Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белыя сьцягі вярнуліся на цэнтральную вуліцу Магілёва


Адразу шэсьць пікетаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на цэнтральнай магілёўскай вуліцы Першамайскай арганізавала сёньня ініцыятыўная група прэтэндэнта на прэзыдэнцтва ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Адзін ад аднаго яны былі за пяцьдзесят мэтраў.

Першамайская заўжды шматлюдная — тут галоўпаштамт, цэнтральны дом быту, дыягнастычны цэнтар, непадалёк унівэрмаг і мноства іншых крамаў. Месца, дзе фронтаўцы разьмясьцілі свае пікеты, акурат насупраць будынку гарвыканкаму.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў зазначаў, што пікеты арганізавалі ня толькі дзеля збору подпісаў:

«Мы вырашылі правесьці такі мэгапікет менавіта побач з гарвыканкамам, каб паказаць і ўладам і насельніцтву, што бел-чырвона-белы сьцяг жывы. Нацыянальныя сымбалі нікуды не падзеліся — яны жывыя. Маладое пакаленьне, якое вырасла за Лукашэнкам, ня ведае, што такое бел-чырвона-белы сьцяг. І мы ім тлумачым. Ажыятаж вакол бел-чырвона-белага сьцягу ўздымаецца. Аднаўляецца цікавасьць. Калі складзецца час, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то, ясна, такіх публічных магчымасьцяў у нас ня будзе. Калі яшчэ ў Магілёве на цэнтральнай вуліцы можна будзе пабач дзясятак нашых сьцягоў? Мы паказваем, што ёсьць партыя БНФ, кандыдат ад партыі БНФ і бел-чырвона-белы сьцяг».

Міліцыі на месцы правядзеньня вялікага фронтаўскага пікету не было. Тым ня менш чалавек у цывільным здалёк здымаў пікетоўцаў на відэакамэру.

Апошні раз на вуліцы Першамайскай пікеты праводзіліся ў 2001 годзе. Імі грамадзкія актывісты нагадвалі магілёўцам пра зьніклых палітыкаў у Беларусі. Пікеты разганяліся.

Мінакі расьпісваюцца за Кастусёва і дыскутуюць з ім.

Пікетны ланцуг.
Чалавек у цывільным здалёк здымаў пікетоўцаў на відэакамэру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG