Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па выніках збору подпісаў магчымыя партыйныя чысткі


Кандыдат на ўдзел у выбарчай гонцы ад АГП Яраслаў Раманчук 22 кастрычніка прэзэнтаваў журналістам падпісныя лісты з патрэбнымі для рэгістрацыі 100 тысячамі подпісаў. Такім чынам, на сёньня тры апазыцыйныя кандыдаты ўжо заявілі пра выкананьне першай задачы ў выбарчай кампаніі: Яраслаў Раманчук, Уладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў. Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі заяўляюць, што набліжаюцца да патрэбнай лічбы.

Кандыдат ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук сам актыўна зьбірае подпісы за сваё вылучэньне. Ён наведаў шмат гарадоў у розных абласьцях. Сваю кампанію ён назваў "адлюстраваньнем пазытыўных зьменаў у грамадзтве":

Яраслаў Раманчук
"Зьдзівіла тое, што людзі губляюць страх... Самае важнае адкрыцьцё з кампаніі, што людзі, беларускі народ гатовыя да рэформаў, якія мы прапануем. Асноўнае ж нараканьне, якое было да мяне, — чаму цябе не паказваюць па тэлебачаньні?"

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Анатоль Паўлаў заявіў, што за Яраслава Раманчука ўжо сабрана каля 120 тысяч подпісаў, зь іх толькі ў Менску — больш за 40 тысяч. Ініцыятыўная група цяпер вырашае, ці ня варта спыніць збор подпісаў, каб ашчадзіць рэсурсы. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што варта працягваць яго да апошняга дня, асабліва наведваючы тыя рэгіёны, дзе не было актыўнай кампаніі. Паводле спадара Лябедзькі, па выніках гэтай кампаніі сябры АГП, якія працавалі на іншых патэнцыйных кандыдатаў, мусяць вызначыцца, ці застаюцца яны ў партыі.

"Калі яны абышліся ў гэты час бяз партыі, то і партыя абышлася бязь іх. У нас будзе тады матывацыя паглядзець на гэта... Гэта невялікі адсотак, але гэта нас будзе матываваць знайсьці тых людзей, якія будуць невыпадковымі".

У БНФ таксама ёсьць некалькі дзясяткаў чалавек, якія працавалі на іншых прэтэндэнтаў, кажа кандыдат ад гэтай партыі Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў
"Хутчэй за ўсё, пакінем гэта на сумленьні гэтых людзей, якія так сябе павялі. Канечне, я не магу прымаць рашэньне адзін і выказвацца за ўсіх. Будзе паседжаньне Сойму, думаю, што на гэтую тэму мы там паразмаўляем".

Рыгор Кастусёў пакуль ня можа пахваліцца тым, што за ягонае вылучэньне ўжо сабрана 100 тысяч подпісаў, але спадзяецца выйсьці на гэты ўзровень да канца кампаніі. Ягоная ініцыятыўная група ўжо здае падпісныя лісты ў выбаркамы. Спадар Кастусёў тым часам зьбіраецца наведаць шэраг гарадоў у рэгіёнах.

Тым часам сябры ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева сёньня праводзяць акцыю ў замежжы: у Кіеве, Маскве, Варшаве і Вільні яны зьбіраюць подпісы сярод тых беларускіх грамадзян, якія накіроўваюцца цягнікамі ў Менск. За Някляева ўжо сабралі каля 150 тысяч подпісаў і зьбіраюцца працягваць гэтую кампанію да апошняга дня.

Прэсавы сакратар ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў заявіў пра ціск уладаў на іхніх зьбіральнікаў подпісаў, ананімныя тэлефанаваньні актывістам з пагрозамі ў той час, як зьбіральнікі подпісаў за А. Лукашэнку карыстаюцца ўсімі перавагамі адміністратыўнай сыстэмы.

Андрэй Саньнікаў
"Некалькі разоў сябраў нашай ініцыятыўнай групы затрымлівалі падчас збору подпісаў, наш валянтэр правёў амаль суткі за кратамі за тое, што нёс эўрапейскі сьцяг да пікету. Так што мы б не сказалі, што няма парушэньняў падчас кампаніі па зборы подпісаў".

Яраслаў Раманчук, як і іншыя прэтэндэнты, разьлічвае на актыўны і зьмястоўны месяц працы перад рэгістрацыяй кандыдатаў і пачаткам агітацыі:

"Безумоўна, будзе праца зь людзьмі, патрэбная падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў, падрыхтоўка структураў да вельмі актыўнай кампаніі. Па сутнасьці, на яе будзе адведзена тры тыдні. А гэта вельмі мала. Таму ўсё трэба падрыхтаваць, каб з такім магутным рэсурсам дамагчыся 35 адсоткаў у першым туры".

Яраслаў Раманчук перакананы, што ўсе пытаньні наконт каардынацыі дзеяньняў зь іншымі апазыцыйнымі кандыдатамі будуць вырашацца пасьля рэгістрацыі:

"Мы вырашылі, калі былі ў літоўскай амбасадзе, размаўлялі ўпяцёх і пагадзіліся, што калі ўсё гэта будзе пройдзена, мы, безумоўна, сядзем за стол перамоваў. Але гэта павінен быць адкрыты дыялёг, без другога-трэцяга дна і з тымі людзьмі, якія прымаюць рашэньні".

Але ўжо цяпер апазыцыйныя кандыдаты на ўдзел у выбарах прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саньнікаў, Аляксей Міхалевіч і Рыгор Кастусёў выступілі з супольнай акцыяй. Усе яны падпісаліся пад зваротам у абарону менскай пратэстанцкай царквы "Новае Жыцьцё". Ініцыятарам гэтага быў Віталь Рымашэўскі з БХД:

Віталь Рымашэўскі
"Наша супольнае слова і нашая пазыцыя дэмакратычных кандыдатаў можа паўплываць і на пазыцыю Эўрапейскага зьвязу, і на пазыцыю беларускай улады".

Віталь Рымашэўскі кажа, што на гэты час сабраў 75 тысяч подпісаў грамадзян. Вялікая частка тых, хто за яго падпісаўся, — вернікі розных хрысьціянскіх канфэсіяў. Да канца ж кампаніі ён спадзяецца дасягнуць патрэбнага рубяжу. З падобнай заявай выступілі і ў ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG