Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб здаць падпісныя лісты ў выбарчыя камісіі, у ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта застаецца крыху больш за тыдзень. Як вядзецца гэта праца ў рэгіёнах? Каго апазыцыйныя актывісты вылучаюць ва ўчастковыя камісіі?


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Пляны па зборы подпісаў перавыкананыя

Кіраўнікі берасьцейскіх выбарчых штабаў апазыцыйных палітыкаў адзначаюць, што пляны збору подпісаў выкананыя. Цяпер пачынаецца падрыхтоўка да вылучэньня прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, а таксама да агітацыйнай кампаніі.

Мікалай Коўш
У падтрымку Ўладзімера Някляева на Берасьцейшчыне сабрана 12 530 галасоў. Кіраўнік абласной ініцыятыўнай групы Мікалай Коўш адзначае, што плянавалася сабраць у абласным цэнтры каля 10 тысячаў подпісаў. Пры гэтым нечакана высокія вынікі атрымалі ад пікетаў. На пачатку кампаніі меркавалася, што асноўная ўвага будзе аддадзена акцыі "ад дзьвярэй да дзьвярэй":

"Плян мы перавыканалі. Збор подпісаў пакуль будзе працягвацца, хоць я настойваю на тым, што варта падумаць пра эканомію рэсурсаў, як чалавечых, так і матэрыяльных. Цяпер пачнем працу па вылучэньні прадстаўнікоў у склад участковых камісій".

Заплянаваныя 5 тысяч подпісаў за Яраслава Раманчука ў горадзе над Бугам таксама сабраныя.

Сябры ініцыятыўных групаў пачалі рэгістраваць подпісы ў тэрытарыяльных камісіях. Прадстаўніца ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Алеся Гурына адзначае, што падчас наведваньня тэрытарыяльнай камісіі Маскоўскага раёну Берасьця давялося шмат чакаць, пакуль супрацоўніца праз тэлефон кансультавалася з кіраўніком камісіі:

"Сябра камісіі запісала нашы лісты ў рэгістрацыйным журнале, які выглядае як просты сшытак, прычым без адпаведных штампаў, прашыўкі. Чалавек упершыню ўключаны ў склад камісіі. Яна адзначыла, што ня ведае, што і як рабіць, бо пакуль не было людзей, якія рэгістравалі б подпісы. Але тут незразумелая лёгіка, бо дэмакратычныя сілы прапаноўвалі сваіх прадстаўнікоў, якія маюць досьвед працы".

Сябра АГП Сяргей Магонаў быў уключаны ў абласную камісію. Паводле ягоных слоў, камісіі толькі пачалі працу. Адбылося першае паседжаньне, і цяпер сябры камісій нясуць дзяжурствы, падчас якіх прымаюцца пісьмовыя заявы, скаргі, прыходзяць наведнікі. Адна са скаргаў тычылася асобаў, якія без пасьведчаньняў зьбіралі подпісы за дзейнага кіраўніка краіны. Праўда, урэшце правапарушэньнем гэта не палічылі. Прыходзіла са скаргай і жанчына, якой прапанавалі падпісацца за некалькіх кандыдатаў, кажа Сяргей Магонаў:

"Я патлумачыў ёй, што гэта зусім не парушэньне, заканадаўства зусім не забараняе, а наадварот — дазваляе падпісвацца хоць за ўсіх прэтэндэнтаў. Яна пакінула заяву, таму ў пісьмовым выглядзе атрымае адказ".

Дэмакратычныя сілы пакуль толькі пачалі перамовы наконт вылучэньня сябраў ва ўчастковыя камісіі. Асобна плянуецца ад партыі БНФ вылучэньне каля 100 чалавек.


ВІЦЕБШЧЫНА

На дапамогу клічуць Аляксандра Мілінкевіча

Віцебскія групы патэнцыйных кандыдатаў, якія яшчэ на паведамілі пра здачу 100 тысяч подпісаў, пачалі актыўна здаваць падпісныя лісты.

Самымі першымі былі прыхільнікі Алеся Міхалевіча, распавяла актывістка Тамара Карызна:

Тамара Карызна
"Яшчэ 19 кастрычніка мы здалі подпісы за Алеся Міхалевіча — 2 тысячы ў Першамайскі і Кастрычніцкі райвыканкамы. Першай была, аказваецца, ініцыятыўная група дзейнага прэзыдэнта, а мы былі першыя з усіх апазыцыйных кандыдатаў. Чаму пачалі здаваць подпісы, не трымалі іх у сябе? Таму што людзі падпісваліся за Алеся Міхалевіча сьвядома і мы не баімся ніякіх праверак!"

Каардынатар віцебскай ініцыятыўнай групы Аляксандар Кузьняцоў паведамляе, што ў іх — крыху іншая тактыка. Здаваць подпісы мяркуюць 28—29 кастрычніка, бо адзін з самых інтэнсіўных дзён працы — яшчэ наперадзе:

"У нядзелю да нас прыедзе Аляксандар Мілінкевіч, а мы спадзяемся, што ён нам дапаможа сабраць подпісы за нашага кандыдата Рыгора Кастусёва. Склалася такая сытуацыя, што нам бракуе подпісаў зусім трохі! Спадар Мілінкевіч мяркуе ўзяць удзел у пікеце каля "сіняга дому", і я заклікаю ўсіх далучыцца — паставіць свае подпісы".

Каардынатар групы Мікалая Статкевіча, віцебскі актывіст Аляксей Гаўруцікаў лічыць, што ня варта ані дужа сьпяшацца, ані адкладаць здачу подпісаў на апошнія дні:

Аляксей Гаўруцікаў зьбірае подпісы
"Учора як сябар ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча я здаў у Кастрычніцкую раённую адміністрацыю 64 падпісныя аркушы — 969 подпісаў. Трэба ж і сябе пашкадаваць, і камісіі — ім жа потым гэтыя подпісы правяраць! Дык во няхай і правяраюць".

Пэўны запас часу і сілаў, на думку спадара Гаўруцікава, павінен застацца яшчэ й на вылучэньне дэмакратычных актывістаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі:

"Усе палітычныя структуры вырашылі вылучаць прадстаўнікоў. Але склалася так, што 29 кастрычніка канчаецца збор подпісаў, а 31-га — вылучэньне ва ўчастковыя камісіі. 31-га — гэта нядзеля, так што фактычна вылучэньне ў камісіі мае завяршыцца таксама 29-га, у пятніцу. Мяркую, праблематычна будзе палітычным сілам спалучыць высілкі на гэтых двух этапах. Так што масавым вылучэньне, верагодна, ня будзе".

У Віцебскую абласную выбарчую камісію ўдалося трапіць адзінаму прадстаўніку дэмакратычных сілаў — сакратару абласной арганізацыі партыі "Справядлівы сьвет" Мікалаю Селівашку.

Ягоны аднапартыец з Воршы Мікалай Дзямідаў распавёў, якія пляны на ўдзел у працы ўчастковых выбарчых камісій ёсьць у дэмакратычных актывістаў аршанскага рэгіёну: каля 25 чалавек тут мяркуюць вылучыць у камісіі, аднак у чатыры разы болей — у назіральнікі. На думку спадара Дзямідава, праца назіральнікаў можа быць больш эфэктыўная:

"У камісіі будзем вылучаць 12 чалавек нашых партыйцаў, а ўвогуле — пад 25. Яшчэ тры чалавекі — у Талачынскай акрузе. А назіральнікаў плянуем па чатыры чалавекі на 15-ці ўчастках, а ўвогуле пад 80 назіральнікаў вылучым. Мы хочам, каб ужо на датэрміновым галасаваньні і ў дзень галасаваньня па чацьвёра нашых усіх выбарцаў літаральна па галовах лічылі — бо менавіта падчас датэрміновага галасаваньня адбываюцца самыя буйныя фальсыфікацыі па яўцы".


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Апазыцыя хоча трапіць у кожную ўчастковую камісію

Практычна ва ўсіх рэгіёнах Гарадзеншчыны зьбіральнікі подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў распачалі праверку сабраных подпісаў і амаль паўсюль сьцьвярджаюць, што праблемаў ня будзе.

Амаль усе хвалююцца за тое, як адбудзецца фармаваньне ўчастковых камісіяў, якія насамрэч кантралююць падлік галасоў. Сябры апазыцыйных партый сьцьвярджаюць, што на кожны ўчастак яны будуць прапаноўваць адну ці болей кандыдатур.

Алесь Дзергачоў
Алесь Дзергачоў
, праваабаронца са стажам, ня ўпэўнены, што прадстаўнікоў апазыцыі ўключаць ва ўчастковыя камісіі.

Дзергачоў: "І не дапусьцяць і двух, і трох, і нікога. Мяне ў тэрытарыяльную не ўключылі, і суд не дапамог. Сказалі, што крытэрыі дзеля гэтага могуць быць розныя, іх вызначае выканкам і абскардзіць іх немагчыма, бо яны не прадугледжаныя заканадаўствам".

Кіраўнік Слонімскай раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга кажа, што сёлета зборам подпісаў займалася шмат новых людзей, палітычна не заангажаваных, з рабочых, сялян, якія хочуць у краіне пераменаў. Але падчас праверкі подпісаў высьвятляецца, што памылкі здараюцца зрэдку і яны нязначныя.

Што тычыцца фармаваньня ўчастковых выбарчых камісій, Іван Шэга нагадвае, што ў іх і сёлета ёсьць вопытныя кандыдаты з шэрагаў апазыцыйных арганізацый, якія гатовыя годна працаваць у кожнай участковай камісіі. Аднак ён ня верыць, што ўлады туды іх уключаць.

Шэга: "Гэты спакой цяпер такі — падманлівы. Вось зараз пачнецца фармаваньне камісій — і будзе відаць адразу, як пройдуць выбары. І, на маю думку, калі камісіі будуць сфармаваныя ізноў бязь сябраў апазыцыі, трэба ўсім кандыдатам разам здымацца…"

Уладзімер Круцікаў
Актывіст зь Ліды Ўладзімер Круцікаў, які зьбірае подпісы за Андрэя Саньнікава, — таксама за такую прапанову. Ён кажа, што этап збору подпісаў паказаў відавочную рэч: у Лукашэнкі няма падтрымкі большасьці, і ўлады ізноў сфальсыфікуюць вынікі выбараў, калі ў камісіях ня будзе прадстаўнікоў апазыцыі.

Круцікаў: "Ужо ўсе зразумелі, што ніякія 80% яго не падтрымліваюць. Гэта стала відавочна, асабліва ў горадзе — відавочна. Па тым, як падпісваюцца, у размовах, людзі ўрэшце самі адчуваюць, бо яны ж недзе працуюць, гутараць зь іншымі людзьмі. Але людзі ня вераць, што галасы будуць падлічаныя праўдзіва".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG