Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саня, застанься з намі, самі ніяк мы, ніяк мы самі


У наш час нельга напісаць верш «Забі прэзыдэнта» або прасьпяваць песьню «Прэзыдэнт, ідзі дамоў». Гаворка не пра тое, што гэта чравата наступствамі, і не пра тое, што «волаты ня мы». Проста «так ужо ня носяць». Скончылася эпоха лёзунгаў, патасу, нарэшце - выказваньня наўпрост. Дзесьці яна скончылася шмат дзесяцігодзьдзяў таму, а ў нашай асобна ўзятай краіне гэта адбылося пасьля расчараваньня-2006. Маецца на ўвазе, у каляпалітычнай сфэры. У 2006 годзе тут назіраўся сьпярша магутны ўсплёск ідэалізму, за ім пасьледавала ня менш магутнае крушэньне надзеяў, фрустрацыя і паняверка. Якія, у сваю чаргу, зрабілі цынізм, сарказм і іронію панавальнымі спосабамі стаўленьня да навакольнай рэчаіснасьці. У межах блогасфэры дык дакладна ідэйная перакананасьць выйшла з моды і пачала ўспрымацца як атавізм, ці наогул сьмешная дурасьць.

«ЗЯНОН-ХОП» ЯК ЛЮСТЭРКА БЕЛАРУСКАЙ КОНТРРЭВАЛЮЦЫІ


Найбольш яркае сьведчаньне азначанай зьмены культурных арыентыраў - незабыўны «Зянон-Хоп», апублікаваны ў сеціве напрыканцы 2006 году. Гэты твор для аўтара мог быць усяго толькі адвольнай гульнёй з палітычнымі штампамі, але шалёная папулярнасьць, якую ён набыў, паказвае, што «Зянон-хоп» патрапіў у рэзананс з калектыўнымі настроямі, стаўшы іх выразьнікам.



Вядома, былі і тыя, хто прачытаў паэму літаральна. Для гэткіх яна зрабілася, што называецца, «кампэнсацыйнай фантазіяй», сымбалічным рэваншам за паразу і зьнявагу. Гэтыя нешматлікія зацятыя рамантыкі спрабавалі разьвіваць тэму ў просталінейным рэчышчы, ужо на поўным сур'ёзе. Спробы посьпехам не ўвянчаліся. Шырокая аўдыторыя не прымала палітычных маніфэстаў пад любым соўсам, адкідала іх, бо яны ёй абрыдлі. Менавіта таму яна ўпадабала «Зянон-хоп» - як спосаб сказаць: «а ці не пайшлі б вы ўсе...». Трошкі нэрвова і зло сьмеючыся, мы разьвітваліся з сваім мінулым, з былой наіўнасьцю і перакананасьцю, уступаючы ў новую, зыбкую рэчаіснасьць, дзе ні ў чым нельга быць упэўненым і нічому няма веры. Рэчаіснасьць, населеную фікцыямі і фантазмамі. За якімі застаецца толькі назіраць зь іроніяй ці сарказмам, у залежнасьці ад тэмпэраменту.

Што да фікцыяў і фантазмаў - тое ня проста мэтафара, ужытая дзеля прыгожага слоўца. Яны сапраўды неўзабаве зьявіліся, узбагаціўшы атмасфэру прысмакам трызьненьня смаленай кабылы. Згадайма дзьве гучныя гісторыі - Дзяніса Дзянісава і Ўлада Міхайлава.

Для аплаты закладу за першага праз суполку minsk_by з ініцыятывы блогеркі petra_leleka былі сабраныя вялікія грошы, якія пасьля іх вяртаньня дзяржавай заклададаўцу, то бок Дзянісаву, зьніклі пры дзіўных абставінах. А Ўлад Міхайлаў, удзельнік плошчы-2006, студэнт адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, нечакана даў колькі абразьлівых для апазыцыі інтэрвію на БТ, распавядаючы пра «жахлівыя ўмовы», у якіх жывуць каліноўцы. Пазьней прызнаўся ва ўласным блогу, што быў інфарматарам спэцслужбаў па мянушцы агент «Вэктар» і даносіў на іншых студэнтаў. Празь нейкі час ён ужо рассылаў SMS-паведамленьні сваім знаёмым, дзе пісаў, што яго забралі ў псыхушку, калі ён прыйшоў у КДБ, каб даведацца «праўду пра сябе».

Невядома, у якой з іпастасяў - перасьледаванага «змагара» ці «змагара», які раскаяўся, сэксота ці сэксота, які раскаяўся, псыхічна хворага чалавека ці проста круцяля, які дурыў усім галаву - ён быў сапраўдным, але ягоная гісторыя выглядала чым далей, тым болей «дахазноснай». У дзёньніку Сяргея Гаўрыліна, таксама нібыта апазыцыянэра-сэксота, ад імя спэцслужбіста агучваецца вэрсія, што Ўлад Міхайлаў працаваў на... замежныя спэцслужбы з мэтай дыскрэдытацыі КДБ Беларусі. А нядаўна сам Міхайлаў (ці нехта, хто выдае сябе за яго) усплыў пад мянушкай nanoagent у вобразе ахвяры псыхатропнай зброі, да чыйго галаўнога мозгу падключылі радыёхвалю... І вось, з радыёхваляй у галаўным мозгу, ён адмініструе сайт «Плошча Каліноўскага - Блог за дэмакратыю і правы чалавека», энэргічна раскручваючы яго ў блогасфэры. Гатовы сюжэт для БТ: актыўны прапагандыст плошчы аказваецца пыльным мехам аглушаным шаленцам, і ўсе яны такія, таму, грамадзяне, сядзіце 19 сьнежня дома, нікуды не хадзіце!

Абедзьве гэтыя гісторыі непасрэдна закранулі блогасфэру і ў значнай ступені прычыніліся да таго, што змагарства тут канчаткова пачало ўспрымацца як блазенства, а беларуская палітыка ў цэлым - як балаган.

КАСТУСЁЎ ІЛІ СМЕРТЬ

Якую стратэгію паводзінаў у такой сытуацыі можа абраць блогер, які, нягледзячы ні на што, захаваў пэўную цікавасьць да палітычнага жыцьця? Ладная частка абрала шлях найменшага супраціву, перакваліфікаваўшыся ў занудных скептыкаў-буркуноў, вечна незадаволеных, раздражнёных і зьедлівых камэнтатараў бягучых падзеяў. Яны збольшага нецікавыя, я пра іх распавядаць нічога ня буду. Лепей распавяду пра тых нешматлікіх, хто адчуў сябе ў балаганнай стыхіі, як рыба ў вадзе. Каго атмасфэра нарастаньня абсурду не прыгняла, а наадварот - натхніла, калі не на подзьвігі, то на цікавыя, нестандартныя хады.

Ну, пра Ліпковіча, напэўна, усе ўжо ведаюць, але чаму б не нагадаць яшчэ раз. Пагатоў, ён не дае пра сябе забыць, пастаянна выкідваючы якія-небудзь куншцюкі. У гэтым палітычным сэзоне фірмовы куншцюк ад Ліпковіча - агітацыя за кандыдата ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва пад лёзунгам «Кастусёў ілі смерть»:



Што б гэта значыла? - запытаецеся вы. Ды нічога асаблівага, проста блогер адгукнуўся на пажаданьне Лідзіі Ярмошынай, якая сказала, што ёй хацелася б, каб гэтая выбарчая кампанія прайшла весела.

АСЫМЭТРЫЧНЫ АДКАЗ ПРАФЭСАРУ БАЙНЁВУ


Сапраўднай падзеяй апошняга тыдня ў блогасфэры стала абуджэньне ад летаргічнага сну Аксючыц Сьвятланы Ігнацьеўны, члена КПСС з 1987 году, старэйшага нармоўшчыка РУП «Менск Крышталь», маці дваіх дзяцей, адданай прыхільніцы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якая стаіць на варце Братэрства Славянскіх Народаў, Стабільнасьці і Росквіту ды іншых словаў зь вялікіх літараў. А таксама бязьлітасна бічуе заганы буржуазнага грамадзтва, якія ціхай сапай пракраліся ў наш аазіс Дзяржавы для Народа.

Цётка Сьвета ня згодзіцца і будзе сьцьвярджаць адваротнае, але яна - «віртуал». Кажучы старарэжымнай мовай, выдуманая асоба, літаратурны вобраз, створаны ананімным аўтарам у 2007 годзе. Аўтарства прыпісваюць розным вядомым блогерам. Адныя лічаць, што гэта l_u_f_t, іншыя называюць mojo_fm. Я, з свайго боку, падазраю, што гэта можа быць новым літаратурным увасабленьнем аўтара вельмі папулярнага калісьці журналу baba_bronia.

«Гэта як з Шэксьпірам», - піша il_gattopardo. - «Усе дасьледнікі, якія лічаць, што Ўільям Шэксьпір ня мог быць аўтарам падпісаных ім твораў, прыпісваюць іх больш-менш вядомым асобам той эпохі. Ніхто не дапускае думкі, што Шэксьпір - "віртуал" чалавека, сапраўднае імя якога нікому не вядомае. Чаму не ўявіць, што існуе блогер, які любоўна стварыў гэты акаўнт, удыхнуў жыцьцё ў гэты вобраз і ня меў патрэбы ў іншых формах сваёй прысутнасьці ў блогасфэры (іншых "тварах")?»

Зрэшты, гэта ня вельмі істотна. Істотна тое, што цётка Сьвета нарэшце вярнулася і нечакана дала адлуп прафэсару Байнёву, вядомаму сваім «кодэксам маральнасьці эканомікі», які апошнім часам аблюбаваў, калі не сказаць запаланіў суполку by_politics. Нечакана, бо фармальна ён, афіцыйны дзяржаўны прапагандыст, зацяты прыхільнік непадзельнага расейска-беларускага адзінства, павінен быць ейным саюзьнікам.

Аднак цётка Сьвета ўбачыла ў ім аднаго з «ворагаў таемных, двурушных, іудушкаў, якія прыбіраюцца ў адзеньні праведнікаў, нашых сяброў і паплечнікаў». Западозрыўшы, што прафэсар «адарваўся ад народу… лунае на "макра" ўзроўні, грэбуючы апусьціцца на наш, народны, "мікра" ўзровень… стаў на зыбкі шлях ачкаўцірацельства, прыпісак і лісьлівасьці да ўладаносцаў».

«Давайце вызначымся, што такое "мікраэканоміка"», - разгортвае сваю думку цётка Сьвета. - «Гэта калі прапахлы потам рабочы вывастрыў дэталь для новага трактара, гэта калі бабуля-пэнсіянэр выгадавала кропчык і прадала яго на рынку, гэта калі селянін на досьвітку падаіў кароўку-карміцельку і здаў малачко ў калгас – вось што такое мікраэканоміка! І дзе ў гэтым ланцугу высакалобы прафэсар, які набірае на амэрыканскім кампутары свае артыкульчыкі? Ці ведае ён, што гэты кампутар сабраны рабскай працай кітайскіх дзяцей, на грошы ад бамбаваньняў Іраку, Віетнаму, Югаславіі? Скажу адкрыта, хоць шчырасьць цяпер і не ў пашане, у мяне, калі я дакранаюся да клявіятуры, сэрца сьціскаецца ад болю, калі я разумею, што гэты «мікра-» кампутар густа замяшаны на крыві і сьлёзах прыгнечаных народаў сьвету. Можа, менавіта таму я так мала пішу, таму што кожны раз даводзіцца пераадольваць сябе, казаць сабе, што гэта толькі прылада, якую я выкарыстоўваю на карысьць. Ці наведваюць такія думкі "паважанага" прафэсара? Ня думаю. Яму абы сьсекчы грош ганарару за чарговую цыдулку. І вось скажыце мне, сябры, дзе тут маральнасьць? Як можна пра яе пісаць, калі на табе самім таўра ставіць няма дзе? Жах ахапіў мяне, калі я ўявіла, што гэты чалавек вучыць нашых дзяцей...»

Азнаёміўшыся з жыцьцёвым шляхам пана прафэсара, цётка ўгневалася яшчэ болей:

«А калі я ўбачыла, што гэты "вучоны" (так і хочацца па-народнаму дадаць "у га... мачоны") уцёк у 2001 годзе з галоднай і халоднай Расеі ў сытую і заможную Беларусь, замест таго, каб там на месцы з братэрскім народам пераадольваць наступствы дэфолту, я зразумела, што гэта звычайны флюгер, які перапырхвае туды, дзе наедку болей. І калі заўтра, крый Божа, да ўлады прыйдзе нашая фашыствуючая апазыцыя, гэты лятун пачне страчыць пра перавагі лібэральнай мадэлі эканомікі і захапляцца каршукамі з Вашынгтонскага абкаму!»

Трэба сказаць, што спадара Байнёва, адыгрываючыся за ўсе крыўды на рэжым, за інфармацыйную манаполію дзяржпрапагандыстаў у «рэале» і немагчымасьць даць ім адказ там, калацілі ды лупілі ў суполцы ўсе, каму не лянота. Ад такога струменя нянавісьці чалавек больш тонкай душэўнай арганізацыі ўжо памёр бы ад інфаркту, а яму - ні ў вуху вада. А вось пасьля зьяўленьня на сцэне цёткі Сьветы са сваім асымэтрычным адказам, яго, відавочна, праняло, ён занэрваваўся.

