Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывём так сабе. Крызіс во праплылі неяк”


«Беларусь мяжуе зь пяцьцю краінамі. Лепш за каго з суседзяў жывуць беларусы?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадар: «Зь пяці мы на апошнім месцы. Па заробках мы Ўкраіну апярэджваем, а вось што да бізнэсу й усяго іншага — там свабаднейшыя ўмовы. Больш ляяльна да гэтага ставяцца. Палякі! Там Эўразьвяз, там узровень жыцьця вышэйшы за наш. У Расеі — там па-рознаму».

Спадар: «За ўкраінцаў адназначна лепей, дый за Расею, калі не лічыць Маскву й Ленінград. Напэўна, таму, што там занадта шмат свабоды й дэмакратыі — яны рускаму чалавеку абсалютна не патрэбныя. А ва Ўкраіне — там непарадак».

Спадар: «Ня лепш ні за кога. Кажуць, Расея горш жыве. Я вось у Расеі працаваў. Там хто працуе — той жыве. А ў нас працуй, не працуй, усё адно лепей жыць ня будзеш».

Спадар: «За Ўкраіну, напэўна. У іх пакуль там нестабільна. А ў нас нібыта болей-меней. Палякі — тыя зусім Эўропа. Дый Прыбалтыка — там таксама нядрэнна жывуць. У Расеі толькі Масква й Піцер — сталічныя гарады, а так ня дужа таксама».

Спадарыня: «Мне здаецца, што мы лепей за ўсіх жывём. У нас стабільнасьць ёсьць нейкая. Канечне, цэны можна было не павышаць. Затое ў нас спакойна й дарогі добрыя».

Спадар сталага веку: «Дрэнна жывём. На пэнсіі — і працуюць людзі. На Захадзе людзі адпачываюць, а ў нас працуюць. Пэнсіянэрам, якія працуюць, яшчэ й пэнсіі не даплачваюць, бо працуе».

Юначка: «Рускія, мне здаецца, бо чысьціня ў Беларусі. Калі я прыяжджаю ў Расею, там дужа брудна. Але там ёсьць і багатыя, і бедныя. А ў нас сярэднія».

Спадар: «Лепей за Расею — гэта дакладна, бо я там быў і працаваў і ведаю. Масква, так, лепей жыве, а далей — гэта змрок».

Юначка: «Лепей за Ўкраіну мы жывём. Ва Ўкраіне ж сваволя».

Спадарыня: «Мы, беларусы, лепей за ўсіх жывём. У мяне дзьве сястры ў Расеі, дык яны прыяжджаюць, параўноўваюць і кажуць: «У Беларусі нашмат лепей. Неяк беспрацоўя меней».

Юнак: «Лепей за Расею і Ўкраіну. Патлумачыць не магу, аднак часта сяджу ў інтэрнэце. Газэты, канечне, такой інфармацыі не дадуць. Ну, і яшчэ па гутарках, што ў Расеі й Украіне горш. Астатнія ж суседзі лепей жывуць. Яны ж бліжэй да Эўрапейскага Зьвязу».

Малады спадар: «Украіна таксама горш жыве. І Расея. Палякі трымаюцца па-свойму. Ну, ня горш і ня лепш мы жывём. Так, плывём во. Крызіс праплылі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG