Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць "Начной Свабоды" – кіраўнік грамадзкага музэю Васіля Быкава ў Горадні Мікалай Мельнікаў. Ён распавядае пра гісторыю стварэньня і працу грамадзкага музэю Быкава.

22 кастрычніка вэтэранская арганізацыя Горадні атрымала ад уладаў ордэр на дадатковы пакой плошчай 25 квадратных мэтраў. Туды будзе перанесена экспазыцыя грамадзкага музэю Васіля Быкава, які цяпер месьціцца ў 13-мэтровым пакоі.

Абламейка: Спадар Мікалай, нагадайце, калі ласка для нашых слухачоў перадгісторыю – як ствараўся музэй і як доўга вам давялося дамагацца памяшканьня для музэю.

Мельнікаў: Музэй быў створаны 7 ліпеня 2003 году на сходзе вэтэранскай арганізацыі пасьля таго, як мы прыехалі зь Менску з пахаваньня Быкава.

Абламейка: Якія экспанаты складаюць аснову экспазыцыі вашага музэю?

Мельнікаў: Кнігі Быкава, кнігі, якія нам падаравалі пісьменьнікі з надпісамі, малюнкі, прадметы, якімі ён карыстаўся, усё тое, што можа зьмясьціцца ў маленькі пакойчык. Калі заходзіш у музэй – такое ўражаньне, што прыйшоў да Быкава.

Абламейка: Ці існуе ў Горадні грамадзкі інтарэс да музэю Быкава? Людзі прыходзяць?

Мельнікаў: Вялікі інтарэс. Музэй працуе па-сапраўднаму.

Абламейка: А як наогул у Горадні ставяцца да Быкава – ці чытаюць творы пісьменьніка людзі цяпер? Ці памятаюць Быкава? Ці ганарацца тым, што ён жыў у вашым горадзе?

Мельнікаў: Чытаюць, калі мы прапагандуем, калі даем кнігі чытаць. Прыходзяць і бяруць у нас. Цікавасьць да Быкава ёсьць. Людзі памятаюць, што Быкаў – гарадзенец.

Абламейка: Цяпер часта даводзіцца чуць спрэчкі наконт таго, які пэрыяд нацыянальнага разьвіцьця перажываюць беларусы. Адны кажуць, што як бы там не было, а нацыянальная сьвядомасьць у незалежнай дзяржаве мацуецца. Іншыя кажуць, што мова беларуская амаль памерла, яе крыніца – вёска – вымірае, што русыфікацыя ахапіла ўсе слаі грамадзтва. А на вашу думку, думку жыхара Горадні, якая цяпер сытуацыя зь беларушчынай?

Мельнікаў: Мова зьнішчаецца. Усё робіцца для таго, каб яна не існавала. Але беларуская мова падтрымліваецца нашым музэем. Мы падтрымліваем беларускую мову праз Быкава, празь яго творы. Мы ведаем, што ён абараняў мову, абараняў Беларусь. Для нас Быкаў – гэта апостал, гэта чалавек, які зрабіў праграму, які вучыць нас як жыць. Ён дапамагае нам абараняць незалежнасьць, нашу беларускасьць.

Слухаць перадачу цалкам:

XS
SM
MD
LG