Хто б там ні хаваўся за вобразам цёткі, ён (яна) здолеў(-ла) пераўтварыць іронію, якая звычайна выкарыстоўваецца ў якасьці абарончага мэханізму, у зброю нападу, атрутнае джала. І яно патрапіла ў цэль.

Як на мой погляд, патрапіла таму, што словы цёткі Сьветы, эстэтычна прыцягальныя, вельмі лёгка прыняць за чыстую манету, ня ўбачыўшы другога дна, што часта здараецца з навічкамі ў блогасфэры.

ІМГНЕНЬНЕ, СПЫНЕНАЕ НА ТЫСЯЧУ ГАДОЎ


Артэфактам, які застаўся нам на памяць ад выбараў-2006, стала пахабная вернападданьніцкая песьня «Слухай бацьку», напісаная на замову ў Расеі. Цяперашні выбарчы прыпар таксама спарадзіў песьню, прысьвечаную Лукашэнку (ня будзем зьвяртаць увагі на спробы аўтараў прыдумаць іншага адрасата). Напісаную ў Беларусі, і не на замову, а на покліч сэрца. На першы погляд яна можа падацца рымэйкам песьні чатырохгадовай даўніны...



...аднак гэта толькі на першы погляд.

У адрозьненьне ад «Слухай бацьку» - выказваньня прамога і адназначнага, песьня «Саня, застанься з намі» выклікае розначытаньні. Адным зь першых, каго яна азадачыла і заінтрыгавала быў pavelsheremet: «Я не зразумеў, яны сьцябуцца ці падыгрываюць (Лукашэнку). Дапамажыце разабрацца».

Знайсьці адказ на пытаньне Паўла Шарамета я вырашыў праз дэмакратычную працэдуру галасаваньня. І што аказалася? Усяго толькі 11% тых, хто рызыкнуў самастойна вызначыць сэнс мастацкага твору, успрынялі песьню як «шчыры і бадзёры хваласьпеў». Тым часам як 37% палічылі яе «горкай іроніяй у вясёлай абгортцы». 20% прызналі сваю няздольнасьць спасьцігнуць сэнс без дапамогі моцных напояў, 11% даручылі справу вызначэньня сэнсу песьні адмыслоўцам, прагаласаваўшы за варыянт «хдзе нада, там разьбяруцца».

Гэтая песьня, як на мой розум, каштоўная менавіта сваёй прынцыповай неадназначнасьцю. Яна і тое, і гэтае, і адначасова ня тое, і ня гэтае (як агітацыйныя плякаты Ліпковіча і тэксты цёткі Сьветы). У яе не закладзеная якая-небудзь гатовая ісьціна. Ёсьць толькі схопленая ў вобразе рэчаіснасьць, а ўжо слухач вольны напоўніць гэты вобраз сэнсам і вырашыць, што ён усё-ткі азначае.

Найбольш цікавай мне падалася трактоўка блогеркі dolka777:

«У хрысьціянскай тэрміналёгіі ёсьць паняцьці “нячысьціка паўночнага” і “нячысьціка паўдзённага”. Калі зь першым усё ясна – разгул цёмных сілаў і апатэоз ночы, то з другім складаней. Сонца быццам бы ў зэніце, усё відаць і ясна. Пры чым тут “нячысьцік”. А вось і пры тым, што занадта ўсё ясна, і занадта добра. Тое самае “спыніся імгненьне, ты цудоўнае”, якое было пакладзена ў аснову ўгоды Мэфістофэля з Фаўстам. Што такое спыніць імгненьне? Усё спыняецца, застывае навечна. А застыць навечна – значыць памерці. Вось такую страшную сілу нясе ў сабе нячысьцік паўдзённы: застыць як муха ў бурштыне, панічна баяцца ўсякага руху і зьмены: “Саня, застанься з намі! ” - ні пры чым тут Саня. Саня тут – фараон, які тысячагодзьдзе (хіба менш?) кіруе, і сам ёсьць увасабленьне гэтага застылага тысячагодзьдзя – каменны сфінкс. Ідал стабільнасьці, за які чапляецца зьбяднелая на іёны ёду беларуская народная душа.

І ў гэтай песьні – не іронія над народнай душой, пагатоў не іронія над Саням. Гэта іронія над часам. У якім апатэоз усяго добрага, і пры гэтым - абсалютны параліч жыцьця. А ці так добра тое добрае, паднесенае паўдзённым нячысьцікам? Як жалю годна выглядае гэтая малітва нячысьціку спыніць імгненьне. Вось да чаго мы дайшлі, на жаль. Мы ўсе. Таму – якая тут іронія?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG