Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладзёны з Баранавічаў, актывісты ініцыятыўных групаў Яраслава Раманчука і Мікалая Статкевіча атрымліваюць позвы ў ваенкамат. Яраславу Грышчэню позву ўручылі на пікеце па зборы подпісаў, а Арцёма Ластавецкага запрасілі ў ваенкамат, патэлефанаваўшы ў нядзелю.

Яраслаў Грышчэня, паводле мэдыкаў, мае праблемы са здароўем пасьля аўтамабільнай аварыі, а Арцём Ластавецкі цяпер навучаецца ў Познанскім унівэрсытэце.

Позву Яраславу Грышчэню ўручыла дзяўчына з ваенкамату ў той час, як актывіст зьбіраў на пікеце подпісы за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Міколу Статкевіча і Яраслава Раманчука. Грышчэня мусіць зьявіцца ў ваенкамат 28 кастрычніка на камісію. Яраслаў кажа, што гэта элемэнт ціску:
Я думаю, што гэта спроба напалохаць, магчыма — заняць мяне на некаторы час, адцягнуць ад палітыкі, ад выбараў, але ня больш.


«Забраць у армію мяне будзе надзвычай складана з увагі на стан здароўя. Таму я думаю, што гэта спроба напалохаць, магчыма — заняць мяне на некаторы час, адцягнуць ад палітыкі, ад выбараў, але ня больш».

Арцёма Ластавецкага пэрыядычна выклікаюць у ваенкамат таксама. Студэнту Познанскага ўнівэрсытэту там кажуць, што ён павінен абавязкова прывезьці даведку пра навучаньне ва ўнівэрсытэце. Апошнім разам яму заявілі, што ён ужо павінен пачаць праходзіць мэдычную камісію, кажа Арцём:

«Зь першага лістапада я павінен буду пачаць праходзіць мэдычную камісію. Акрамя гэтага, сёлета я два разы прывозіў даведку з унівэрсытэту паводле запыту ваенкамату. Цяпер мне зноў паведамілі, што калі не прывязу даведкі, то мяне забяруць у армію. Прычым такія выклікі па тэлефоне вельмі частыя. Апошні раз мяне выклікалі ў нядзелю па тэлефоне».

У ваенкамаце актывіста распытваюць ня толькі пра навучаньне, але і пра яго сябраў, кажа Арцём Ластавецкі:

«У мяне пытаюцца пра Яраслава Грышчэню, пра Пятра Розава, пра іх навучаньне. Таму мне падаецца, што, па вялікім рахунку, ваенкамат сёньня — гэта спроба ўзьдзеяньня на актывістаў».

Яраслаў Грышчэня і Арцём Ластавецкі ўваходзяць у склад ініцыятыўных груп Яраслава Раманчука і Мікалая Статкевіча.
XS
SM
MD
LG