Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты год у мястэчку Юравічы Калінкавіцкага раёну вядзецца рэканструкцыя былога езуіцкага кляштара – помніка архітэктуры XVIII. Касьцёл быў зачынены на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва-Вешальніка пасьля здушэньня нацыянальнага-вызвольнага паўстаньня 1863-64 гадоў. Рэканструкцыю меліся закончыць яшчэ летась, але потым перанесьлі ажно на сьнежань 2012 году.

Улады ня маюць грошай, каб аднавіць унікальны турыстычны аб'ект, які даўно залічаны ў так званае “залатое кальцо Гомельшчыны” .

"Вельмі чакаем – ня можам дачакацца"
Інтэлігентнага выгляду юравіцкая кабета кажа, што людзі даўно чакаюць завяршэньня рэканструкцыі гэтага ўнікальнага помніка архітэктуры:

“Вельмі чакаем – ня можам дачакацца. А яны пашпарты аб’екту ўсё мяняюць ды іншыя даты ставяць. У манастыры мала рабочых”.

Жыхарка Юравіч спадарыня Зося, якая жыве побач з былым кляштарам, апавяла, што раней на рэканструкцыі працаваў і ейны муж, але адцураўся:

"Мой Васілёк тут рабіў. Яны б ужо даўно зрабілі, але іх падманвалі – грошай не плацілі. То зь Менску такія былі, фірма нейкая – падманваюць і не аддаюць. З Мазыру былі будаўнікі, дык нікому зь іх наагул не заплацілі грошай”.

Жанчына кажа, што гэтак жа марудна ўзводзіцца й другі турыстычны аб’ект – музэй стаянкі першабытнага чалавека. Экспазыцыя жытла нашых далёкіх продкаў пад празрыстым купалам мае разьмясьціцца ў разрэзе ўзгорка. Тут праводзіліся раскопкі й знойдзена была сэнсацыйная знаходка – галава маманта зь біўнямі:


“Стаянка вось тут, пад гарою. Бачны ступенькі на гару. Маманта адкапалі там. Дык яшчэ музэя няма, там толькі капаюць. Кажуць, унізе, дзе цяпер хаты стаяць, колісь мора было. Яно як перасыхала – маманты прыходзілі сюды ваду піць. І тут паўміралі ўжо, бо не было вады”.

Музэй пад адкрытым небам узводзяць мясцовыя будаўнікі, а езуіцкі кляштар заказчык – прадпрыемства “Гомельрэстаўрацыя” – перадаў на рэканструкцыю Гомельскаму будтрэсту № 27. Былы генпадрадчык – закрытае акцыянэрнае таварыства “Эльвіра” зь Менску – будзе займацца толькі дэкаратыўнай ляпнінай.

Адказны цяпер за працяг рэканструкцыі кляштару прараб Мікалай Крукаў будтрэсту № 27апавёў:

"Мы паўгады не працавалі – зь лістапада мінулага году па сёлетні травень – у сувязі з адсутнасьцю фінансаваньня".
“Мы паўгады не працавалі – зь лістапада мінулага году па сёлетні травень – у сувязі з адсутнасьцю фінансаваньня. Прынялі мы гэты аб’ект ад менскага таварыства “Эльвіра”. Там і мазырскія будаўнікі былі, і хтосьці яшчэ… Зараз справа скранулася – пад дахам ужо цэнтральная частка. Кладку вонкавую практычна скончылі”.

Ад былой Юравіцкай езуіцкай рэзыдэнцыі захаваліся напаўразбураны касьцёл, будынак калегіюму й частка цаглянай агароджы з навершамі вежаў.

Касьцёл быў зачынены на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва-Вешальніка пасьля здушэньня нацыянальнага-вызвольнага паўстаньня 1863-64 гадоў.

Сьведка тых падзеяў Вікарый ксёндз Сенчукоўскі пісаў: “У Юравічы прыбыла сотня казакоў, якія на працягу чатырох гадзінаў секлі сякерамі аўтары ў касьцёле, разьбілі статуі 12 апосталаў і арган…”. Урэшце езуіцкі касьцёл перадалі праваслаўным, і 8 верасьня 1865 году ён быў асьвечаны ў царкву Раства Прасьвятой Багародзіцы.

Цяперашнія беларускія ўлады былы езуіцкі кляштар аддалі Турава-Мазырскай праваслаўнай епархіі, а былы езуіцкі касьцёл узяліся рэканструяваць на бюджэтныя сродкі. Аднак аднаўляецца ён досыць марудна, прычым, даволі дзіўным чынам.

Апавядае адна з прадстаўніц культуры ў рэгіёне, якая не пажадала называць сваё імя:

“Касьцёл звонку будзе як езуіцкі – помнік архітэктуры такі, якім ён быў першапачаткова пабудаваны, а ўнутры – праваслаўны”.

Каб аднавіць толькі касьцёл, патрэбна звыш 18 мільярдаў рублёў:

“Вельмі марудна ўсё гэта ідзе – грошай няма. Ужо рэканструкцыя да 2012 году. А як яно атрымаецца, жыцьцё пакажа. Хаця я была ў Польшчы, там ішла размова пра гэты касьцёл. Дык там казалі: калі б запрасілі сюды каталікоў, яны ўсё б зрабілі самі”.

У XVIII стагодзьдзі пры Юравіцкай езуіцкай рэзыдэнцыі былі музычная бурса, тэатар, бібліятэка, а само мястэчка было надзелена Магдэбурскім правам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG