў супрацоўнічаць".
Ю.Сівакоў: Асабіста для мяне гэта ўжо пажыцьцёва. А за астатніх я не адказваю.

Былы міністар унутраных спраў Беларусі Юры Сівакоў у размове са "Свабодай" сказаў, што паведамленьне з Брусэлю ён успрыняў спакойна:

"Ды мяне гэта неяк не напружвае. Я з гэтым ужо звыкся, што за мной цягнецца гэты шлейф. Я да гэтага стаўлюся ўжо абсалютна спакойна, і без усялякіх камэнтароў. Асабіста для мяне гэта ўжо пажыцьцёва. А за астатніх я не адказваю".

У падрыхтаваным дакумэнце Рады Эўразьвязу, які ўзгаднілі эўрапейскія дыпляматы, яны заклікаюць беларускія ўлады да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з нормамі і стандартамі міжнароднага права, паведамляе ЕU Observer.

Бадай, самае дзіўнае — у сьпісе няма былога камандзіра палка спэцыяльнага прызначэньня Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Між тым, палкоўнік Паўлічэнка лічыцца адным з асноўных фігурантаў у справе аб палітычных зьнікненьнях экс-міністра Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзьмітрыя Завадзкага. У справаздачы, падрыхтаванай адмысловай камісіяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Паўлічэнку назвалі “падазраваным арганізатарам і кіраўніком крымінальнай структуры, якая мела адносіны да выкраданьня і фізычнага зьнішчэньня людзей”.

Менавіта пасьля дакладу, які падрыхтаваў эўрадэпутат Хрыстас Пургурыдэс, Паўлічэнку і занесьлі ў “чорны сьпіс” асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразвязу. Забарона пачала дзейнічаць у 2004 годзе.

“Магчыма, Дзьмітры Паўлічэнка цяпер выпаў з гэтага сьпісу з той прычыны, што ён не займае ніякіх пасадаў, ня мае ранейшага ўплыву і, як звычайны пэнсіянэр, для Эўразьвязу папросту нецікавы”, — выказаў меркаваньне праваабаронца Гары Паганяйла.

Марына Коктыш
Намесьніца галоўнага рэдактара газэты "Народная воля" Марына Коктыш літаральна тыдзень таму вярнулася са Страсбуру, дзе праходзіла сэсія ПА Рады Эўропы. Там яна сустракалася з Хрыстасам Пургурыдэсам. Спадарыня Коктыш кажа, што размовы пра зьняцьце санкцыяў адносна Паўлічэнкі там не вялося:

"З аднаго боку, я была вельмі зьдзіўленая гэтай навіной, бо Паўлічэнку падазраюць у тым, што ён выконваў антыканстытуцыйныя загады па зьнішчэньні Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і, магчыма, нават Завадзкага. І таму я, напрыклад, для сябе не магу патлумачыць, чаму чалавека, якога падазраюць у забойствах, робяць уязным у краіны Эўразьвязу.

З другога боку, гэта, магчыма, нават і лепей. Бо на сёньняшні дзень Паўлічэнка ніколі і нідзе не даваў ніякіх камэнтароў наконт таго, у чым яго абвінавачваюць. І мне здаецца, магчымая такая сытуацыя, калі, напрыклад, Паўлічэнка вырашыць паехаць у Францыю альбо любую іншую краіну Эўразьвязу, і там да яго могуць узьнікнуць пытаньні. Тыя пытаньні, якія ўжо некалькі разоў былі агучаныя ў кантэксьце гучных зьнікненьняў. Магчыма, гэта зроблена і спэцыяльна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG