Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 кастрычніка ў сядзібе БНФ прэзэнтавана кніга журналіста Аляксандра Тамковіча "Лёсы". У ёй — маналёгі 50 выбітных дзеячаў сучаснай Беларусі — палітыкаў, навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі.

Аляксандар Тамковіч — аўтар некалькіх кніг-партрэтаў нашых сучаснікаў, герояў найноўшай гісторыі. Распавядае журналіст Аляксандар Тамковіч:

"У 2006-м годзе я прэзэнтаваў першую частку гэтай кніжкі — "Судьбы". На той момант я блага ведаў беларускую мову. Цяпер зрабіў "Лёсы". І яшчэ "Сямейны альбом" — 472 старонкі. А кніга ўяўляе сабой маналёгі 50 найбольш выбітных людзей Беларусі".

Журналісты ведаюць, як часам бывае цяжка разгаварыць суразмоўцу, знайсьці тэмы, цікавыя чалавеку, прыдумаць нестандартныя, небанальныя пытаньні, якія прымусяць суразмоўцу адкрыцца. Паэт Генадзь Бураўкін — адзін з герояў кнігі "Лёсы", чалавек патрабавальны. Вось што ён распавёў пра працу з Аляксандрам Тамковічам:

Генадзь Бураўкін
"Тамковіч — журналіст таленавіты, журналіст для мяне цікавы, і таму заўсёды з такім чалавекам сустракацца, як кажуць, лёгка і прыемна. Таму што ў ім адчуваеш калегу, як і я сам, журналіст. І ў ім адчуваеш чалавека, у якога багаты духоўны сьвет. У гэтым сэнсе мне зь ім працаваць было лёгка".

Паэт Сяргей Законнікаў — таксама адзін з герояў Аляксандра Тамковіча:

Сяргей Законьнікаў
"Дзякуй Богу, што ён дзе ўзяў інтэрвію, дзе сабраў у кучу — і зрабіў гэтую кнігу. Таму што сапраўды нас вельмі мала — я страшна не люблю слова "эліта". Але вельмі добра, што ён расказвае пра беларускіх людзей, якія нешта зрабілі прафэсійна і ў грамадзкім жыцьці".

У выданьні шмат дакумэнтаў, фатаграфій з асабістых архіваў, альбомаў герояў, кажа Аляксандар Тамковіч.

"52 старонкі адных фатаграфій. Я ўпэўнены, што многім цікава будзе паглядзець, якімі былі ў маленстве Арлоў, Гарэцкі, Хашчавацкі, Бяляцкі альбо Пашкевіч у маладосьці".

Аўтар кнігі Аляксандар Тамковіч распавёў, што працуе ўжо над новымі інтэрвію-маналёгамі, якія ўвойдуць у наступную кнігу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG