Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі кандыдатаў зьбяруць 100 тысяч подпісаў?


Ужо тры апазыцыйныя кандыдаты заявілі, што сабралі 100 тысяч подпісаў. Чым цяперашняя выбарчая кампанія адрозьніваецца ад папярэдняй? Наколькі пасьпяхова працуюць ініцыятыўныя групы? Якія магчымыя сцэнары выбарчай кампаніі?


Удзельнікі: журналіст газэты «Беларусы і рынак» Паўлюк Быкоўскі і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Карач.

Паўлюк Быкоўскі
Вольга Карач
Валер Карбалевіч

Асаблівасьці цяперашняй выбарчай кампаніі


Валер Карбалевіч: «Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саньнікаў заявілі, што сабралі 100 тысяч подпісаў. Таксама Цярэшчанка аб’явіў, што дасягнуў гэтай мяжы. А да канца кампаніі яшчэ тыдзень. Відавочна, што гэтым разам подпісы зьбіраюцца больш пасьпяхова. Калі на папярэдніх выбарах толькі тыя ініцыятыўныя групы, якія налічвалі звыш 3 тысяч сябраў, зьбіралі неабходную колькасьць, то цяпер гэтую задачу вырашаюць і групы, зь меншай колькасьцю. Напрыклад, ініцыятыўная група Раманчука налічвае каля 1300 чалавек, аднак вось жа сабрала 100 тысяч. Чым вы патлумачыце гэтае адрозьненьне?»

Паўлюк Быкоўскі: «Трэба пачакаць, пакуль ініцыятыўныя групы не здадуць подпісы. Бо магчыма, што подпісы былі сабраныя з памылкамі. У гэтай кампаніі больш апазыцыйных кандыдатаў, і іх групы прысутнічаюць на вуліцах. Гэта дазволіла прыцягнуць да кампаніі розныя апазыцыйныя групы. І шмат людзей падпісваецца за ўсіх апазыцыйных кандыдатаў. Але сумнеўна, што шматстайнасьць вядзе да перамогі. Але апазыцыя бачна грамадзтву».

Карбалевіч: «Некаторыя экспэрты і палітыкі прыходзяць да высновы, што зьмянілася палітычная атмасфэра ў грамадзтве, яна стала больш лібэральнай».

Быкоўскі: «Зьмяніліся правілы збору подпісаў, яны спрошчаныя. Цяпер ня трэба зацьвярджаць подпісы ў выканкаме, дастаткова, што дакумэнт падпіша сябра ініцыятыўнай групы.

Цяпер міліцыя не перашкаджае вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі на пікетах. Але я не лічу гэтыя зьмены палітычнай атмасфэры рэвалюцыйнымі. Яны больш зьвязаныя са зьменай тактыкі ўладаў».
Людзі такім чынам выказваюць пратэст супраць Лукашэнкі, а не падтрымку апазыцыі.


Вольга Карач: «Актыўнае падпісваньне людзей за апазыцыйных кандыдатаў азначае, што людзі такім чынам выказваюць пратэст супраць Лукашэнкі, а не падтрымку апазыцыі».

Карбалевіч: «А ці не падаецца вам, што прычыны гэтых чэргаў на апазыцыйных пікетах больш простая. Нядаўна Лукашэнка заклікаў грамадзянаў ставіць подпісы ў падтрымку апазыцыйных кандыдатаў, сказаў, што трэба дапамагчы апазыцыйным кандыдатам сабраць подпісы, бо яны, маўляў, слабыя. І людзі ўспрынялі гэта, як дазвол з самага верху, што за гэта нічога ня будзе».

Карач: «Не, я ня згодная з такой вэрсіяй. Лукашэнка сказаў гэта праз пэўны час пасьля пачатку збору подпісаў, калі ўжо зьявіліся чэргі на апазыцыйных пікетах. Гэта была рэакцыя на іх, апраўданьне чэргаў».

Як пасьпяхова працуюць ініцыятыўныя групы?


Карбалевіч: «Як карэлююцца паміж сабой колькасьць ініцыятыўнай групы і колькасьць сабраных подпісаў? Падаецца, што на гэтых выбарах наўпроставая сувязь паміж гэтымі чыньнікамі зьнікла. Не будзем згадваць нават ініцыятыўную групу Гайдукевіча з колькасьцю 10 тысяч сябраў, дзе апынуліся людзі з арабскімі прозьвішчамі. А вось іншы прыклад — ініцыятыўныя групы таго ж Раманчука і Статкевіча прыкладна аднолькавыя па колькасьці. Але ці бачыў хто пікеты ў падтрымку апошняга?»

Быкоўскі: «Калі арыентавацца на заявы штабоў кандыдатаў, то можна зрабіць высновы, што гэтым разам збор подпісаў ідзе лягчэй. Але я ня ўпэўнены, што гэта сапраўды так. Па маіх зьвестках, толькі каманда Някляева шахматным парадкам абышла кватэры ў Менску. А досьвед мінулых кампаній паказвае, што подпісы, сабраныя ў кватэрах, менш утрымліваюць памылак. Бо збор подпісаў у пікетах менш зручны, там людзі сьпяшаюцца. Таму памер групы мае значэньне».

Карач: «Мае значэньне ня толькі колькасьць, але і якасьць. Вось я ведаю, як фармавалася група Раманчука. Там кожны сябра падпісаў паперу аб згодзе на ўдзел у кампаніі. То бок, там людзі матываваныя, у асноўным — сябры АГП.

Мой досьвед абыходу кватэр сьведчыць, што такім чынам збор подпісаў ідзе цяжка. Бо людзі ня ведаюць апазыцыйных кандыдатаў. Выйграе той, хто прыйшоў у кватэру першым. Калі прыходзяць прадстаўнікі другой, трэцяй, чацьвёртай ініцыятыўнай групы, то людзі рэагуюць агрэсіўна, бо назапашаны моцны нэгатыў.

А пікеты — гэта выспы дыскусійнасьці. І стаяць там цяжка. Бо большасьць людзей падыходзяць не дзеля подпісу, а дзеля дыскусій. І некаторыя настроены агрэсіўна, крычаць, абражаюць».

Будучыя сцэнары выбарчай кампаніі


Карбалевіч: «Якія вымалёўваюцца сцэнары далейшай хады выбарчай кампаніі? Колькі чалавек зьбярэ 100 тысяч подпісаў? Лукашэнка паабяцаў зарэгістраваць усіх, хто выканае гэтую ўмову. Што гэта азначае? У чым сэнс тактыкі ўладаў?»
Тыя плюсы, якія атрымала апазыцыя падчас збору подпісаў, не абавязкова будуць мець працяг. Бо апазыцыя ня мае стратэгіі.


Быкоўскі: «Думаю, супернікамі Лукашэнкі будуць некалькі апазыцыйных кандыдатаў. Пазьняк назваў іх «калектыўным Гайдукевічам». Паводле маіх размоваў, ніводны з кандыдатаў не зьбіраецца здымацца ці байкатаваць выбары. Так, апазыцыя стала больш заўважнай. Але з гледзішча абывацеля, адмоўным чыньнікам зьяўляецца тое, што апазыцыя ня здольная дамаўляцца. А Лукашэнка будзе супрацьпастаўляць сябе, як ён будзе казаць, гэтаму тэатру абсурду. Тыя плюсы, якія атрымала апазыцыя падчас збору подпісаў, не абавязкова будуць мець працяг. Бо апазыцыя ня мае стратэгіі.

Карбалевіч: «А якая роля Цярэшчанкі падчас гэтых выбараў? Таксама ніхто ня бачыў, каб яго ініцыятыўная група зьбірала подпісы. А вось ён аб’явіў, што сабраў 100 тысяч подпісаў».

Быкоўскі: «Я асабіста ведаю людзей, якія зьбіраюць подпісы для Цярэшчанкі. Гэтыя людзі раней працавалі на дэмакратычных кандыдатаў. Увогуле, дзякуючы таму, што ЦВК надрукавала сьпісы сябраў ініцыятыўных групаў, мы ўбачылі, што ёсьць людзі, якія працуюць у розных групах. Усё гэта нагадвае фарс. Бо непадобна, што гэтыя людзі змагаюцца за перамогу.

Карач: «Улады разумеюць, што кандыдатам, якія сабралі 100 тысяч подпісаў, немагчыма будзе зьняцца з выбараў, бо шмат зроблена высілкаў. Бо на кандыдатаў ціснуць іхнія каманды. Таму адзінага кандыдата ня будзе, бо няма даверу.

Лукашэнку такая сытуацыя выгадная, бо расьцягвае галасы апазыцыйнага электарату. Не адбываецца мабілізацыі насельніцтва супраць дыктатуры. Таму сумнеўна, што гэтым разам будзе моцная Плошча. У апазыцыі няма адказу на пытаньне, што рабіць далей. І гэтае пытаньне паўстане пасьля выбараў. Думаю, будзе зарэгістравана 6-7 кандыдатаў».

Быкоўскі: «Так, столькі зьбяруць подпісы. Але наколькі гэтыя подпісы сапраўдныя? Таму тут шмат залежыць ад таго, які будзе сцэнар уладаў, як яны строга будуць падыходзіць да праверкі подпісаў».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG